Свята летняй раніцы

Выходжу на вуліцу, з задавальненнем п’ю здаровае паветра...

Яшчэ прыцемак, і ніводнай душы на вясковай вуліцы, але ж наваколле будзіць птушыны “аркестр”. Некаторыя гэтыя насельнікі нават пяюць усю ноч, такая радасць у іх ад сапраўднага лета, якое поўнасцю ўвабралася ў сілу. Рознагалосы спеў даносіцца з блізкага лесу, нейкая птушка заўзята спявае на сліве, што расце ля самага нашага акна. Галасок у птушкі вясёлы, пералівісты — як жывы званочак. Вось і думаю: птушачка будзіць нас, маўляў, нельга доўга спаць у летнюю пару.

Выходжу на вуліцу, з задавальненнем п’ю свежае, здаровае паветра. З поля, якое пачынаецца адразу за нашай вёскай, даносіцца роўнае гудзенне. Там ужо другі дзень запар косяць траву, такую густую і сакавітую, што глядзець на яе любата. Мясцовая гаспадарка мае вялікі статак кароў, трэба шмат кармоў, кожнае лета іх назапашваюць удосталь. Удзень адтуль плыве ў вёску духмяны водар. Быццам чай, настоены на мностве розных траў і кветак, якія разамлелі ад гарачага і шчодрага сонца.

Раніца празрыстая і свежая, неба чыстае, без адзінага воблачка. Дзень, відаць, будзе пагодлівы. На ўсякі выпадак “правяраю” расу, ступаю на траву босы. Раса буйная і густая — яшчэ адна верная прыкмета на добрае надвор’е сёння. Падворкі памаленьку ажываюць, бо клопатаў у вяскоўцаў шмат, асабліва агародных.

Сонца падымаецца вышэй, залівае святлом небасхіл, рассыпае золата па ўсім наваколлі.

Два мужыкі з суседняй вёскі прыехалі да нас абганяць бульбу. Конь у іх адкормлены, яго бакі аж блішчаць, дужы, не хоча стаяць на месцы, ну, пэўна, засумаваў па сапраўднай рабоце. Гэты конь — адзін у аколіцы, з вясны да позняй восені здорава выручае вяскоўцаў, у тым ліку і дачнікаў. Гаспадар Сяргей, разумеючы такую патрэбу і попыт на цяглавую сілу, нядаўна прыдбаў яшчэ і жарэбчыка. Так што ўзяў на сябе, бадай, самую цяжкую частку вясковай працы: пасадку, абгонку і ўборку бульбы, за што мы яму шчыра ўдзячны. Араты ён адмысловы, чалавек добрасумленны, ніколі нас не падводзіць. Сяргей разуўся, ідзе за канём па разоры басанож. Зямля пасля нядаўняга дажджу мяккая, падатлівая і вельмі тлустая. Таму чорная. Сяргей кожны раз здзіўляецца, як гэта мы, гарадскія жыхары, так змаглі апрацаваць участак, дзе раней расло адно пустазелле. “Дык мы ж нарадзіліся і выраслі ў вёсцы, — кажам. — Вось пад старасць і пацягнула да агарода”. — “Добра, што у вас так атрымалася. Калі да зямлі прывыклі з дзяцінства, дык на ўсё жыццё, па сабе ведаю”.

На агародзе можна нечакана адкрыць для сябе нешта дзіўнае. Градкі, дзе дружна ўзяліся цыбуля і кроп, быццам пад лёгкім блакітным покрывам. Што такое, думаю, і падыходжу да іх бліжэй. Ага, сцяблінкі кропу густа абсыпаны празрыстай расой, у яе кроплях дрыготка зіхацяць сонечныя праменьчыкі. І вось такое спалучэнне зялёнага, празрыстага і сонечнага стварыла на звычайнай градцы дзівосны жывы малюнак.

У вераб’ёў пачынаецца сняданак. Сталоўка — увесь сад: яблыні, грушы, слівы, развесістыя кусты парэчак. Тут пры такой цеплыні мноства розных насякомых, чарвякоў, нават мурашы поўзаюць па ствалах. Але ж два вераб’і, якія жывуць на нашым падворку, паводзяць сябе неяк незразумела. Вось адзін з іх спраўна і хутка скача па галінках грушы, часта дзяўбе. Канешне, ежы многа, і ён хуценька апускаецца на зямлю, учэпіста садзіцца на край бляшанкі з вадой, якую мы з жонкай спецыяльна ставім для птушак.

Верабей раз-пораз нагінае сваю галоўку, п’е з бляшанкі. Потым узлятае, садзіцца на кол, убіты ў зямлю, і займаецца… ранішнім мацыёнам. Спачатку старанна чысціць аб гэты самы кол сваю дзюбку. Потым падымае адно крыло і запускае туды дзюбу, штосьці шукаючы, затым — другое. Чысціць і свой жывоцік. Верабей аж распушыўся ад такога нялёгкага занятку, тым не менш галоўкай круціць ва ўсе бакі. А раптам небяспека? Таму і месца для мацыёну выбраў вельмі зручнае, з якога добра відаць падворак.

Другі ж верабей у гэты момант заняты зусім іншымі клопатамі. Ён без перапынку лётае то на дах нашай хаты са спажывай у дзюбе, то зноў назад, да сліў. З даху даносіцца піск птушанят, мы ведаем, што вераб’і выбралі там сабе ўтульнае месца для гнязда. У красавіку знеслі яйкі, і вось ужо вывеліся птушаняты. Каб іх не трывожыць лішні раз, мы з жонкай ходзім тут вельмі асцярожна, тым больш што сёлета вераб’ёў на нашым падворку літаральна два-тры. Відаць, многа іх загінула ў мінулую снежную зіму, калі цяжка было здабываць корм. Вось толькі чаму такая несправядлівасць у вераб’іным родзе — усяго адна птушка корміць вывадак. Мо, гэта вераб’іная маці, мо, як і ў людзей, дзеці для яе самае галоўнае ў жыцці. А мо, гэтыя вераб’і працуюць па чарзе, бо трэба шмат сіл, каб карміць надзвычай пражэрлівых птушанят, якія пішчаць і пішчаць.

Летняя раніца ў вёсцы — як прыгожае, светлае, чыстае свята. Але яно зусім не бесклапотнае, не. Гэта разумее ўсё жывое…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter