Свята духоўнасці і культуры

У Быхаве будзе працаваць больш як 20 тэматычных пляцовак

Больш як 20 тэматычных пляцовак будзе працаваць у час правядзення Дня беларускага пісьменства ў Быхаве

Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Адной з асноўных пляцовак стане мясцовы стадыён, дзе ўстановяць сцэну і партэр для гледачоў на 2,5 тыс. чалавек. 1 верасня тут адбудуцца ўрачыстае адкрыццё і закрыццё маштабнага мерапрыемства, цырымонія ўзнагароджа-ння пісьменнікаў — пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор, выступленне аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова, канцэрты гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства і артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, перадача эстафеты свята, феерверк. Акрамя таго, на тэрыторыі спартыўнага аб’екта арганізуюць фестываль кнігі і прэсы, дзе будуць прадстаўлены павільёны «Беларуская кніга і прэса», «Праекты Саюзнай дзяржавы», выстаўка «СМІ Магілёўшчыны», пройдуць прэзентацыі маладзёжных СМІ і выдавецкіх праектаў, сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі.

Другой значнай пляцоўкай будзе раённы цэнтр культуры, які расчыніць свае дзверы пасля рэканструкцыі 31 жніўня. У гэты дзень на будынку ўстановы культуры адкрыецца мемарыяльная дошка з барэльефам у памяць аб вядомым ураджэнцы Быхаўскага раёна, заснавальніку тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі, майстры беларускага нарыса Барысе Стральцове. Таксама тут ад-будзецца конкурс маладых чытальнікаў «Жывая класіка», міжнародны круглы стол «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны», навукова-практычная канферэнцыя «Быхаўскія чытанні» і прэзентацыя кнігі «Баркулабаўскі летапіс».

Пляцоўка «З крыніц гістарычнай спадчыны» аб’яднае тэрыторыі сінагогі і Быхаўскага замка. Гасцям свята будзе прадстаўлена гістарычная экспазіцыя з удзелам творчых калектываў, нацыянальных аб’яднанняў, акцёраў Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, тэатралізаваная праграма «Кола гісторыі» і свята «Рыцарскі фэст у Быхаўскім замку».

Кінаманаў чакае спецыяльная праграма ў абноўленым кінатэатры «Радзіма». У год свайго 100-гадовага юбілею і ў гонар Дня пісьменства ўстанова культуры набыла 3D-апаратуру і будзе паказваць «Кіно маёй краіны», праводзіць творчую прэзентацыю Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», тэматычныя акцыі.

Каля гарадскога фантана арганізуюць праект «Магілёўшчына фестывальная», дзе пройдуць дэманстрацыі найбольш вядомых фестываляў рэгіёна. На пляцоўцы духоўнай музыкі адбудзецца свята царкоўнага праваслаўнага песнапення.

Падрыхтавана праграма і для моладзі. У раёне Кастрычніцкай плошчы прагрыміць дыска-акцыя «ДАНС БАТЛейка». На вул. Куйбышава разгорнецца экспазіцыя навучальных устаноў Магілёўскай вобласці. Не пакінуць без увагі дзіцячую аўдыторыю. Для хлопчыкаў і дзяўчынак зробяць пляцоўку творчасці, арганізуюць гульні, вернісаж дзіцячых работ.

«У гасцей Дня беларускага пісьменства застануцца прыемныя ўражанні, — упэўнены спецыялісты. — Мы пастараліся, каб кожны, хто прыедзе ў Быхаў, убачыў нешта новае, цікавае, знайшоў натхненне для будучых арыгінальных праектаў і задумак, якія змог бы рэалізаваць на сваёй роднай зямлі».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter