Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Шматнацыянальны фестываль мастацтваў, прысвечаны Дню Маці, правяла ў Самары суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000”

Свята для матуль

У апошнюю нядзелю лістапада ў Расіі адзначаецца Усерасійскі Дзень Маці. Сёлета Самарская абласная арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” напярэдадні арганізавала і правяла новы вялікі абласны шматнацыянальны дзіцячы і юнацкі конкурс-фестываль мастацтваў “Мама — первое слово, главное слово в каждой судьбе”. Яго ўдзельнікаў і гледачоў прымаў Дом культуры “Победа”, дзе панавала цудоўная атмасфера пяшчоты й цеплыні. Там прайшла вялікая шматнацыянальная канцэртная праграма лаўрэатаў конкурсу-фестывалю — а яго падтрымалі нацыянальныя грамадскія аб’яднанні вобласці, горада, адміністрацыя губернатара, абласны Дом дружбы народаў.

Беларусы Самарскай вобласці сустракаюць гасцей святочнага канцэрта

Па словах прэзідэнта суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірыны Глускай, мама для кожнага з нас — самы дарагі чалавек у свеце. І таму юныя таленты розных народаў, якія жывуць у рэгіёне, адгукнуліся на прапанову арганізатараў, падрыхтавалі цікавыя нумары і паўдзельнічалі ў конкурсе-фестывалі. А саміх матуль у фае Дома культуры дзеці цёпла сустракалі, віншавалі, кожнай дарылі ружы. Дарэчы, спонсарам кветкавай акцыі выступіў Грача Вагінакавіч Хансанамян, старшыня мясцовай Армянскай абшчыны, новы сябар беларусаў Самарскай вобласці. У фае дэманстраваліся жаночыя нацыянальныя галаўныя ўборы: можна было даведацца пра іх гісторыю, традыцыі правільнага нашэння, прымераць любы ўбор і сфатаграфавацца ў ім. А конкурс “Сообрази-ка” дапамог вызначыць самых вясёлых і знаходлівых мам.

Гледачоў, гасцей і лаўрэатаў конкурсу-фестывалю ад імя ўсіх кіраўнікоў этнааб’яднанняў вобласці прывітаў прэзідэнт нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Казахи России” Тактарбай Дусэнбаеў. Было й вітанне ад Дома дружбы народаў. Потым пачаўся вялікі канцэрт. Праз вершы, нацыянальныя песні, танцавальныя кампазіцыі юныя артысты выказвалі любоў да маці, апавядалі пра іх лепшыя рысы. 

Адкрываў канцэрт песнямі, прысвечанымі маці, беларускі вакальны ансамбль “Каданс”: ім кіруе Іна Сухачэўская. А затым дзеткі розных нацыянальнасцяў, гэткія малюткі-артысты з асаблівай выразнасцю выконвалі па ролях верш-прысвячэнне мамам. У чарговы раз парадавала гледачоў Лізавета Глубінец, адна з салістак беларускай суполкі: шчымліва, душэўна спявала песню “Мама-Богомолица”. Пра любоў да бацькоў спявала й Вераніка Кузняцова, салістка гурта “Каданс” — песню “Помолимся за родителей”. 

Бурнымі апладысментамі сустрэлі гледачы дэбютнае выступленне армянска-беларускага дуэта: Розы Цпнецян з Армянскай абшчыны і Марыны Кірылавай з суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Дзяўчаты спявалі песню “Майрык” (“Мама”) на армянскай мове. А далей іншыя салісты спявалі пра маці на татарскай, туркменскай мовах. Што да беларусаў, то, акрамя “Каданса”, у праграме паўдзельнічалі таксама салісткі Арына Камісарава, Алена Арэшына, Алеся Карпаніна, Алена Нагорнава. Хораша выступіў і вакальны ансамбль “Сузор’е”, якім кіруе Алена Кірылашава. 

Святочную шматколерную атмасферу стваралі й нацыянальныя танцы. Выступалі башкірскі ансамбль “Ляйсан”, вучні з казахскай нядзельнай школы, а танец “Русский сувенир” прадставіў калектыў “Мозаика”. Спадабаўся гледачам і вясёлы танец ад гурта “Вдохновение”. Як бачым, этнапалітра свята была шматколернай, а ўся праграма святочнага канцэрта ўмясціла 26 нацыянальных нумароў. Праз такія сцэнічныя дзеі юныя артысты знаёмілі гледачоў з культурнымі традыцыямі сваіх продкаў. А вялі канцэртную праграму Арына Камісарава і Вераніка Кузняцова, салісткі “Каданса”. 

Некаторыя гледачы напісалі ў сацсетках эмацыйныя водгукі. Напрыклад, Андрэй Кірылюк, наш суайчыннік, які жыве ў Самары, віншуе сваю маму, Ніну Васілеўну, якая была на канцэрце, піша: “Калі мама прыехала дадому з канцэрту, то першае, што сказала: “Гэта проста нейкі цуд! Як цудоўна дзеці спявалі й танцавалі! Цудоўны канцэрт!”. Яна мне расказала: хто спяваў, хто танцаваў. Вельмі ёй спадабалася тое, што ўсе нармальныя людзі называюць — дружбай народаў. Гэта калі на адной сцэне — беларусы й чачэнцы, рускія й грузіны, башкіры й кіргізы, армяне й казахі ды прадстаўнікі іншых этнасаў. Вельмі здорава, калі юныя артысты розных нацыянальнасцяў, на розных мовах са сцэны гавораць пра любоў да Маці. Мая мама ў захапленні й ад таго, што ўсім мамам, якія прыйшлі, перад канцэртам уручалі ружы. Вось гэта ж і ёсць — Дружба народаў: без прыхарошвання, без лішняга пафасу”.

У інтэрнэце можна знайсці й цёплы водгук на канцэрт Шырвана Керымава, старшыні Лігі азербайджанцаў Самарскай вобласці. Ён дзякуе беларусам, асабіста Ірыне Глускай за цудоўнае свята: “Вы прадаўжаеце рабіць тое, што ў вас атрымліваецца лепш, чым у іншых. Вы — цудоўны кіраўнік, таму выразна й прафесійна выбудавалі ўзаемадзеянне з адукацыйнымі ўстановамі ў Самарскай вобласці. У вашай суполкі — цудоўны вакальны калектыў, які можа прадстаўляць губерню на любым, нават міжнародным міжнацыянальным фестывалі. Трэба б нам правесці сумесны агульны сход — і там абраць вас капітанам аб’яднанай каманды “БелАЗы”: так беларусы й азербайджанцы вобласці між сабой называюць беларуска-азербайджанскую дружбу”.

Словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да правядзення новага конкурсу-фестывалю, выказала Ірына Глуская: нацыянальным творчым гуртам, салістам, іх настаўнікамі, калегам па грамадскай дзейнасці, Дому дружбы народаў, адміністрацыі губернатара Самарскай вобласці.

Мікалай Бойка

Голас Радзімы № 47 (3551), чацвер, 14 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter