Свята для кожнага

Андрэй Кабякоў наведаў РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў наведаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, што ў Бараўлянах

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» працягвае радаваць маленькіх жыхароў краіны навагоднімі падарункамі. Яна дазваляе дзеткам, якія паспелі ўжо сутыкнуцца з пэўнымі жыццёвымі праблемамі ці хваробамі, адчуць шчыры клопат і падтрымку. А таксама апынуцца ў атмасферы свята, такога чаканага і любімага, атрымаць падарункі.

Зараз у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі знаходзяцца на лячэнні 120 дзетак. Кіраўнік Ад-міністрацыі Прэзідэнта Беларусі прывёз кожнаму з іх салодкія падарункі. Ён прайшоў па аддзяленнях, азнаёміўся з тым, як арганізавана лячэнне і якія яго вынікі. Цяжка хварэючым дзецям Андрэй Кабякоў уручыў падарункі непасрэдна ў палатах. У фае адбылася святочная сустрэча, дзе ўсё было па-навагодняму: пажаданні і віншаванні, Дзед Мароз і Снягурка.

Андрэй Кабякоў перадаў цэнтру тры халадзільнікі і дзве маразільныя камеры, якімі будуць абсталяваны лабараторныя памяшканні.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі — унікальная медыцынская ўстанова, дзе спраўджваецца ўсім добра вядомае выказванне: «Усё лепшае — дзецям». Дзякуючы прафесіяналізму калектыву стала магчымым у разы павялічыць колькасць дзяцей, якія паправіліся, і шчаслівых бацькоў. «Мы выкарыстоўваем у сваёй рабоце міжнародныя стандарты медыцынскага абслугоўвання, дакладную рэгламентацыю дзеянняў урача разам з увагай да кожнага пацыента і клопатам аб кожным з іх. Мы імкнёмся да адной мэты — дапамагчы хвораму дзіцяці стаць здаровым і адаптавацца да жыцця без хваробы. Кожнае наша вылечанае дзіця — гэта наша агульнае шчасце», — падкрэслівае дырэктар цэнтра, доктар медыцынскіх навук, прафесар Вольга Алейнікава.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» распачалася 10 снежня і будзе доўжыцца да 11 студзеня 2013 года. Яе адметнай рысай стаў шырокі ўдзел усяго грамадства. Кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнацкія ўстановы, апякунскія, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя бальніцы і ўручаюць дзецям падарункі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter