Свята бірузовага горада

Не ведаю, як у вас, а ў мяне асабіста кожны горад, у якім хоць раз у жыцці даводзілася бываць, мае свой колер. Мінск, да прыкладу, з дзяцінства падобны да колеру неба, калі ўзыходзіць сонца, — прыглушана-аранжавы, з унутраным залацістым бляскам. Мсціслаў — ізумрудны, бы вымыты дажджом ліпавы ліст. Ярка-жоўтая Масква, тэракотава-цагляная Вільня, сталёва-шэры Берлін, мармурова-ружовы Рым, цёмна-сіні Брусэль, матава-белы Сус, што ў далёкім Тунісе... Усе гэтыя каляровыя ўяўленні, якія пасяляюцца ў свядомасці назаўсёды, з’яўляюцца нечакана, часцей на падлёце ці на пад’ездзе да новага месца, калі яно яшчэ толькі мроіцца сярод далягляду...

Новая сталіца Казахстана Астана спачатку засталася нераспазнанай: самалёт з Мінска ляціць туды праз ноч, і на шляху ў цемры толькі і ўгадваюцца ўнізе вялікія гарады, падобныя на раскладзеныя агромністыя вогнішчы, бы нейкія ідалапаклоннікі моляцца такім чынам сваім невядомым багам. Агні Астаны надзейна схаваў ад цікаўных вачэй абложны лівень (гэта пасля мы даведаліся, дый на сабе адчулі, што падобныя дажджы тут з’ява звычайная, а напачатку моцна здзівіліся, бо ехалі, лічы, у Цэнтральную Азію, дзе павінна быць нябачаная спёка, а тут трэба курткі ды плашчы даставаць). Пакуль ехалі з аэрапорта, развіднела, паказаўся з-за гарызонту акрайчык сонца — нібы і не было паўгадзіны назад хмараў ды залевы: такі ён, рэзка-кантынентальны клімат — і Астана, нарэшце, паказала свой колер. Дзівосна-бірузовы, з пяшчотнымі пералівамі святла. Бы хвалі ласкавага мора, якое неверагодным чынам з’явілася сярод раўнюткага стэпу.

Палёт думкі ў шкле і метале

Пасля стала зразумела, адкуль яно, такое незвычайнае ўражанне. Амаль усе шматпавярховыя гмахі ў горадзе, якія здзіўляюць, а чалавека неабазнанага і шакіруюць разнастайнасцю формаў і канструкцыі, “атынкаваныя” шклом, якое пры дзённым святле набывае такі вось блакітна-бірузовы колер. Вельмі падобны, дарэчы, на колер дзяржаўнага сцяга Казахстана. Пра гэта ні ў кога дасведчанага спытаць не давялося, але, мяркую, не памылюся, калі скажу, што гэта каляровае супадзенне — не выпадковае, так было задумана. Бо ўвесь новы горад сярод стэпу прыдумалі людзі, стварылі яго літаральна за пятнаццаць гадоў, і тут наўрад ці ёсць месца выпадковасці.

Яшчэ ў Мінску, расказваючы пра маладую сталіцу сваёй краіны (беларускіх журналістаў запрасілі на святкаванне Дня сталіцы, які сёлета супаў з яе 15-годдзем), Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалі Булегенаў некалькі разоў спыняўся і гаварыў: “Зрэшты, самі ўсё ўбачыце!”. Яно і праўда: “жамчужыну Еўразіі” трэба ўбачыць хоць аднойчы, каб скласці аб ёй уяўленне. Дзівоснай формы высачэзныя будынкі (самы высокі — 200 метраў), што ствараюць прадуманыя ансамблі, шкло, метал, шыкоўная ілюмінацыя ўвечары — ад усяго гэтага спачатку проста захоплівае дух. Потым, адышоўшы ад першага ўражання, ты спрабуеш аналізаваць убачанае: ці прыгожа гэта, ці не занадта (на наша, памяркоўна-беларускае ўяўленне) гіпербалізавана і... кідаеш гэту безнадзейную справу. Таму што ўсе сумненні перакрэслівае веданне, што ўсе гэтыя дзівосы — справа інтэлекту, таленту і рук звычайных людзей, якія за паўтара дзесяцігоддзі стварылі для сваёй краіны сталіцу, якая цяпер — прадмет іх гонару і, калі хочаце, яскравае выражэнне патрыятызму.

Астана — значыць, сталіца

Яшчэ пятнаццаць год назад на левым беразе ракі Ішым (і ў назве яе, і ў павольнай, але наравістай плыні, здаецца, адчуваецца дыханне зусім недалёкай Сібіры) былі адны толькі дачы жыхароў Акмалы (былога Цалінаграда) — горада, хай сабе і абласнога цэнтра, за гады перабудовы і развалу Саюза даволі-такі занядбанага. Рашэнне прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева, падтрыманае парламентам, зрабіць з Акмалы сталіцу здавалася напачатку амаль невыканальным. Гэта цяпер чыноўнікі розных рангаў з усмешкай успамінаюць, як прыехалі зімой у чысты стэп, у холад з цёплай паўднёвай Алматы (а ў Астане маразы бываюць і па сорак сем градусаў!). А тады ім было не да смеху. Але галоўнае было — пачаць.

Цяпер на левым беразе ракі — шыкоўны горад, які вырас за пятнаццаць гадоў амаль утрая па плошчы і колькасці насельніцтва. І, мяркуючы па ўсім, будзе расці яшчэ хутчэй: у 1998-м тут нарадзілася чатыры тысячы немаўлят, а ў 2012-м — 21 тысяча. Новая сталіца (дарэчы, па-казахску назва і азначае “сталіца”, імя Акмала — “белая магіла” — засталося для падручнікаў гісторыі) прымае буйныя міжнародныя форумы — і палітычныя, і эканамічныя, і спартыўныя. Да прыкладу, штогод тут праходзіць з’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій. Ужо цяпер Астана рыхтуецца да Міжнароднага эканамічнага форуму, які адбудзецца тут праз чатыры гады, у 2017-м, і будзе праходзіць пад назвай “Вялікі шаўковы шлях”. Горад, на які раўняюцца і, што асабліва важна, да ўзроўню якога стараюцца падцягнуцца іншыя рэгіёны Казахстана.

Падарункі з усходнім размахам

Вось у гэты самы горад мы і прыехалі якраз у святочныя дні пятнаццацігоддзя. І адразу спрычыніліся да падарункаў (як, дарэчы, і ўсе жыхары і госці Астаны). Падарункі атрымаліся з усходнім размахам. Тры вечары запар на крытай сцэне, якую размясцілі на Ішыме, на вадзе ўжывую давалі канцэрты класічнай музыкі. Відовішча кожны раз атрымлівалася запамінальнае, часам нават фантасмагарычнае. Уявіце: прама на рацэ аркестр на ўсю моц іграе “Танец з шаблямі”, лупіць такі дождж, што не ратуюць ні дажджавікі, якія выдалі кожнаму, ні парасоны, а на высачэзных дамах на беразе ўключаецца нейкая касмічная ілюмінацыя і змяняецца, здаецца, дакладна ў такт музыцы. Стэпавы парывісты вецер ператварае залеву ў завіруху з кропляў, але ніхто з гледачоў не спяшаецца разыходзіцца, бо калі яшчэ ўбачыш такое!.. А назаўтра на тым жа месцы вечар ужо ласкава-ціхі, прыгожыя моцныя галасы спяваюць з той жа сцэны оперу, а за сцэнай, на вадзе, разгортваецца на экране, ролю якога выконвае вялізны фантан, лазернае шоу. І здаецца, што на хвалях Ішыма прыплыў раптам жывы стэп, па якім імчаць вольныя коні, над якім лунаюць драпежныя птушкі... А ў гандлёвым цэнтры Хан Шатыр (ханскі шацёр, значыць, хоць па мне ён больш падобны на вялізны шалом усходняга воіна), як і належыць на дзень нараджэння, гараджане частаваліся тортам. Усё б нічога, толькі торцік той ні многа ні мала — 600 кілаграмаў, а дзяліў яго сам прэзідэнт Назарбаеў. Пакаштаваць жа гэты кандытарскі цуд маглі ўсе жадаючыя. І, трэба зазначыць, усім хапіла.

Ля таго ж “Ханскага шатра” ў святочныя дні разгарнуліся шатры (а дакладней — юрты) сапраўдныя. Тут праходзіў фестываль качавой цывілізацыі “Тысячагоддзі вакол Астаны”. Вось дзе зацікаўленым еўрапейцам было на што паглядзець! Гучалі аднекуль працяглыя і бясконцыя, як стэп, песні, ездзілі на сапраўдных конях сапраўдныя качэўнікі, ад погляду якіх на міг спынялася сэрца (пэўна, спрацоўвала генная памяць славянскіх жанчын), блішчэлі вачыма вялізныя паляўнічыя птушкі, учапіўшыся кіпцюрамі за скураныя рукавіцы сваіх гаспадароў. Ішоў бойкі гандаль гліняным посудам і чаканнымі ўпрыгожваннямі. І ўсё гэта ў найсучаснейшым горадзе сярод гмахаў ХХІ стагоддзя глядзелася вельмі натуральна. Пэўна, таму што было тут сапраўды на працягу тысячагоддзяў.

А самым вялікім для Астаны і яе жыхароў падарункам стаў новы будынак Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Зроблены з бялюткага сіцылійскага мармуру, аздоблены калонамі вышынёй каля дваццаці метраў, ён сапраўды ўражвае. Унутраная аздоба — ручная работа італьянскіх майстроў, унікальная акустыка, якая рэгулюецца апусканнем і падыманнем тканых панэляў на сценах, глядзельная зала на 1250 месцаў. Апошнія пятнаццаць гадоў на ўсёй еўразійскай прасторы нічога падобнага не ўзводзілася, з гонарам гавораць месцічы. У святочны вечар белы фасад тэатра выкарысталі як вялізны экран і зрабілі на ім 3D-шоу.

І усё ж добра, што ў гэтым прыемным святочным тлуме знайшоўся час пахадзіць па вуліцах незнаёмага горада, пасядзець у невялікім рэстаранчыку, пакаштаваць нацыянальных страў і сапраўдны славуты кумыс. (На смак ён як вясковае перакіслае малако, з гаркавым пахам дыму, бы патыхае ад яго вогнішчамі качэўнікаў з недалёкага стэпу). І нават праплыць на белым цеплаходзіку па Ішыме. Вось менавіта там, калі глядзела на прыгожыя будынкі па абодвух берагах ракі, і прыйшло адчуванне, што ўсё выдатна, але нечага вельмі важнага не хапае. “Неба над Дняпром, што без цябе я?” — загучала раптам у навушніках песня, да якой дагэтуль і не прыслухоўвалася надта. Вось яно, тое, чаго не ставала ў гэтым дзівосным горадзе, — неба над Дняпром, на якое нядаўна любавалася ў Магілёве, над Свіслаччу, якое штодня глядзіцца ў вокны мінскай кватэры...

А да яго было зусім недалёка — нейкія чатыры гадзіны лёту. Мы вылецелі ўранку і з-за розніцы ў часе дагналі раніцу ў Мінску яшчэ раз. На даляглядзе знаёма ззялі ў залацістым яго прыглушана-аранжавыя абрысы. Прызнаюся: мой любімы па жыцці колер.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter