У Жыровіцкім манастыры жывуць тыя, хто хоча быць бліжэй да ісціны

Свой шлях мы выбіраем самі

Хто яны, тыя людзі “не ад гэтага свету”? Што прымушае чалавека жыць за манастырскімі сценамі? Што прыводзіць іх туды: жаданне служыць Богу, хвароба, няшчаснае каханне, безвыходнасць ці проста расчараванасць свецкім жыццём. Гэтыя ды іншыя пытанні я задавала сабе, калі неяк у чарговы раз пачула словы ад чалавека, якога, здавалася, добра ведаю: “Сыходжу ў манастыр”.

Гасцей манастыра ў Жыровічах суправаджаюць ветлівыя, адукаваныя, дасведчаныя экскурсаводы
Гасцей манастыра ў Жыровічах суправаджаюць ветлівыя, адукаваныя, дасведчаныя экскурсаводы

Мае ўяўленні пра манастырскае жыццё, як і ў многіх іншых, фарміраваліся пад уплывам ад прагледжаных кінафільмаў, прачытаных  кніг. Да паездкі ў Жыровічы людзей, якія сышлі ў манастыр, я падзяляла на дзве катэгорыі. Першая — пажылыя, адзінокія, хворыя людзі, якія вырашылі прайсці рэпетыцыю шляху… у Вечнасць, скажам так. Другія — рамантыкі, інтраверты, вельмі крыўдлівыя ці занадта пагружаныя ў сябе:  іх называю людзьмі “не ад гэтага свету”. І таму на тэрыторыі манастыра я не толькі любавалася ўрачыстай дагледжанасцю храмаў, фарбамі абразоў ды прыгажосцю прасветленых лікаў. Цікавілася гісторыяй абіцелі ды як там сустракаюць розных людзей — пра тое быў тэкст у папярэднім нумары газеты. А яшчэ — узіралася, услухоўвалася і спрабавала гаварыць з тымі, хто трапляўся на шляху.

Такім чынам, хто ж яны, сённяшнія наведнікі ды насельнікі Жыровіцкага манастыра?

Паломнікі ці проста турысты?

Іх няцяжка адрозніць, хоць вонкава і падобныя. Але адчуваеш: адны, як і я, прыехалі з цікаўнасці або каб спазнаць нешта новае. Гэта — турысты. Ім цікава ўсё, але патроху. Часам яны шчыра захапляюцца, а часам бываюць абсалютна расслабленыя і нават рассеяныя. Іншыя наадварот: добра ведаюць, куды і навошта прыехалі. Іх маршрут загадзя быў акрэслены лініяй веры. Для іх зусім непрыкметная для звычайнага турыста рэч — каменьчык, кветка, паварот дарогі, ды нават і тое, што  раптам выглянула сонейка з-за хмар — ужо мае пэўны сэнс. Гэта паломнікі. Некаторыя з іх там застаюцца на некалькі дзён.

Семінарысты

Іх часта сустрэнеш, бо на тэрыторыі манастыра размешчана Мінская духоўная семінарыя. Добрыя, прыгожыя хлопцы ў чорных строгіх форменных касцюмах не могуць не прыцягнуць да сябе ўвагу, асабліва маладзенькіх турыстак. Яно і зразумела: жаніхі зайздросныя — не п’юць, не кураць, не распуснікі... І мужы з іх, пэўна, атрымліваюцца надзейныя. У іх пробныя варыянты накшталт “пажыву-пабачу, калі спадабаецца, то пажэнімся” не практыкуюцца. Ды ў маладых турыстак шанцаў пазнаёміцца з будучым святаром няшмат, бо ў манастыры поўна паненак, якім таксама трэба неяк уладкоўваць жыццё. Там ёсць Рэгентская школа (пеўчыя) ды іканапісная майстэрня, дзе ў асноўным набожныя вучаніцы. Дарэчы, семінарысты — гэта не манахі. Многія з іх хочуць да канца навучання ажаніцца, быць пасвечанымі ў святары і атрымаць прыход. Ды не ва ўсіх, кажуць, усё так гладка атрымліваецца.

Пагутарыць з семінарыстамі можна пад час экскурсій па манастыры. Яны з задавальненнем раскажуць шмат цікавага не толькі пра гісторыю абіцелі, але і пра сучаснае жыццё ў семінарыі. Як распавялі нам семінарысты-экскурсаводы, выпадковых  юнакоў там няма. Усе яны з сем’яў вернікаў, таму з дзяцінства наведвалі храм, спавядаліся, прычашчаліся, чыталі шмат духоўнай літаратуры. І паступаюць у семінарыю па перакананнях. Конкурс туды не назавеш вялікім, але адбор вельмі сур’ёзны. Будучы семінарыст павінен мець атэстат аб сярэдняй адукацыі, накіраванне ад мясцовага прыходу і “гарантыйнае пісьмо” ад Мітрапаліта. Малады чалавек праходзіць некалькі гутарак з выкладчыкамі, і толькі пасля таго вырашаецца пытанне пра залічэнне яго ў семінарыю. Па сваім укладзе яна падобная да ўніверсітэта, жыццё семінарыста — да жыцця студэнта ў інтэрнаце. Але ёсць вельмі строгія правілы: дакладна па гадзінах трэба ўставаць, класціся спаць, працаваць, трапезнічаць і ўдзельнічаць у набажэнствах. Скажу па шчырасці: мне падалося, што жыццё семінарыста — не цукар, і наўрад ці чалавек, не гатовы да такой дысцыпліны, працоўнага паслушэнства можа туды трапіць. А тым больш прайсці навучанне.

Манахі

Гэта якраз тыя людзі, якія і ёсць сарцавіна манастыроў. Менавіта з імі і хацелася пагаварыць, задаць пытанні, што мяне хвалявалі. Адзін з насельнікаў Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра — айцец Іаан. У свеце гэта быў Алег Андрэевіч Бембель, літаратурны псеўданім —  Зьніч. Ён з сям’і вядомых скульптараў, народнага мастака БССР Андрэя Бембеля і Вольгі Дзядок. Скончыў дзяржкансерваторыю па класе фартэпіяна, аспірантуру акадэмічнага Інстытута філософіі і права па спецыяльнасці “гісторыя філасофіі”. Выкладаў, быў навуковым супрацоўнікам Навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны. Аўтар шэрагу кніг. Увогуле, вялікі інтэлектуал, можна сказаць, паспяховы чалавек.

Зрэшты, канфлікт з тагачаснымі ўладамі ў яго, пэўна ж, быў: на глебе змагання за беларускую мову. Прынамсі, у кнізе Адама Мальдзіса “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” ёсць такое апісанне з 1980 года: пісьменнік “выцягнуў з-пад стуса рукапісаў сваю сваеасаблівую рэцэнзію на выказванні аб сітуацыі з беларускай мовай, сабраныя філосафам Алегам Бембелем”. Пры тым Караткевіч зачытвае ўрыўкі з рэцэнзіі ды самі некаторыя яркія выказванні і гаворыць: “Вось бачыш, і адзін чалавек многа можа... Кожны павінен з годнасцю несці свой крыж  ... Вядома, ніхто цяпер усяго гэтага не надрукуе. Ды і сырое, сумбурна зроблена — рэдагаваць трэба. А так — карысную работу зрабіў хлопец...”

І вось адбыўся ў жыцці філосафа, паэта, нацыянальна свядомага чалавека круты паварот: у 57 гадоў ён становіцца паслушнікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. З часам стаў інакам Мікалаем,  з 7 красавіка 2014-га ён — манах Іаан.

Айцец Іаан
— Айцец Іаан, вы нарадзіліся ў паспяховай сям’і, напэўна, не ведалі слова дэфіцыт, атрымалі добрую адукацыю, у вас была сям’я — жонка, дачка. Што падштурхнула вас да перамен? Што прымусіла чалавека таварыскага, дзейнага, свецкага сысці ад родных, сяброў “за сцяну”? Расчараванне, безвыходнасць, неразуменне, крыўда ці нешта яшчэ?

— Вы глыбока памыляецеся. У манастыр не сыходзяць ад жыццёвых нягод. Бо якія б яны ні былі, манастырскае жыццё значна цяжэйшае і патрабуе вельмі вялікіх абмежаванняў, “лишений”. Таму і немагчыма сысці ў манастыр, папярэдне не зразумеўшы, для чаго патрэбна манаскае жыццё, не палюбіўшы яго ўсім сэрцам, не палюбіўшы Бога, якому манах прыносіць сябе ў ахвяру.

— Але ж вы раслі у сям’і камуніста і, напэўна, не былі ахрышчаныя. Як прыйшлі да веры?

— А гэта ўжо заслуга маёй цётачкі — Анастасіі Анатолеўны Дзядок, роднай сястры маці. Яна стала для мяне той жывой нітачкай, якая звязала мяне з духоўнасцю. На пачатку 20-х яна паступіла ў Піцерскі інстытут імя Лесгафта і адразу ўступіла ў рэлігійна-філасофскі гурток, якім кіраваў вядомы прафесар Аляксандр Аляксандравіч Майер. Праз некалькі гадоў гурток закрылі, прафесара адправілі на Салаўкі, адкуль ён і не вярнуўся, а студэнтаў — у Архангельскую вобласць, адкуль некаторым, у тым ліку і маёй цётцы, удалося вярнуцца. Напярэдадні вайны яна пераехала ў Мінск і пачала выкладаць тэорыю фізічнага выхавання ў Мінскім інстытуце фізкультуры. Прытым яна хадзіла ў царкву і была пастаяннай падпісчыцай Часопіса Маскоўскай Патрыярхіі. Самыя цікавыя матэрыялы давала і мне пачытаць.
Што да майго бацькі, то і ён выхадзец з рэлігійнай, праваслаўнай сям’і. Хадзіў малым у царкву і нават спяваў у царкоўным хоры на клірасе. У зусім юныя гады ад веры адышоў, скончыў Ленінградскую акадэмію мастацтваў, стаў вядомым скульптарам, грамадскім дзеячам. Вось я і не быў ахрышчаны. А пахрысцілі мяне таемна ў 42 гады на кватэры святара, калі я ўжо быў членам партыі.

— Ды ўсё ж далёка не ўсе вернікі сыходзяць у манастыры... Што ў вас такога адбылося?


— У 80-х гадах я напісаў кнігу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Яна была прысвечана моўнай сітуацыі ў БССР і рэальнаму становішчу беларускай мовы ў СССР. Спачатку я хацеў выдаць яе цалкам афіцыйна, але калі стала ясна, што гэта немагчыма, то пры дапамозе свайго сябра, які жыве ў Польшчы, атрымалася перадаць машынапісны тэкст у Лондан. І ў 1985-м гэтая кніга была выдадзена Таварыствам беларусаў Вялікабрытаніі. Вядома, гэта ўсё не засталося па-за ўвагай органаў дзяржбяспекі. Пачаліся рэпрэсіі, мяне выключылі з партыі, звольнілі з Інстытута філасофіі і права, і аддзел, у якім я тады працаваў, быў цалкам расфармаваны. Так я стаў іншадумцам, вераадступнікам... Але ўсё роўна працягваў публікаваць свае вершы і артыкулы ў самвыдаце — пад псеўданімам Зьніч (Свечка). (Зьнічам, дарэчы, называўся і свяшчэнны агонь, які ўвесь час гарэў на язычніцкіх капішчах нашых продкаў. — Рэд.) Гэта былі мае разважанні над лёсам Беларусі і яе народа. У сярэдзіне 90-х я паехаў у Жыровічы. Наведванне комплексу і зносіны са старцамі манастыра прывялі мяне да думкі прыняць пострыг. Так у 1996 годзе я стаў паслушнікам.

— Мяркуючы па вашым аповедзе, вы — натура бунтоўная. Прыйшлі ў манастыр па падтрымку? Хацелі знайсці тут “мадэль ідэальнага жыцця”?

— Ідэалізаваць манастыры нельга, бо тут вельмі цяжка. Сюды прыходзяць людзі з рознымі характарамі, адукацыяй і звычкамі. Кожны прыўносіць нешта сваё, часам зусім чужое манаскаму ўкладу. І манастыр такіх перавыхоўвае. З тым далёка не ўсе спраўляюцца. Манастыр — гэта духоўная лякарня. Трапляючы сюды, чалавек трапляе ў іншы свет, іншымі вачыма пачынае глядзець на ўсё, што адбываецца з ім і на сваё жыццё.

— Што ўяўляюць з сябе манахі па ўзроставым, адукацыйным, прафесійным складзе?

— Людзі розныя. Жадаючых застацца ў манастыры шмат. Але рэдка хто затрымліваецца: не ўсе адужваюць выпрабавальны тэрмін. Гэта вельмі цяжка. Бо манастыр — гэта не толькі адзінота і прыгожыя набажэнствы. Галоўнае ў манастыры — пакора і паслухмянасць. Мы не можам сказаць “не” або “не хачу”. Чалавек, які жадае застацца ў манастыры, у першую чаргу павінен сябе пераламаць. У тым і ёсць сэнс манаскага служэння. Без гэтых цнотаў, “добродетелей” — пакоры, цярпення, паслушэнства — нічога немагчыма дасягнуць.

Я ўважліва слухала айца Іаана, цікавага суразмоўцу, неардынарнага чалавека. Ён  спалучае ў сабе цэлае сузор’е якасцяў, якія вылучаюць яго сярод іншых. Тады і падумала: манаства — гэта ўсё ж доля абраных. Такі духоўны подзвіг здзейсніць далёка не кожны. Пэўна, не пад сілу гэта і тым, хто не змог знайсці сваё месца ў свецкім жыцці. Бо схавацца ж ад самога сябе і за манастырскімі сценамі не ўдасца. Вядома, адтуль нікога не праганяюць. Але калі ты так і не зразумеў, навошта ідзеш у манастыр, то сам яго вельмі хутка пакінеш.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter