Праверка слыху: дрэвы ўздоўж набярэжнай Свіслачы высякаць не будуць

Свіслач у зялёных тонах

Набярэжную ракі Свіслач рэканструююць да 2020 года. Замест разбітай пліткі і бетону з’явяцца брукаваныя аглядныя пляцоўкі, новыя лесвіцы і агароджы. Разам з тым многіх гараджан сур’ёзна непакоіць лёс прыгожых дрэў і кустоў, якія дзесяцігоддзямі растуць ля ракі і цешаць вока. Хвалююцца, толькі б на іх месцы не з’явіліся адны пянькі. Як зменяцца зялёныя зоны каля Свіслачы, даведалася карэспандэнт «Р».


Доўгачаканы рамонт пачаўся каля Траецкага прадмесця. Адрэзак ад Вострава слёз да вуліцы Багдановіча — больш за 370 метраў. Работа кіпіць на ўсю сілу. Дэманціруюць плітку, капаюць ямы, забіваюць палі. У маіх руках падрабязны план рэканструкцыі. Згодна з ім жамчужына горада будзе цалкам адпавядаць статусу. У планах — умацаваць край набярэжнай, замяніць парапеты, усталяваць пандусы і малыя архітэктурныя формы. І многае іншае.

— Гэта ўсё, вядома, добра. Але што з дрэвамі? Іх зрэжуць або памілуюць? — уголас трывожыцца мінчанка. Надзея Васільеўна ўжо паўстагоддзя жыве непадалёк і ўпэўнена, што дрэвы чапаць нельга. З такім меркаваннем згадзіліся і іншыя прахожыя, якія таксама сталі цікавіцца планамі рэканструкцыі. 

— Лысая Свіслач нам зусім не патрэбная! — падагульніла пенсіянерка.

Адказнасць за лёс дрэў уздоўж ракі ляжыць на плячах УП «Мінск­зелянбуд» і раённых арганізацый. На прадпрыемстве тлумачаць: дрэвы высякаюць у выпадках, калі яны старыя або пашкоджаны інфекцыяй. Стан «хворых» вызначаюць з дапамогай адмысловай аграхімічнай лабараторыі. Прычына гібелі многіх дрэў на Свіслачы зразумелая нават без экспертызы — вінаваты моцны летні ўраган.

— Больш за ўсё стыхія тады прайшлася па Заводскім і Ленінскім раёнах. Паваленыя дрэвы збольшага прыбралі, але работы яшчэ хапае, — расказвае Анжаліка Пузанкова, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі. Дарэчы, праз нейкі час прыбраныя дрэвы зноў вернуцца да месца ранейшай «прапіскі». Праўда, ужо ў зусім іншым абліччы. Каля берагоў Свіслачы з’явяцца незвычайныя столікі, крэслы і лаўкі работы мастакоў-скульптараў па дрэве.

У зонах адпачынку каля ракі высадзяць кусты. Па 10—15 штук на кожнай пляцоўцы. Аднымі з першых ранняй вясной жоўтым агнём заквітнеюць фарзіцыі. Салодкім водарам пацешаць духмяныя язмін і бэз. Высадзяць і кусты спірэі — расліна падыходзіць для жыцця ва ўмовах горада, зімаўстойлівая, хутка расце.

Акрамя запланаваных мера­пры­емстваў, «Мінскзелянбуду» давядзецца добра папрацаваць, каб расчысціць берагі пасля таго, як там «пагаспада­раць» бабры. Дзікія жывёлы па­сяліліся ў мікрараёне Сера­бранка. І дрэвы не шка­дуюць: за ноч гэтыя «лесарубы» могуць паваліць іх адразу некалькі. Аднак папуляцыя баброў не настолькі вялікая, каб займацца яе рэгуляцыяй. Застаецца толькі прыбірацца на гэтым кавалачку «дзікай прыроды».

— Каб не даць ім дзейнічаць маштабна, на многія дрэвы ўсталёўваем адмысловыя металічныя сеткі. Да такіх ствалоў бабры наўрад ці дакрануцца — грызці іх нязручна, — дадае Анжаліка Пузанкова.

Чым далей ад цэнтра горада, тым больш дзікаросаў каля ракі. Іх абавязкова выражуць, запэўніваюць спецыялісты. Зарослыя берагі расчысцяць, каб даць іншым раслінам больш святла. Па той жа прычыне выканаюць і санітарную абрэзку дрэў.

Каб даведацца, у якіх выпадках дрэвы «фарміруюць», звяртаюся ў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Таццяна Шамянкова, начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету, тлумачыць:

— Каля чвэрці зваротаў грама­дзян, што паступаюць у камітэт, звязана з пытаннямі абыходжання з аб’ектамі расліннага свету. Людзі нярэдка трывожацца з-за абрэзкі дрэў. Хачу абвергнуць здагадкі, што спецыялісты гэта робяць «проста так». «Аддзяленне ад дзікарослых раслін іх частак, якое не цягне страту жыццядзейнасці гэтых раслін» дазваляе Закон «Аб раслінным свеце». Каб выдаляць сухія, пашкоджаныя галіны і сукі, прарэджваць крону, надаваць неабходную форму, ніякіх спецыяльных дазволаў не патрабуецца.

Прычыны для абрэзкі дзве: павышэнне эстэтычнай прывабнасці дзікарослых раслін, а таксама ліквідацыя перашкод эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў. І калі ў першым выпадку работы павінны праводзіць спецыялісты-азе­ляні­целі, то ў другім — арганізацыі, якія эксплуатуюць будынкі.

Рэканструкцыя набярэжнай Свіслачы ў самым разгары. Спе­цыял­істы запэўніваюць: нівод­нае здаровае прырэчнае дрэва не будзе пашкоджана.

У тэму


Эколагі прааналізавалі абстаноўку ў прыбярэж­ных зонах Свіслачы і вада­схо­вішча Дразды. У цэлым сітуацыя не выклікае на­раканняў. Тым не менш па­рушэнні ёсць. «У Цэнтраль­ным раёне ўстаноўлены зоны, забруджаныя адхо­дамі жалезабетону, цэглы і ін­шым смеццем. Анала­гічныя парушэнні — у раёне вуліцы Ціхай, а таксама ка­ля былой птушкафабрыкі на Нававіленскай», — расказаў Сяргей Серапін, начальнік аддзела аператыўнага кан­тролю Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэ­сурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Усім, хто «наслядзіў», выдадзены прадпісанні. Калі недахопы не ліквідуюць ва ўстаноўле­ны тэрмін, вінаватых чакае штраф да 50 базавых ве­лічынь. Эколагі працягнуць аб’езды прыбярэжных зон гарадскіх вадаёмаў.

ypopko@bk.ru

Фото автора
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter