Свежына

Калоць свiнчука — гэта не проста работа, падзея. Яшчэ з вечара вастрылiся нажы...

Заўтра будзе свежына. Калоць свiнчука — гэта не проста работа, падзея. Яшчэ з вечара вастрылiся нажы, гатаваўся посуд для лiверу, лавы, дзе будуць раскладваць бялюткае сала, кулi саломы, самае галоўнае – тая самая «швайка», зробленая з «рускага» штыка. Для забойцы яна не проста iнструмент. Гэта як пiка ў iспанскага тарэадора. А яшчэ трэба дамовiцца з памочнiкамi, якiя не праспяць, дапамогуць павалiць кабана на зямлю. Колюць жа свiнчука яшчэ ў прыцемках, калi ранак толькi пачынае прабiвацца праз начны змрок.

Базыль прачнуўся загадзя, яшчэ i пеўнi не гарланiлi, не будзiлi свiтанак. Прайшоўся па двары, прыкiнуў пляцоўку, дзе больш зацiшна, без скразнякоў i ветравых закрутаў, намацаў на сцяне гуменца вяроўку, каб было чым спутаць, стрыножыць жывёлiну. Здаецца, усё гатова. Якраз праз веснiчкi працiснулiся ў двор Янка з Мiхалам.

Мiхал у справе свежавання разбiраецца, проста спец. Ён жа i ёсць той самы вясковы тарэадор, якi заколе сёння тут, а заўтра — дзесьцi ў суседзяў. Чым блiжэй да Каляд, тым больш у Мiхала работы. Любому кабанчыку ён торкне «швайку», што той i не пiсне. Нi крывiнкi лiшняй, нi лямантных мук, каб не чуць якiя, гаспадынi хаваюцца ў глухiя закуткi хаты, затыкаюць вушы. Каму, як не iм, шкада жывёлiну, якую кармiлi, песцiлi, расцiлi.

— На колькi кiль пацягне? – пацiкавiўся Янак, рыхтуючы вяроўку.

— От, з дзвесце, можа, будзе, — мiмаходзь кiнуў Базыль.

— Ладна, палезу стрыножваць.

Янак, як маладзейшы, рынуўся да хлеўчыка, прачынiў дзверы i тут жа зачынiў.

— Ну, Базыль, ну, Базыль. Мабыць, твае вагi сапсавалiся. Тут жа не менш трохсот з гакам. Ростам што цялё. Не хутка ён нам дасца.

— Слухайце, хлопцы. А давайце я са стрэльбы яго звалю. Я збiраўся свайго забiць i кулю добрую з волава адлiў. Га?

Базыль толькi пацiснуў плячыма i глянуў на Мiхала. Маўляў, табе рашаць. Ты ж у гэтай свежавальнай справе галоўны. Той няўпэўнена перамiнаўся з нагi на нагу, прыкiдваў.

— Ну давай, калi добры цалок.

У хвiлiну Янку нiбы ветрам здула са двара, толькi пачулi, як ляснулi аб шула суседскiя варотцы. А во, ужо нясецца назад з бярданкай наперавес. Яму абы не коўзацца па гнаi, не ўгiнацца ад выбрыкаў вепрука. Свiнчук, бывае, лежачы на спiне як спружынiць нагой, як махане, так i глядзi, што шыбане ў галаву цi, чаго добрага, пераб’е руку. А тут «бах» – i ўсё гатова.

Янак пайшоў да хлеўчыка. Базыль жа з Мiхалам наадварот — далей ад стралка, прытаiлiся за вуглом гуменца.

Грымнуў, што гармата, стрэл. Калi ў прыцемках развеяўся сiнi дым, Базыль з Мiхалам убачылi, што Янак качаецца, стараючыся ўстаць з гною доржнiка, а вяпрук, што тарпеда, носiцца па дварышчы.

— Ты што, прамазаў, гаўнюк?

— Ды, здаецца, не. Трапна папаў. Ды толькi не ведаю, чаму не звалiўся. Чуць не пакалечыў мяне, збiўшы з ног. Бач, як папёр.

— Давай лавiць! Дзе вяроўка? Вось даў Бог памочнiка, — бурчаў Мiхал. Самому грымнуць бы ў лоб, каб розум не губляў.

Ачапленнем, распасцершы рукi, рушылi на раз’юшанага кабана, якi стаяў зараз ля плота i трос галавой, толькi маленькiя тлустыя вочы пiльна сачылi за сваiмi крыўдзiцелямi, шукаючы дзiркi ў гэтай жывой сiле!

Хлопцы атакавалi з ходу, ста-раючыся прыцiснуць, звалiць з ног. Ды той зноў ледзь не ўцёк. Моцнае, гладкае, што кругляк, цела выслiзнула з-пад хлапцоўскай навалы i ўжо хацела набраць ход, ды толькi Янак моцна ўчапiўся ў заднюю нагу i зараз валокся па зямлi. Кропку ўраз у гэтай валтузнай справе паставiў спец Мiхал. Яго «торк» аказаўся трапнейшы за Янкавы.

Смалiлi, скрэблi i разбiралi цiха, без размоў. Кожны аналiзаваў, перабiраў ход свежавальных падзей.

Янка маўчаў, збянтэжаны няўдачай. Папасцi папаў, толькi алавяная мяккая куля не прабiла тоўсты лоб, засела, распляскаўшыся ў блiн.

Мiхась жа, пэўна, думаў, што па дурноце амаль не перадаў сваю «спецыялiзацыю» самаўпэўненаму Янку. Цiха, умела аддзяляў кумпякi i лапаткi, паляндвiцы, рэзаў на роўныя шматы бялюткае сала, якое Базыль пяшчотна, як дзяцей-немаўлят, прымаў з яго рук i па-гаспадарску раскладваў на чысцюткiя лавы на сцюдзёным паветры.

Рогат, насмешкi, успамiны, гоман былi за сталом, калi пад прабiраючы нутро келiх «саматужкi» смакавалi пячонку, ласавалiся падсмажаным свежым сальцам з прораззю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter