Светлыя ўзоры на палатне лёсу

Еўдакія Кулікова жыла ў розных месцах, і толькі на Радзіме раскрыўся яе дарУ доме яе шмат вышываных карцін. У чырвоным куце — Божая Маці Казанская, нябесная апякунка горада Калінкавічы, яшчэ абраз насупраць. Маляўнічы куток старажытнага горада. Прыгажун-жарэбчык на зялёнай паляне… У карцінах шмат святла, ад іх праменіць радасць. А лёс самой Еўдакіі Куліковай няпросты.
Вышывальшчыца Еўдакія Кулікова і яе творыЕўдакія Кулікова жыла ў розных месцах, і толькі на Радзіме раскрыўся яе дар
У доме яе шмат вышываных карцін. У чырвоным куце — Божая Маці Казанская, нябесная апякунка горада Калінкавічы, яшчэ абраз насупраць. Маляўнічы куток старажытнага горада. Прыгажун-жарэбчык на зялёнай паляне… У карцінах шмат святла, ад іх праменіць радасць. А лёс самой Еўдакіі Куліковай няпросты.
…Калі яе маці з дачкой і трыма братамі вярнуліся ў роднае Замосце пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў, хаты сваёй не пазналі — так была разбурана. Да таго ж і галадалі. Выжылі, бо хадзілі зімою збіраць журавіны. І летам разам з маці Дуняша, так звалі яе ў сям’і, збірала чарніцы, суніцы, буякі. Браты зрабілі снасць, каб лавіць рыбу на рэчцы.
Сямігодку Еўдакія скончыла ў 1951-м, а далей трэба было неяк зарабляць на жыццё. Пайшла рознарабочай на будаўніцтва, брыгаду яе з часам перавялі ў Львоў, потым Чарнігаўшчына, Караганда. У казахстанскім горадзе і сустрэла суджанага, ён быў з Саратаўскай вобласці. Ажаніліся. Так сталася, што сваіх дзяцей Бог ім не даў, і вырашылі ўсынавіць хлопчыка, ад якога адмовіліся бацькі. “Помню, тэлефануе акушэрка з раддома і просіць, каб прыйшлі з мужам, — узгадвае жанчына. — Вынесла дзіця… Як я ўбачыла яго — сэрца скаланулася. Адразу адчула духоўную блізкасць, нібы нарадзіла сама гэты маленечкі цуд: бялюткі твар і выразныя вочкі. Ад хвалявання не магла слова вымавіць”. Хлопчыка назвалі Алегам. Як падрос, яму родная цётка нагаворвала ўсякае пра прыёмных бацькоў. Сям’я пакінулі Караганду, перабраліся ў Данецкую вобласць. Муж працаваў у шахце, але хутка сям’я і адтуль з’ехала: больш прывабіла радзіма Еўдакіі. У Калінкавічах пабудавалі дом, дзе жанчына жыве і цяпер. Муж памёр, а лёс Алега склаўся шчасліва: ён з сям’ёй жыве ў Калінінградзе і вельмі ўдзячны прыёмным бацькам за выхаванне.
Менавіта ў Калінкавічах Еўдакія Васільеўна адчула ў сабе здольнасці мастака і цяпер у вольны час вышывае карціны. Атрымліваецца вельмі прыгожа, як творы мастацтва. Майстрыха робіць іх надзвычай якаснымі: не знойдзеш на адваротным баку рушніка ці карціны вузельчыка, нітачкі. Увогуле вышыванне патрабуе вытрымкі і стараннасці.
У майстрыхі шмат было выстаў, фэстаў, узнагарод. Вышыла больш за 100 работ і цяпер з ахвотай перадае досвед іншым — суседзі і знаёмыя вучацца ў яе вышываць. Ім цікава не толькі навыкі асвойваць, але і быць побач з майстрыхай, якая, прайшоўшы жыццёвыя выпрабаванні, зберагла добрую і спагадлівую душу.

Пятро Лодкін
На здымку:
Вышывальшчыца Еўдакія Кулікова і яе творы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter