Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Светлы пасыл дабрыні

Мастак Пётр Шарыпа быў “дзіцем вайны”, якая знявечыла ягонае дзяцінства, забрала назаўсёды бацьку. Але душа творцы не агрубела ў тым раннім сіроцтве: ён і ў мастацтве застаўся ўдумлівым, вытанчаным лірыкам.
У майстэрні. 1987 г. Фота: Яўген Шунейка
Чулы педагог і вялікі майстар “рамантычнага краявіду”, які знайшоў сваю індывідуальную маляўніча-пластычную мову — такое вызначэнне даў мастаку адзін з маіх калег. А між тым у біяграфіі творцы — вельмі жорсткі “ваенны” пачатак: “Шарыпа Пётр Пятровіч нарадзіўся 11 красавіка 1942 года ў вёсцы Арашкі Аршанскага раёну Віцебскай вобласці”... Прыпынімся, удумаемся. Вясна як пара надзей, нараджэння — і вайна як увасабленне гвалту, пакуты, болю, смерці... У небе — жаўранкі, а на роднай зямлі — ворагі. Цікава, што елі тады, увесну 42-га ў Арашках (цяпер вёску яшчэ называюць і Заазер’е), пад акупантамі? Наўрад ці хлеб — можа, бульбы трохі заставалася, сушаныя ці мочаныя грыбы, ці шчаўе маладое, а яшчэ — крапіва, сок-бярозавік... І з малаком маці, як кажуць, упітваў хлопчык і страх, і боль душэўны, і пахі небяспекі, смерці. Бо дзе ж ты ад іх у вайну з немаўляткам ды без мужа схаваешся…

Невялічкі фрагмент успамінаў пра перажытае ў вайну амаль 30 гадоў таму са слоў мастака запісаў Яўген Шунейка. Мастацтвазнаўца ў тэксце “Лірык, мастак тонкіх настрояў” (ГР, №47(2033), 19 лістапада 1987 г.) апісвае, як наведаў майстэрню, асталяваную ў невялічкім пакойчыку кватэры творцы. Вось яны разам разглядаюць вялікае палатно “Дзень памяці”, прысвечанае 40-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Даецца апісанне: “На фоне ружовага квітнеючага бэзу тры жаночыя вобразы: летуценная дзяўчынка-падлетак, маладзіца з немаўляткам і журботная бабуля, што ўзіраецца ў пажоўклы франтавы фотаздымак. Яны паэтычна сімвалізуюць радасць адноўленага жыцця, змяшаную з горыччу балючых і незагойных успамінаў пра тых, каго вырвала вайна з кожнай беларускай сям’і”.

Ва ўсіх траіх жанчын былі жывыя правобразы. Пра тое скажам далей. Важныя дэталі згадала Алена Шарыпа, таксама вядомая мастачка, успамінаючы пра бацьку — яго не стала ўвосень 2013-га. Ладзячы сёлета ў Заслаўі, пад Мінскам, выставу памяці да ягоных 75-х угодкаў, яна звярнулася ў рэдакцыю: “Я знайшла ў сямейным архіве нумар газеты “Голас Радзімы” з артыкулам пра бацьку, тады яшчэ адносна маладога мастака: яму было 45... Дысылаю вам фота артыкула”.

Пётр Шарыпа. Развітанне з роднай вёскай. 1992 г.

Адтуль мы й возьмем яшчэ адзін урывак: “— Я перажыў акупацыю на роднай Аршаншчыне зусім маленькім хлапчуком, — успамінае Пётра Пятровіч, — на фронце загінулі старэйшыя мужчыны з нашае сям’і, мой бацька і ягоны брат. Калі набліжаўся фронт, я з маці разам з аднавяскоўцамі хаваліся ў лесе. Там нас нечакана знайшлі фашысты. Яны спалілі зямлянкі, пастроілі ўсіх у адну шарэнгу і ўжо трымалі пад прыцэламі аўтаматаў, але не расстралялі, бо іх стрэлы маглі пачуць партызаны. Гэта і выратавала нам жыццё. Маці, калі прыгадвае, як мы тады цудам не загінулі, заўсёды плача. А я больш памятаю, як прыйшлі нашы воіны-вызваліцелі ў выцвілых ад сонца гімнасцёрках. Колькі радасці было! Летась я напісаў карціну “Цяжкія гады”, навеяную ўспамінамі тых яскравых падзей. На гэтую тэму буду пісаць і далей, бо з часам усё перажытае становіцца асэнсаваным і ёмістым вопытам мінулага, без якога нельга абыходзіцца нашаму сучасніку”.

Колькі тады было хлопчыку? Гады два... Між тым, аналізуючы псіхалагічную “расстаноўку сіл” у той лясной гісторыі са спаленымі зямлянкамі, можна дапусціць, што не партызанаў спалохаліся немцы. Бо чаго ж тады йшлі ў лес? Можа, якраз маленькі Пятрок на руках жанчыны й расчуліў нечае сэрца. І таму смяротны акт не быў учынены. Сёння ж мы ведаем, што й сярод фашыстаў былі людзі... А дзеці ў вайну і сапраўды часам ратавалі бацькоў ад смерці — самім фактам свайго кволага існавання. У прыватнасці, пра тое згадваў у апошнім інтэрв’ю знакаміты ўкраінскі паэт Барыс Алейнік, які памёр сёлета 30 красавіка. Быў родам з 1935-га, з Палтаўшчыны. І ў яго таксама ў вайну загінуў бацька, малады журналіст. Паэт успамінаў: “Калі ў верасні 1941-га немцы падышлі зусім блізка да сяла, мама сказала, што трэба бегчы. Мы прасіліся да нейкай ваеннай калоны. Па дарозе патрапілі пад бамбаванне, нас узялі ў палон. На маме быў польскі касцюм: цёмна-сіні жакет і такога ж колеру спадніца. На шчасце, ад расправы нас уратавала мая знешнасць: мама казала, што ў раннім дзяцінстве я выглядаў гэткім бялявым херувімчыкам. Таму афіцэр-танкіст на абходзе папляскаў мяне па шчацэ і загадаў нас з мамаю адпусціць”.

Педагог Пётр Шарыпа з юнымі мастакамі са школы-інтэрната на пленэры

Што мацней: сіла ці прыгажосць? Вось жа не сіла і грубасць, а безабаронная прыгажосць, можна сказаць, уратавала хлопчыка з маці ад смерці… А калі часам кажуць, што прыгажосць выратуе свет, то варта яшчэ дадаваць: і ўжо даўным-даўно ўсіх нас ратуе. Людское азвярэнне, ачарсцвенне душаў, скочванне ў цынізм і скоцтва — працэс пастаянны, асабліва ж масавы, пэўна, у вайну ці ў небяспечную пару прыўладнай уседазволенасці, лянотнае сытасці. Відаць, бруд і цемра заўсёды, “ад стварэння свету” ўраўнаважваецца памкненнем часткі чалавечай супольнасці — да святла, да ісціны, да справядлівасці й прыгажосці. А той светлы пасыл дабрыні, чысціні, якой поўняцца-праменяцца карціны (пейзажы, нацюрморты, партрэты ў стылі рэалізму) вяскоўца, падранка вайны, сына даяркі  з Аршаншчыны Пётры Шарыпы — ці ж выпадковы? Кожная ж так званая выпадковасць мае свае патаемныя заканамернасці.

У пошуках адказу — хто разбудзіў ягоны талент? — дапамагаюць успаміны мастака. У інтэрнэце знаходзім тэкст, падрыхтаваны Аленай Шарыпай. Дык вось, у Арашках Пётр закончыў пачатковую школу, а ў сярэднюю пайшоў у гарпасёлак Арэхаўск: яго ўзялі да сябе дзядзька з цёткаю. І далей: “Настаўніцай малявання там была Ніна Дзям’янаўна Афанасьева, паходжаннем са старажытнага рускага дваранскага роду, у 1930-я гады высланая з Ленінграда”. Пазней мастак пісаў ва ўспамінах: “Яе кватэра была па суседстве з намі… На сценах — фотаздымкі людзей у даўняй афіцэрскай форме, з тварамі, непадобнымі да нашых сучаснікаў. Але галоўнае — кнігі, неверагодна шмат кніг: у шафах, у скрынях, кнігі старыя, дзевятнаццатага стагоддзя, і выдадзеныя нядаўна, дарэвалюцыйныя часопісы… У той час я многа хварэў, увесь дзявяты клас праляжаў у ложку, і кнігі былі маім жыццём”. У школьныя гады ён рабіў першыя малюнкі з натуры алоўкам, эцюды акварэллю. Некаторы час захапляўся капіраваннем алейнымі фарбамі каляровых рэпрадукцый з часопісу “Огонёк”.

Пётр Шарыпа (у цэнтры) на адкрыцці выставы. 1996 г.

З інтэрнэт-публікацыі пра выставу карцін Пятра Шарыпы, якая ладзілася намаганнямі ягонай дачкі летась да Дня Перамогі ў карціннай галерэі 56-й мінскай школы, даведваемся: некаторыя кнігі па мастацтве, падораныя мастаку Нінай Дзям’янаўнай, зберагаюцца й цяпер — у бібліятэцы Алены Шарыпы. А канчатковае рашэнне “вучыцца на мастака” ў Пётры з’явілася, пэўна, у 10-м класе: тады выкладаць у школу пасля заканчэння Віцебскага мастацкага вучылішча прыехаў Мікалай Кісялёў.

Так што былі ў хлопца на шляху ў мастацтва і “добрая фея”, і таленавіты “чараўнік”. Урэшце выбраў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Мастак закончыў яго ў 1965-м. І нешта штурхала знутры, нібы вясновыя сокі лісточкі ў рост, вучыцца далей. У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, на аддзяленні станковага жывапісу, вучыўся ў майстроў І. Сталярова, П. Крохалева, Х. Ліўшыца, Н. Воранава. А дыпломнай працай мастака кіраваў Май Данцыг. Закончыў БТМІ ў 1974-м — і пачаў актыўна ўдзельнічаць у выставах. “З 1984 года бацька стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў, — напісала нам Алена Шарыпа. — З 1974 па 2012 год выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка — цяпер гэта гімназія-каледж мастацтваў. Сярод ягоных вучняў — мастакі Аляксандр Сільвановіч, Уладзімір Лавецкі, Наталля Белавокая, Ларыса Журавовіч, Алесь Пушкін ды дзясяткі іншых.

Вёска мастака на карціне “Родная зямля” (1989)

Творы Пятра Шарыпы ёсць у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Гісторычна-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Беларускага саюза мастакоў ды ў прыватных калекцыях — як у Беларусі, так і ў замежжы. Некаторыя з іх можна пабачыць у інтэрнэце — пра мастака ўжо ёсць багата ілюстраваны артыкул у Вікіпедыі, які дапрацоўвае дачка. Яна ж напісала: бацька яе стаяў ля вытокаў баларускага Адраджэння канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. Сябраваў з Алесем Марачкіным, быў знаёмы з такімі асобамі, як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч. І ў суполцы мастакоў “Пагоня” — ад моманту яе стварэння.

Юбілейную выставу спадарыня Алена зладзіла сёлета вясной у  Заслаўі. Пяць значных твораў Пятра Шарыпы (адзін з іх і прысвечаны гораду) — у фондах тамтэйшага Музея-запаведніка. Яны й склалі аснову экспазіцыі. На вернісаж 18 красавіка ў асноўным прыйшлі юныя творцы з мясцовай мастацкай школы. “І прамовы ўсе адаптаваліся — для дзіцячай аўдыторыі, але й тое добра!” — з аптымізмам заўважае мастачка.

Лепшым жанравым творам бацькі яна лічыць карціну “Развітанне з роднай вёскай” (1992. Палатно, алей. 140 х 154 см). “Там таксама ёсць узгадкі пра вайну: фотаздымкі і трохкутнік пахаронкі на першым плане, — удакладняе мастачка. — Тры жаночыя вобразы. Старэйшая — мая бабуля Марыя Іванаўна, бацькава матуля, але знешняга падабенства яна не мае: хутчэй зборны вобраз (пэўна, мастак і не імкнуўся зрабіць дакладны партрэт). Маладая жанчына ў лёгкім задуменні ці ў летуценнях-марах — мая маці Людміла, вельмі падобная. І, нарэшце, дзяўчына-падлетак: з шырока раскрытымі вачыма, уся праменіцца святлом, надзеямі і любоўю да жыцця... Кожны раз, гледзячы на карціну, я нібыта пазіраю ў вочы сабе шаснаццацігадовай”. Праўда, у Заслаўі карціны не было, экспанаваліся іншыя дастаткова вялікія палотны з фондаў Музея-запаведніка. “Яны пісаліся ў майстэрні ў выніку разваг і ўражанняў, — расказала дачка. — Я прывезла яшчэ пленэрныя творы са сваёй калекцыі. У іх, на маю думку, найбольш ярка праявіліся тэмперамент мастака, ягоная любоў да прыроды. Выставу рабіла з радаснымі думкамі: хацелася, каб яна была максімальна светлаю, максімальна пазітыўнаю, з вясновым настроем — і яна такою й атрымалася!”.

Мастачка Алена Шарыпа

Дачка з цеплынёю згадвае, што кожную вясну бацька імкнуўся па магчымасці выехаць на эцюды: “Вельмі любіў пачатак вясны, калі яшчэ ляжыць снег — той стан у прыродзе, які Прышвін называў: вясна святла. У красавіку мы ездзілі на радзіму бацькі, пад Воршу. Хадзілі там з эцюднікамі ў лес, часам за некалькі кіламетраў. Там, памятаю, былі бярэзнікі з балотцамі, з лужынамі, з дываном сініх і белых кветак, поўныя гоману птушак. Вось дзе была сапраўдная насалода і радасць жыцця! Бацька ж мой там вырас — у маленькай вёсцы, у атачэнні такой цудоўнай прыроды. Гэта ён навучыў мяне любіць і разумець яе. Не кожны ўмее так бачыць і адчуваць прыгажосць — а яму тое было дадзена ў поўнай меры”.

Шмат эцюдаў напісаў выкладчык Пётр Шарыпа ў паездках з юнымі мастакамі школы-інтэрната: ездзілі на экскурсіі, на пленэры. Былі ў яго камандзіроўкі ў правінцыю — пошукі талентаў для школы. На пленэрных практыках ён пісаў побач з вучнямі. Тонка адчуваў прыгажосць старажытнай архітэктуры, і яна ў яго заўсёды атрымлівалася. Увогуле, па словах дачкі, мастак меў, можна сказаць, апаэтызаванае, такое лірычна-рамантычнае ўспрыманне гісторыі. Напрыклад, па аснове ягоных полацкіх эцюдаў з часам быў напісаны твор “Полацк. Спаса-Праабражэнская царква”.

З жанравых палотнаў на выставе ў Заслаўі была толькі карціна “Родная песня” (“Сымон-музыка”). “Гэта, як і пераважная большасць жаночых вобразаў у творчасці мастака, партрэт маёй маці, — удакладняе Алена Шарыпа. — У “Развітанні з роднай вёскай” таксама на першым плане — я і маці. А фонам на карціне — рэальныя сямейныя фотаздымкі. Бацька ўвогуле трапятліва ставіўся да сямейнай гісторыі, у якой, на жаль, былі й трагічныя старонкі: раскулачванне, калектывізацыя, арышт і расстрэл майго прадзеда… А яшчэ — вайна, пад час якой загінулі мой дзед Пётр і ягоны брат. Ён ашчадна захоўваў дакументы даваенных і ваенных часоў”.

Жаданне ўтрымаць у памяці, увасобіць у вобразах, творах тое, што сыходзіць незваротна — прыкмета чалавека, які дбае пра будучыню свайго народа, Бацькаўшчыны. Бо — з каранёў расце дрэва, і чым вышэй падымаецца — тым мацней за зямлю трымаецца. У бяспамятных манкуртаў няма будучыні… А вясновае вяртанне мастака да вытокаў можна ўспрымаць як своеасаблівую падзарадку “батарэек духа”. Дарэчы, Арашкі (да 1950-х  Заазер’е) родная вёска Пятра Шарыпы, яшчэ трымаецца ў гэтым свеце, хаця, па словах дачкі, у тых мясцінах шмат што змянілася: “У віхурах ХХ стагоддзя зніклі невялікія маляўнічыя вёсачкі й хутары ў наваколлі, як не захавалася й тая хата, дзе прайшло маленства бацькі. Аднак вялікі пласт ягоных успамінаў, развагаў так ці інакш выяўляецца ў ягоных кампазіцыйных творах. І тым не менш, галоўнае ў іх — гэта светлы пасыл”.

Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter