Свет выратуюць кветки

Яшчэ зімою кандыдат сельскагаспадарчых навук Міхаіл Шлома некалькі разоў спрабаваў заінтрыгаваць мяне незвычайнымі “пасядзелкамі” ў Віцебскім гарадскім цэнтры культуры па вуліцы Маякоўскага, 1. Але, як заўсёды ў жыцці бывае, то часу нестае, то ахвоты няма. Нарэшце мне здалося няёмкiм працягваць адмаўляцца. А потым не пашкадаваў.
Мой даўні сябар і вучоны-аграрнік Міхаіл Шлома пры першай нагодзе знаёміць мяне з кіраўніком клуба кветкаводаў Аляксеем Піраговым. Аказваецца, гэта добраахвотнае таварыства аматараў існуе ўжо 17 год. І пастаянна пры Віцебскім гарадскім цэнтры культуры два разы ў месяц па вечарах праходзяць заняткі, калі так можна выказацца, па інтарэсах – кветкаводаў, агароднікаў і садаводаў. Усе ўдзельнікі “пасядзелак” актыўна абменьваюцца вопытам сваёй дзейнасці, дзеляцца насеннем і саджанцамі, праглядваюць відэакасеты аб самым цікавым і новым. Сапраўднымі святамі і “міні-ВДНГ” становяцца выставы — “дні ўраджаю”. Часам сюды прыносяць і прывозяць такія букеты кветак, вырашчаныя на дачных сотках “экзоты”, што яны просяцца ў кнігу рэкордаў! Вось і на гэтых занятках на століках красаваліся свежыя букеты з крокусаў і цюльпанаў. Мяне асабіста прыемна ўразілі яркія фіялетавыя “свечкі” крокусаў. Каб у канцы зімы і пачатку вясны з’явіліся букеты жывых кветак, цыбулінкі крокусаў садзяць у вазонах яшчэ ў канцы жніўня. Такая карпатлівая, поўная цярпення і хвалюючага чакання праца кветкавода-аматара. Заняткі ў клубе вельмі пазнавальныя і не занудлівыя, лекцыі на іх чытаюць прафесіяналы не толькі з абласнога цэнтра, але таксама з іншых гарадоў Беларусі, вучоныя з Мінска. Дакладней, гэта не лекцыі, а жывыя дыялогі, абмен лепшым вопытам, практычнымі здабыткамі. Шмат гучыць пытанняў з залы. А на кожныя заняткі збіраецца ад паўсотні да сотні і болей энтузіястаў. Летняй парой удзельнікі клуба арганізуюць экскурсіі ў кветкавыя гаспадаркі нашай краіны і блізкага замежжа. Для прыкладу, летась адбы-ліся пазнавальныя падарожжы ў Мінск, Калугу і Маскву. Дарэчы, у расійскай сталіцы прынялі ўдзел у міжнароднай выставе “Цветы-2003”. З заняткамi расце ўлюбёнасць да памнажэння прыгажосці як на сваіх маленькіх сотках, так і ў глабальных межах. Пашыраецца кругагляд, паглыбляецца вывучэнне агратэхнікі любімых кветак, іншых культур. А галоўнае – узбагачаецца, напаўняецца незразумелым для “культурнага” абывацеля і сытага таўстасума зместам душа чалавека-творцы. Скажам, адзін з членаў клуба, знакаміты вінаградар Віктар Кухараў свой занятак узнёсла атэставаў як “паэзію вінаграднай гронкі”. І гэта не самаўсхваленне. Дастаткова заўважыць, што Віктар Кухараў з’яўляецца адным з самых слынных “прафесараў” вінаградарства не толькі ў нашай краіне. І нават напісаў пра гэта кнігу, якая стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Ён выпакутаваў яе ўласнымі рукамі і сэрцам, бо асабіста займаецца вырошчваннем каля ста (!) сартоў вінаграду, у тым ліку такіх прывабных і таямнічых, як “восторг”, “виола”, шмат якіх іншых. Нізкі паклон такім людзям, што саграваюць наша жыццё шматколернымі фарбамі і пахамі жывых кветак!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter