Старейшими в Беларуси являются гербы Полоцка и Каменца

Сведкі гісторыі

У кнізе “Сучасная геральдыка Беларусі” Уладзіміра Адамушкі і Марыны Ялінскай — 197 геральдычных сімвалаў абласных гарадоў, раённых цэнтраў і некаторых вёсак Беларусі. Найбольш значныя з гербоў — гістарычныя, якія існавалі ў якасці адметных геральдычных знакаў у мінулым і вярнуліся праз стагоддзі. Вядома, што гербы дараваліся беларускім гарадам вялікімі князямі літоўскімі, каралямі польскімі як абавязковы атрыбут гарадскога самакіравання.

Герб Полацка.
Герб Зэльвы.
Герб Пружан.
Найстарэйшыя ў краіне — гербы Полацка і Камянца. Яны дайшлі да нашых дзён з пачатку XVI стагоддзя. “Старажыламі” таксама з’яўляюцца гербы Брэста, Гомеля, Віцебска, Гродна, Мінска, Ваўкавыска, Высокага, Гарадка, Дзісны, Кобрына, Ліды, Мазыра, Навагрудка і некаторых іншых населеных пунктаў. Пружанам герб дастаўся ў XVI стагоддзі. Яго падаравала гораду дачка Жыгімонта I Старога, каралева польская і вялікая княгіня літоўская Ганна Ягелонка. У срэбным полі намаляваны змей, які трымае ў пашчы немаўля. Цікава, што такая ж выява доўгі час знаходзілася на гербе Мілана.

Другая група гербоў — знакі, народжаныя ўжо ў наш час. Кожны — вынік працы дзясяткаў навукоўцаў, даследчыкаў, архівістаў, краязнаўцаў, музейшчыкаў. Вывучаліся архіўныя дакументы, пісьмовыя крыніцы па гісторыі горада. Пры стварэнні гербоў выконваюцца правілы пабудовы, спалучэння фігур і колераў, якія ўжываюцца ў геральдыцы.

Адным з самых папулярных прынцыпаў стварэння геральдычных сімвалаў з’яўляецца гістарычны. Згодна з ім, у гербе адлюстроўваюцца важныя для горада падзеі, месцы, пабудовы, асобы, легенды і гэтак далей. Напрыклад, на гербе Зэльвы Гродзенскай вобласці намаляваны чорны конь з залатой грывай. Аказваецца, яшчэ у 1720 годзе Зэльва атрымала ад польскага караля Аўгуста II прывілей на таргі і кірмашы. Ужо праз пару дзесяцігоддзяў аб Зэльвенскім кірмашы ведалі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. А асноўным аб’ектам куплі-продажу на кірмашы былі коні.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter