Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

З расійскага Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага ў мінскі Музей Максіма Багдановіча перададзены копіі ўнікальных дакументаў

Сваякі з Ніжняга Ноўгарада

Тыя, хто цікавіўся акалічнасцямі жыцця беларускага класіка Максіма Багдановіча, безумоўна, ведаюць: ягоны бацька, Адам Ягоравіч, быў у блізкім сваяцтве з класікам рускім — Максімам Горкім. У публікацыях апошняга часу, з нагоды рэалізацыі гуманітарнага праекта Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы “Горкі ды Багдановічы”, дэталі таго сваяцтва высвечваюцца такім чынам. Бацька Максіма, беларускі этнограф і гісторык Адам Багдановіч, некалькі гадоў пражыў у Ніжнім Ноўгарадзе. Гэта, нагадаем, адзін з найбольшых гарадоў на Волзе, цяпер — адміністратыўны цэнтр Прыволжскай федэральнай акругі ды Ніжагародскай вобласці. З 1932 па 1990 года ў гонар пісьменніка Максіма Горкага называўся: горад Горкі. Дык вось, там Адам Ягоравіч і пазнаёміўся з Аляксеем Пешкавым, які ўвайшоў у сусветную літаратуру пад імем Максіма Горкага. Паміж сем’ямі ўсталявалася моцнае сяброўства. Да таго ж пасля жаніцьбы Адама Багдановіча на Аляксандры Волжынай, сястры жонкі Максіма Горкага Кацярыны, бацька будучага беларускага класіка і рускі пісьменнік сталі сваякамі.

У расійскіх архівах зберагліся дакументы, якія сведчаць аб цёплых стасунках між сем’ямі Горкага й Багдановіча. Найперш гэта лісты Адама Багдановіча будучай жонцы Аляксандры, яе сястры Кацярыне, Максіму Горкаму. Асноўная частка дакументаў зберагаецца ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага пры Расійскай акадэміі навук. Сёлета ж расійскія навукоўцы перадалі беларускаму боку копіі лістоў Адама Багдановіча да Аляксея Пешкава. У Мінск, у Музей Максіма Багдановіча паступіла звыш 300 копій архіўных дакументаў. І Музей Багдановіча таксама перадаў маскоўскім калегам копіі з сваіх архіўных дакументаў, звязаных з двума пісьменнікамі.

Рыгор Гарэшка

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter