Актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага прыўносяць дух народных традыцый у сучаснае гарадское жыццё

Сваякі далёкія і блізкія

Актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага прыўносяць дух народных традыцый у сучаснае гарадское жыццё


На Дзяды ў іркуцкай суполцы зладзілі багаты стол

Нават ведаючы народныя абрады, бывае няпроста іх сёння праводзіць. Асабліва такія, як Дзяды — шанаванне продкаў. Мы ў Іркуцку, аднак, пакрысе набываем досвед абрадавых дзеяў: з улікам традыцый продкаў і сучасных рэалій. І сёлета Дзяды прайшлі ў нас 1 лістапада. Таварыства сабрала сяброў ва ўтульным офісе, у рэсурсным цэнтры “Горад”. Большасць падыходзілі раней вызначанага часу. Дзе адпачывалі, якія планы… Можна было атрымаць чарговы нумар газеты Маланка”, у якім, дарэчы, адлюстраваны асноўныя летнія справы ІТБК. Прыйшлі навічкі — ім трэба было агледзецца. Віталі адзін аднаго шчырымі абдымкамі, як родныя. І ўсё са словамі падзякі: адны дзякавалі за тое, што іх паклікалі — не забылі, другія — што знайшлі час, далучыліся да грамады. І ў такой, сяброўска-сваяцкай атмасферы ўсеагульнай любові, дружалюбнасці лёгка было нам успамінаць продкаў-дзядоў.

Як вядома, Дзядамі ў беларусаў называюць, паводле даўняй традыцыі, душы продкаў, якія адышлі ў іншы свет. Прычым Дзедам можа быць і стары, і чалавек сярэдняга ўзросту, і нават дзіця, якога не стала. Любы чалавек, які пайшоў з гэтага свету, варты нашай памяці. Увогуле ж у беларусаў Восеньскiя Дзяды — свята сямейнае, хатняе. На Дзяды, накрыўшы стол, запрашаюць продкаў да сябе дадому: каб пагаварыць з імі, пачаставаць, аддзячыць родным людзям, што існуюць у свеце нябачным, за дапамогу і заступніцтва. Паводле традыцый, на Дзяды паміналі ўсіх продкаў, незалежна ад іх месца пахавання. Перад святам чыста прыбіралі хату, вывешвалі чыстыя ручнікі, фіранкі, мыліся ў лазні, дзе пакідалі вядро чыстай вады і новы венік: для душ продкаў. Жанчыны рыхтавалі розныя стравы, засцілалі стол белым абрусам. Бліжэй да вечара ўсе сваякі, далёкія і блізкія, збіраліся ў хаце  самага старэйшага з роду. Гаспадар дома запальваў свечку, прагаворваў рытуальныя словы і запрашаў усіх Дзядоў на вячэру. Перад тым у хаце адчыняліся ўсе дзверы: каб продкі маглі заходзіць і садзіцца за стол. Прыступалі да стравы — і  частку яе адкладалі на адмысловую талерку для духаў. Лік страў на стале можа быць розным, але абавязкова няцотны і не менш за пяць. Кожная страва падавалася парна ў цотнай колькасці: калі 7 страў, то на 14 талерках. І так “ураўнаважвалася” сітуацыя, калі не павінны быць у крыўдзе ні жывыя, ні памерлыя. На ноч стол не прыбіралі: пакідалі ежу Дзядам. Пад час святочнай вячэры дазвалялася гаварыць толькі пра Дзядоў: згадвалі іх жыцці, асобныя выпадкі, рысы характару, прыгадваліся іх словы і павучанні, мудрыя парады і добрыя справы. Успаміналі лепшае ў памерлых сваяках, тыя ўчынкі, якімі могуць ганарыцца нашчадкі. Пачыналі размовы з аповеду пра найстарэйшага і найвядомага продка і заканчвалі ўспамінам пра памерлых нядаўна. Так рабілі штогод, перадаючы ўсю інфармацыю дзецям і ўнукам.

Цяпер мы рэдка знаходзім агульных продкаў, нават маючы агульнае прозвішча: памяць кароткая. І ўвечары дома ў сямейным коле ўспомнім свае чатыры-пяць каленаў роду. А вось у коле суполкі мы кожны год успамінаем слаўных сыноў Беларусі. Дзеля таго, каб атмасфера была сваяцкаю, мы ўпрыгожылі  чырвоны кут у нашым офісе ручнікамі, стол пацерушылі сенам, заслалі на яго белы абрус. І тады выставілі беларускія стравы —іх паводле папярэдняй дамоўленасці згатавалі жанчыны. Паставілі свечку. А запаліў яе рытуальны агонь Леанід Ільіч Лабейка, які калісьці ў Іркуцкую вобласць прыехаў на будоўлю стагоддзя — калі ўзводзілі Брацкую ГЭС. І пачаліся ўспаміны. Згадалі найперш тых, каго не стала за апошні год, ушанавалі іх памяць маўчаннем.

Сёлета супольныя Дзяды мы прысвячалі малавядомым старонкам гісторыі: беларускім кампазітарам. Бо імёны сучасных творцаў у многіх на слыху, я як сыходзяць яны, то і забываюцца. А ёсць жа ў нашай культуры такія імёны:  Міхал Казімір Агінскі, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Леў Абеліёвіч... Гісторык Аляксей Кухта і аматар гісторыі Валера Казак, актывісты ІТБК, цікава расказвалі пра іх. Гэтая частка абраду мела назву: “Беларуская класічная музыка. Дзяды-2015” і прысвячалася 250-м угодкам знакамітага Міхала Клеафаса Агінскага. А гаспадынькі Надзея Ярмошкіна, Таццяна Сіпакова, Галіна Данілава, Святлана Бастракова, Алена Трацэнка, Ганна Радзівонава накрылі стол: толькі беларускія традыцыйныя стравы. Былі ж на ім калдуны, аладкі, блінцы, кісель, куцця, пызы, дранікі, капыткі, ды яшчэ сала з бульбаю. І сядзелі за святочным сталом “прадстаўнікі ўсіх чатырох пяцігодак ІТБК”, ну і, пэўна ж, Дзяды між намі. І па ўзросце розныя: ад старога да малога. А на заканчэнне рытуала мы сказалі: “Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!”

Мне як кіраўніку суполкі падаецца добрым знакам, што ёсць у нас і пераемнасць пакаленняў, і павага да мінулага, і памкнёнасць у будучыню. Гэта надае сілы ісці наперад! Дзякуй, сябры, за дапамогу, за самастойнасць, за прапановы. Усе мы разам — свае людзі, а значыць сваякі. І зробiм яшчэ шмат цікавых і карысных спраў. Толькі хай Дзяды нам спрыяюць ды даўжэй нас да сябе чакаюць.

Алена Сiпакова, кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага

Голас Радзімы № 43 (3451), чацвер, 19 лістапада, 2015 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter