«Врачи сказали, что после такого не выживают»: 19-летний Ваня Сеген рассказал, как ему живется после тяжелейшей электротравмы

Свая галава на плячах

У адзін з марозных дзён лютага 2017 года чатыры падлеткі з Давыд-Гарадка яўна сумавалі. Яны вырашылi правесці час на тэрыторыі ачышчальных збудаванняў — у гэтакім упадабаным мясцовай моладдзю месцы адпачынку. Старэйшы з таварышаў узабраўся па вонкавых сходах на другі паверх будынка трансфарматарнай падстанцыі напружаннем 110 кВ і прабраўся ўнутр. А далей адбылося тое, што нiкому не хочацца ўспамiнаць. Выбух — і хлопца шпурнула ў бок ударнай хваляй. Прачнуўся ён ужо ў рэанімацыі. Цела яго было амаль цалкам абпечана токам, а паловы чэрапа не хапала. Частка цемянной косткі адляцела на некалькі метраў убок.

Іван Сеген: «Нават зараз там вароты адчыненыя — я часцяком праязджаю міма месца сваёй трагедыі па дарозе на рыбалку».

Калі не хацелася жыць


Апошні раз бачыла Ваню Сегена больш за год таму на аперацыйным стале РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Тады ўрачы па крупінках аднаўлялі яго чэрап пасля сур’ёзнай электратраўмы. Сёння ж еду ў напрамку Давыд-Гарадка амаль пяць гадзін у душнай маршрутцы, каб даведацца пра стан здароўя хлопца і паглядзець, як ён жыве зараз і чым займаецца. Выходжу насупраць гарадской паліклінікі, дзе мяне сустракае яго маці Ганна Іосіфаўна і праводзіць да вясковай хаты:

— Ванька ў нас малодшы ў сям’і. Два яго старэйшыя браты і сястра ўжо кожны сваім жыццём жывуць. Атрымліваецца, Ваня — галоўны мой памочнік. А зараз сезон распачаўся, дык спраў шмат: то агарод, то рамонт у кватэры задумалі…

Вітаюся са схуднелым на добры дзясятак кіло хлопцам — пасля бясконцых паходаў па бальніцах Ваня зноў пачаў займацца спортам. Да траўмы ён некалькі гадоў запар трымаў першае месца па бегу ў Столінскім раёне, займаўся валейболам і лёгкай атлетыкай. Зараз жа стараецца кожны дзень цягаць гантэлі ці бегаць, аднак у групавыя віды спорту накшталт футбола цi баскетбола яму не згуляць больш ніколі. Невядома, што будзе, калі мячык пападзе ў галаву.

— Захацелі з таварышамі ў хованкі пагуляць і пайшлі на наша звычайнае месца. Туды заўсёды ўсе мясцовыя хлопцы бегаюць, каб палазіць па вышках і зняць пра гэта відэа на мабiльны. Нават зараз там вароты адчыненыя — я часцяком праязджаю міма месца сваёй трагедыі па дарозе на рыбалку, — прыгадвае не самыя прыемныя моманты ў сваiм жыцці Іван. — Я тады прыняў дошку ля ўвахода, зайшоў усярэдзіну — і ўсё, больш нічога не памятаю. Прачнуўся ўжо на стале ў рэанімацыі. Урачы сказалі, што пасля такога ўвогуле не выжываюць.

У рэанімацыі Ваня пасябраваў з медыкамі, нават дагэтуль падтрымлівае з імі сувязі.

Маці хлопца дагэтуль працуе санітаркай у Давыд-Гарадоцкай бальніцы. Калі з яе малодшым сынам здарылася бяда, яна якраз дзяжурыла. У той дзень пасля абеду адчувалася нейкая мітусня ў аддзяленні хуткай дапамогі, аднак ніхто з медперсаналу так і не адважыўся паведаміць непрыемную навіну маці. Даведалася Ганна Іосіфаўна пра стан сына толькі тады, калі яго са Столінскай бальніцы забралі ў Брэсцкую рэанімацыю.

— Паехала я ўжо ў абласную рэанімацыю на другі дзень. Мяне не хацелі пускаць, атрымалася толькі паглядзець на сына ўсяго некалькi хвілін. Карцінку ўбачыла я страшную: ляжаў ён увесь у бінтах, як мумія, ацёчны. Нічога не бачыў, бо вочы таксама ацяклі. Толькі вялікі палец на руцэ падняў уверх — так паказаў, што ўсё будзе добра, — па шчацэ маці скацілася буйная сляза. — Аказалася, калі хлопца толькі прывезлі, ім займаліся ў аперацыйнай дванаццаць урачоў: і неўрапатолагі, і сасудзістыя хірургі, і кардыяхірургі — было спыненне сэрца. На месцы прыйшлося злучаць сасуды, так мог бы і без рукі застацца…

Па словах хлопца, самае цяжкае ў рэанімацыі — чакаць. Прызнаецца, што спачатку момантамі нават жыць не хацелася. Дзень пачынаўся з аперацый, потым — перавязкі, а пасля проста ляжыш і глядзіш на столь. І так па крузе.

— Балюча было першы раз станавіцца на ногі: бінты папрыліпалі да скуры, ногі трэба разгінаць. Спачатку цяжка было рабіць практыкаванні, займацца з інструктарамі ЛФК, а потым нават не плакаў, — расказвае пра нешчаслівы час хлопец. — Насамрэч, на той момант я не ўсведамляў, што мог памерці, заставаўся ў добрым настроі і жартаваў нават у рэанімацыі. Можа, станоўчая энергія і дапамагала папраўляцца.

Пасля двух месяцаў у абласной рэанімацыі Івана перавялі ў апёкавае аддзяленне. Не дзіва: 30 працэнтаў цела пацярпелага пакрывалі тэрмічныя апёкі 1—4-й ступені. Хлопец перажыў 16 аперацый па перасадцы скуры — пацярпелі спіна, рукі, ногі, верхнія дыхальныя шляхі.


Узяліся за галаву


Пасля ўсіх выпрабаванняў медыкі адпусцілі Івана дадому, аднак асноўная праблема з яго здароўем засталася нявырашанай: пасля электраўдару хлопец застаўся без паловы чарапной каробкі, якая да гэтага надзейна прыкрывала галаўны мозг і абараняла яго ад пашкоджанняў. Акрамя касцявой тканкі, быў пашкоджаны ўчастак скуры каля 200 квадратных сантыметраў, а таксама падскурная клятчатка, апанеўроз, надкосніца…

Шырокая рана загойвалася на працягу чатырох месяцаў з дапамогай другаснага нацягнення скуры: урачы бралі свабодныя ўчасткі скуры з усяго цела і перасаджвалі іх на галаву. У выніку пашкоджаная вобласць пакрылася тонкiм — таўшчынёй каля міліметра — пластом. Плёнка схавала спіннамазгавую вадкасць і галаўны мозг, аднак любое пашкоджанне магло выклікаць запаленчы працэс.

— Памятаю, як двойчы ездзілі на кансультацыю да нейра­хірургаў у сталіцу. Але ніхто не хацеў брацца. Я сама знайшла клініку ў Ізраілі, дзе нас маглі прыняць. Аднак каштавала гэта непад’ёмных грошай, а ехаць трэба было аж на год, — прыгадвае магчымыя варыянты лячэння маці хлопца. — Потым нам патэлефанавалі з Брэсцкай абласной бальніцы, сказалі, што знайшлі ўрачоў у Мінску, якія могуць нам дапамагчы. Аднак ніякіх гарантый яны не давалі і за магчымыя наступствы не ручаліся.

Акрамя касцявой тканкі, быў пашкоджаны ўчастак скуры каля 200 квадратных сантыметраў, а таксама падскурная клятчатка, апанеўроз, надкосніца.

Тады над складанай траўмай галавы працавалі ў адной звязцы нейрахірургі і пластычныя хірургі. Першыя выконвалі краніапластыку — ставілі тытанавы імплант на патрэбную частку чэрапа. Задача другіх складалася ў аднаўленні пашкоджанага скуранога покрыва галавы.

На жаль, пасля першай аперацыі скура на галаве не прыжылася, прыйшлося выконваць другое аналагічнае ўмяшанне. На гэты раз знайсці свабодныя ўчасткі скуры на целе хлопца было яшчэ цяжэй, да ўсяго прыйшлося дадаткова ўжыўляць сасуд. На другі раз аперацыя скончылася паспяхова.

— Доўгатэрміновае лячэнне каштавала нам немалах грошай. Вельмі дапамаглі фінансава настаўнікі сына, бацькі яго школьных таварышаў, мясцовыя фермеры, мае калегі па рабоце. Пасля ўсё роўна прыйшлося ўзяць крэдыт у банку, каб купіць неабходныя прэпараты, — унікае ў фінансавыя цяжкасці Ганна Іосіфаўна. — Грошы банку яшчэ чатыры гады аддаваць. Аднак галоўнае, са здароўем сына ўсё наладзілася.

Жыццё па-даросламу


— Што зрабіў першым чынам, калі пасля бясконцых бальнічных будняў апынуўся дома? — пытаюся ў хлопца.

— Лёг на ложак — і ўсё. Аднак атрымліваць асалоду давялося нядоўга: хутка ў хату збегліся ўсе сябры, настаўнікі і знаёмыя — тут было не праціснуцца. Я жартаваў, што трэба складаць графік, калі і каму наведваць.

Учора Ваня ўпершыню за тры гады схадзіў на рэчку пастаяць у вадзе. Хлопцу вельмі хацелася нырнуць, аднак для гэтага трэба, каб галава цалкам зажыла. Варта пачакаць да наступнага года. Зараз тытанавая пласціна засталася непрыкрытай у адным месцы. У свой час урачы прапаноўвалі зрабіць яшчэ адну канчатковую аперацыю, аднак хлопец выбраў іншы шлях: ехаць дадому і рабіць перавязкі. Штодзень яму накладае свежыя бінты стрыечная сястра, медык па адукацыі.

Маці Івана прыйшлося ўзяць крэдыт у банку, каб купіць неабходныя прэпараты.

— Ведаеце, дома лепш, чым дзе. Да ўрачоў не еду, бо добра сябе адчуваю. А тут — гаспадарка, маці трэба дапамагаць, — Іван імкнецца растлумачыць, чаму пазбягае праверкі. — Пасля траўмы я стаў глядзець на жыццё па-даросламу, стаў больш сур’ёзным і самастойным, лепш разбіраюся ў людзях. Галоўнае, больш не гуляю там, дзе небяспечна, і іншым не раю.

Сёння на руках у Вані школьны атэстат за 11 класаў з сярэднім балам 5,5. З дзяцінства ён марыў пра прафесію ваеннага, нават быў камандзірам аддзялення на занятках па ваеннай падрыхтоўцы ў школе. Пасля траўмы хлопец пачаў глядзець на жыццё больш рэалістычна. У бліжэйшы час плануе атрымаць вадзіцельскія правы, а потым пайсці вучыцца, каб атрымаць рабочую спецыяльнасць, або ўсур’ёз заняцца фермерствам. Таксама важны псіхалагічны момант для падлетка — адмовіцца ад маскі для твару і закрытага адзення: Ваня дагэтуль не навучыўся прымаць празмерную людскую цікавасць.

КАМПЕТЭНТНА

Андрэй ШЧАМЯЛЁЎ, загадчык нейрахірургічнага аддзялення № 2 РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, кандыдат медыцынскіх навук:


— Краніапластыч­ныя аперацыі з выкарыстаннем тытанавых імплантаў у нас у краіне выконваюцца з 2008 года. Гэта аперацыі па ліквідацыі рознага роду дэфектаў чэрапа. З кожным годам мы ўдасканальваем дадзеную тэхналогію. Наогул, за год у краіне выконваецца каля 600 аперацый па закрыцці дэфектаў чэрапа розных формаў, лакалізацый і памераў. Каля двух дзясяткаў аперацый у год — гэта ўстараненне вялікіх дэфектаў.

За ўсю маю практыку гэты выпадак стаў найбольш паказальным пры краніапластычных аперацыях. Хірургічнае ўмяшанне доўжылася каля дванаццаці га­дзін, у ім была задзейнічана максімальная колькасць спецыя­лістаў. Справа ў тым, што, акрамя дэфекта касцявой тканкі, трэба было закрыць і дэфект скуры. І без каманды пластычных хірургаў пад кіраўніцтвам галоўнага пластычнага хірурга Міністэрства аховы здароўя доктара медыцынскіх навук, прафесара Уладзіміра Падгайскага мы, нейрахірургі, з гэтай праблемай не справіліся б.

Пры першаснай аперацыі мы ўсталявалі тытанавую пласціну і закрылі касцявы дэфект, аднак было парушана жыўленне перасаджанай скуры — адбыўся трамбоз сасудаў свабоднага ўчастка. Каб яна прыжылася, патрэбна была другая аперацыя.

Нават у сусветнай практыцы дадзены выпадак — рэдкасць. У мінулым годзе я ўдзельнічаў у трох міжнародных канферэнцыях і дзяліўся вопытам з калегамі, у прыватнасці, расказваў пра гэты клінічны выпадак. Замежныя хірургі сапраўды зацікавіліся, задавалі пытанні і ўнікалі ў тонкасці выканання дадзенай аперацыі.

veronulas@sb.by

Фота аўтара, з архіва героя
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter