Куда ехать за белорусским колоритом

Сваім шляхам

Вандраваць модна, а па родных мясцінах надзвычай актуальна ў наш час. Унутраны турызм актыўна развіваўся апошнія некалькі сезонаў, і яму ёсць што прапанаваць нават самым патрабавальным падарожнікам. Галоўнае — правільна сфармуліраваць свае пажаданні, а падыходзячыя варыянты абавязкова знойдуцца. 

Блін не комам

Беларусы — багаты народ. Перш за ўсё сваёй спадчынай — культурай, мовай, народнымі традыцыямі. У які раён ні пае­дзеш — паўсюль пачуеш, паспрабуеш, убачыш нешта асаблівае. 

— Сёння ў Беларусі адзначаюць шмат цікавых свят і право­дзяць старажытныя абрады: Каляды (ад Нараджэння Хрыстова да Вадо­хрышча), Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Вялікдзень, Радаўніца, Юр’е, Троіца (або Сёмуха), Купалле, Спас, Багач, Пакровы, Дзяды… Іншымі словамі, ёсць вялікая колькасць нагод для падарожжа ў той ці іншы рэгіён, — падкрэслівае начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Святлана Каржук.

Турыстычныя маршруты, якія абапіраюцца не на матэрыяльныя аб’екты, а на падзеі, набіраюць папулярнасць у нашай краіне. З пункту гледжання эканомікі, гэта дапамагае рэгіёнам стаць прыцягальнымі і цікавымі для людзей у міжсезонне. Турысты ў такіх паездках атрымліваюць непаўторныя эмоцыі. 

Узяць, напрыклад, Масленіцу, якую мы адзначаем на гэтым тыдні. У Паазер’і турысты будуць «хаваць Дзеда» з песнямі і танцамі, на Усходнім Палессі — есці «чырачак» (печыва ў выгля­дзе птушак), на Брэстчыне — вадзіць карагоды. Свята, здаецца, адно, а варыянтаў, як яго адзначыць, шмат.

Кожны абрад, па словах Святланы Каржук, мае сакральны сэнс, і менавіта гэта аб’ядноўвае беларусаў. Калі для замежных турыстаў нашы традыцыі — гэта проста яркае прадстаўленне, забава, тэатр, то мы самі ставімся да іх зусім інакш. 


— Народныя святы ўвасабляюць светапогляд, ідэалы, маральныя каштоўнасці, якія вылучыліся ў працэсе станаўлення нашага грамадства. Разуменне іх глыбіні і сутнасці, часам на інтуітыўным узроўні, з’яўляецца адным з асноўных фактараў адзінства нацыі, — тлумачыць Святлана Каржук. — За гады сваёй прафесійная дзейнасці я пазнаёмілася з вялікай колькасцю народных традыцый і абрадаў. Кожны рэгіён мае свае брэнды, у кожным куточку тое ці іншае свята адзначаецца па-асабліваму.

На галоўнай старонцы сайта Нацыянальнага агенцтва па турызме можна паглядзець Каляндар падзей на 2023 год. Там змешчана падрабязная інфармацыя пра фестывалі, народныя святы, лакальныя абрады — усяго 112 старонак з датамі, кантактамі, фотаздымкамі. Унікальны па сваім змесце даведнік — незаменная рэч для ўсіх, хто плануе вандроўкі па роднай краіне ў гэтым годзе. 

Таямніцы былых рэзідэнцый

Апошнія дзесяцігоддзі сталі знакавымі для беларускай архітэктурнай спадчыны. Пасля рэстаўрацыі Мірскі і Нясвіжскі палацы — у топе па наведваннях турыстамі. Прычым як беларускімі, так і замежнымі. 


Іх паспяховую гісторыю навейшага часу могуць паўтарыць і іншыя знакамітыя палацава-паркавыя ансамблі. Так, напрыканцы 2022-га свае дзверы для наведвальнікаў адчыніў палац Пуслоўскіх у Івацэвіцкім раёне. Тут турысты могуць не проста наведаць экскурсію, але і пераначаваць, замовіць вячэру ў рэстаране. 

Вясной чакаецца адкрыццё палаца Булгакаў у Жылічах (Кіраўскі раён). Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага ўзроўню. Палац, пабудаваны ў XIX стагоддзі, захаваўся да нашых дзён на 75 %, але патрабаваў сур’ёзнай рэстаўрацыі. Каля сотні пакояў, сярод якіх бальная зала, гасціныя, сталовая і іншыя памяшканні, уражваюць неверагодна багатым дэкорам. З 2009 года тут працавалі дзясяткі спецыялістаў, а пра важнасць аднаўлення палаца казаў нават Прэзідэнт падчас VI Усебеларускага народнага сходу. 

Увогуле, беларускае архітэктурнае багацце патрабуе асаблівых падыходаў. Падчас шматлікіх войн, якія праходзілі праз нашу зямлю, разбураліся і прыходзілі ў заняпад многія помнікі архітэктуры. Як не згубіць памяць пра іх? Прыцягнуць увагу турыстаў да руін, лічаць эксперты.

Добры прыклад — Гальшанскі замак, на якім сёння працягваюцца работы па кансервацыі. Зірнуць на рэшткі былога радавога гнязда Сапегаў там прапаноўваюць з вышыні. Дзякуючы арыгінальнаму падыходу інжынераў і праекціроўшчыкаў з’явілася лесвіца, якая, з аднаго боку, вя­дзе наверх адзінай уцалелай вежы, а з другога — адкрывае цудоўны краявід на Гальшаны і руіны замка. Намаганнямі супрацоўнікаў Ашмянскага раённага цэнтра культуры і райвыканкама Гальшаны сталі адным з самых папулярных турыстычных мястэчак Гродзенскай вобласці. Увагу да замка прыцягваюць іміджавымі фестывалямі, гістарыч­нымі рэканструкцыямі і арыгінальнымі туры­стычнымі маршрутамі. 

Акцэнт на сучаснасці

Не ўсе турысты цікавяцца мінулым. Менавіта гэтыя людзі падштурхнулі айчынную туріндустрыю да развіцця экскурсій на прамысловыя аб’екты. Ужо каля 80 прадпрыемстваў краіны пачалі такую дзейнасць, турыстаў у цэхах за год — сотні тысяч. 


Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, што паказаць. Напрыклад, у Мікашэвічах можна ўбачыць самы вялікі ва Усходняй Еўропе адкрыты кар’ер па здабычы граніта, у Бярозаўцы паназіраць за працэсам стварэння легендарнага хрустальнага посуду, у Кобрыне дэманструюць вытворчасць пластмасавых цацак. Турысты з задавальненнем назіраюць, як ствараюцца іх любімыя цукеркі, як разліваюць па бутэльках малако і вараць піва. 

Прамысловыя гіганты МТЗ, БелАЗ, МАЗ пайшлі яшчэ далей і паспяхова развіваюць сувенірную вытворчасць. Пакатаўся на самазвале падчас экскурсіі — набыў на памяць яго мадэль з дрэва. Паглядзеў на зборку аўтобуса — купіў сумку з лагатыпам кампаніі. Мінскі трактарны завод пад брэндам Belarus нават шаўрму пачаў прадаваць: а чаму не, калі імя кампаніі вядомае ва ўсім свеце і асацыіруецца з якасцю?!

На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме даступны поўны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. З яго дапамогай можна знайсці прафесіянала, які зробіць падарожжа ў новы горад ці рэгіён насычаным і запамінальным. 

Кацярына Нікіціна, намеснік дырэктара дэпартамента па турызме, начальнік аддзела планіравання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Міністэрства спорту і турызму: 

— У мінулым годзе колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў — грамадзян Беларусі, якія падарожнічалі па нашай краіне, дасягнула 1,33 мільёна чалавек. Пры гэтым замежных турыстаў было каля 1,4 мільёна. 

У 2023-м чакаем станоўчую дынаміку. Мяркуем, што сярод аб’ектаў для размяшчэння застануцца папулярнымі загарадныя комплексы, кемпінгі, глэмпінгі і аграсядзібы. Таму ўсё, што тычыцца знаходжання на свежым паветры, экалагічнага аспекту, будзем развіваць.

Акрамя таго, асаблівую ўвагу нададзім турыстычным маршрутам у гарадах, якія будуць задзейнічаны падчас правядзення ІІ Гульняў краін СНД. Гэта Мінск, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Жлобін, Магілёў, Маладзечна, Орша і Салігорск. 

ДАРЭЧЫ

IV Фестываль беларусаў свету прой­дзе з 19 па 24 верасня. Гасцей будуць прымаць усе рэгіёны нашай краіны і пакажуць ім сапраўднае хараство народных традыцый і абрадаў.

kurak@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter