Нататкі з XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу

Сваім ганарымся, чужое вітаем

Святочны настрой, высокія госці, мора кніг, музыка, розныя галасы з усіх бакоў... З чаго пачаць? Можа, з 1517 года?.. Вельмі лагічна і сімвалічна, што на сёлетняй выставе ўпершыню дэманстраваўся друкарскі станок, зроблены на ўзор таго, што працаваў у пражскай друкарні ў Францыска Скарыны. На хвіліну адчуць сябе першадрукарамі ў год, калі Беларусь і свет адзначаюць 500-я ўгодкі беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, змаглі спачатку першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў ды іншыя ганаровыя госці, а потым і ўсе ахвочыя. Кладзеш аркушык паперы, валікам наносіш фарбу на літары набору, прыкрываеш форму, паварочваеш за доўгі, мо з метр, драўляны рычаг дубовы вінт, каб заціснуць прэс... Атрымліваем — адбітак-дакладную копію першай старонкі Скарынаўскай Бібліі плюс мора станоўчых эмоцый. Дарэчы, і сама Біблія, дзякуючы станку ўпершыню ў поўным друкаваным (не факсімільным!) аб’ёме адноўленая, была прадстаўлена.

Традыцыі Скарынаўскага асветніцтва маюць працяг

Аднавіць друкарскі станок — гэта спраўджаная пару гадоў таму даўняя мара вядомага калекцыянера, даследчыка даўніны Уладзіміра Ліхадзедава. Ён, як і Скарына, родам з Полацка. У праект перавыдання Бібліі па тэхналогіі ХVІ стагоддзя ўкладзены вялікія грошы. Да справы, як аказалася, далучаны ягоная жонка Ніна, дачка Аніта. І сын Дзмітрый працаваў на выставе пры станку разам з бацькам, і “майстар на ўсе рукі” Генадзь Катлінскі: гэта ён амаль паўгода майстраваў з дубовых брусоў і дошак станок...

Зрэшты, пра тонкасці справы мы раскажам іншым разам, а пакуль паслухаем Уладзіміра. На пытанне адной журналісткі “А дзеля чаго?” ён адказаў: “Па-першае, мне самому вельмі цікава. Па-другое, цяпер вось вельмі прыемна бачыць, што — атрамалася! Што такім чынам людзі далучаюцца да гісторыі. Многія прыходзяць, ды і не ведаюць, што гэта ім цікава — а кранае, нешта ў душы варушыцца...”. Уладзімір Ліхадзедаў выказаў удзячнасць Міністэрству інфармацыі, аб’яднанню “Белкніга”: ад іх ён бясплатна атрымаў пляцоўку на выставе, змог часткова паказаць свой праект. А больш шырока зрабіць гэта плануе ў Полацку, які на пачатку верасня стане сталіцай Дня беларускага пісьменства.

Уладзімір Ліхадзедаў з сынам ля друкарскага станка
Фота: Іван Ждановіч

Сёлетняя кніжная выстава, якая праходзіла ў Выставачным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14, атрымалася маштабнай. Галоўнымі ж яе тэмамі былі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 135-я ўгодкі Якуба Коласа і Янкі Купалы. Было што паглядзець-пагартаць, і разумных людзей было дзе паслухаць. Сустрэў там пенсіянера, інжынера-энергетыка Георгія Паўлава, які спецыяльна прыехаў з Брэста. Лічыць: ведамі трэба дзяліцца, а выстава якраз і збірае такую аўдыторыю. Ён імкнецца глыбей спазнаць законы быцця, дабра і ліха на Зямлі. Георгі Аляксеевіч упэўнены, што вірусных інфекцый, у тым ліку эпідэмій можна пазбегнуць, калі “падвысіць” энергетычны ўзровень дабрыні, любові ў грамадстве. А пачынаць — з сябе. Падарыў мне сваю брашуру: 12 старонак, 33 тэзісы пра тое, як чалавецтву жыць далей, каб менш было болю, хвароб, катастроф. Скажаце: дзівак? Між тым адно з імёнаў у Скарыны было: Георгій. Ён, пэўна, таксама многім падаваўся ў свой час дзіваком, і, друкуючы кнігі, хацеў падзяліцца з “людам паспалітым” ведамі. Сёння цэнім! І да 500-х угодкаў яго “пачатку” Нацыянальная бібліятэка прадставіла 20 тамоў факсімільнага выдання Францыска Скарыны. Змаглі! Можам ганарыцца! У Беларусі, дарэчы, зберагаецца толькі дзесяць з паўтысячы вядомых экзэмпляраў надрукаваных асветнікам кніг.

Кожны народ — адметны і непаўторны ў свеце, кожны шукае шлях да ісціны, а кнігі ў тых пошуках — вялікія дарадцы. Больш за 30 краін прадставілі ў Мінску кніжныя, выдавецкія навінкі, прэзентавалі сваю культуру, мастацтва. Буйныя калектыўныя экспазіцыі разгарнулі Расія, Германія, Кітай, Іран, ЗША. Ганаровы госць выставы — Злучанае Каралеўства Вялікабрытанія і Паўночная Ірландыя. Упершыню паўдзельнічала Грэцыя.

Выдавец Ліліяна Анцух гатова да супрацы з іранскімі сябрамі
Фота: Іван Ждановіч

А вось Іран тут ужо не навічок. Шмат людзей падыходзіла да стэнда, любаваліся ўзорамі персідскага мастацтва. І я набыў пару рэпрадукцый карцін Махмуда Фаршчыяна. Пабачыўшы такі інтарэс, намеснік старшыні “Дома дружбы іранцаў” Хамед Байрамзадэх падарыў і набор паштовак з творамі майстра. Іранцаў у Беларусі каля дзвюх тысяч, яны ладзяць цікавыя культурныя праекты. Напрыклад, у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” нядаўна працавала выстава іранскага мастацтва: былі прадстаўлены арыгінальныя працы быльш чым 40 аўтараў. А саветніка па культуры Пасольства Ірана Сейеда Абдолмаджыда Шафаі, які далучыўся да нашай гутаркі, я запомніў па цікавым выступленні на адным з круглых сталоў. Здымак іранцаў мне ўдалося зрабіць з дырэктаркай выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліянай Анцух: яна падышла да стэнда, каб абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва. Як вядома, кнігі, альбомы выдавецтва — высокай якасці. Будзем спадзявацца, што ў гэтых прыгожых людзей знойдзецца агульная мова. Дарэчы, дыпламат Расіі ў Персіі, знакаміты паэт Аляксандр Грыбаедаў — з беларускага роду Грыбоўскіх. Падрабязнасці шукаем у кнігах...

Голас Радзімы № 7 (3511), чацвер, 16 лютага , 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter