Сваiх засекаў зарняты, або Амаль патрыятычныя нататкі пра беларускае піва
12.05.2004
Калі ж беларусы ўпершыню пакаштавалі сваё піва? Абсалютна дакладна адказаць цяжка, таму што адбылося гэта яшчэ ў далетапісныя часы. Можна сцвярджаць, што піва нашы продкі ўмелі варыць ужо ў XII стагоддзі, калі не раней.
А вось у стагоддзі XVI вытворчасць піва ў нас была ўжо даволі распаўсюджана. І таму нямала пісьмовых сведчанняў. О, гэта слаўнае XVI стагоддзе! Мы многім у гісторыі сваёй культуры — і матэрыяльнай, і духоўнай — яму абавязаны. Яму і яго людзям. Сялянам і шляхцічам, паэтам і рамеснікам, сярод якіх нямала было півавараў.
Бровары-піваварні існавалі ў гарадах і мястэчках, вёсках і шляхецкіх маёнтках. І не толькі ў шляхецкіх, але нават у манастырскіх. Манастыры такім чынам падтрымлівалі сваю матэрыяльную базу. А ў сутарэннях магнацкіх і шляхецкіх замкаў, палацаў меліся спецыяльныя памяшканні – піўніцы, дзе захоўваліся дзесяткі вялізных бочак з півам і віном. Але калі віно было ў асноўным замежнае, то піва – сваё.
Мемуарысты XVI—XVIII стст. узгадваюць, што якаснае сваё піва паважалася больш за некаторае завознае віно – дарагое і невысокай якасці. Сітуацыя, згадзіцеся, знаёмая нам і зараз.
Першапачаткова піва варылі толькі з пшаніцы, і калі хто асмельваўся дадаваць у пшаніцу іншае збожжа, напрыклад, ячмень, то рызыкаваў атрымаць вялікі штраф. Але з канца XVI ст. пачынаецца эпоха піва ячменнага. Пшаніцу, ячмень і хмель вырошчвалі на сваіх палетках. Не толькі для ўласных патрэб, але і на вываз за мяжу. У нямецкіх півавараў попытам карыстаўся беларускі ячмень. Асабліва ўпадабалі той, што вырошчваўся ў маёнтку Шчорсы на Навагрудчыне. Хмель таксама здаўна быў прадметам беларускага экспарту.
Ці вядомы рэцэпты старажытнага беларускага піва? Некаторыя вядомы. Але кожны півавар меў свой сакрэт і нікому яго не выдаваў, акрамя нашчадкаў. Колькі было бровараў – столькі і сакрэтаў. А лік бровараў ішоў на сотні. Траплялася і няякаснае піва, якім, па іранічнаму выразу аднаго з мемуарыстаў XVII стагоддзя, “толькі д’ябла ў пекле труціць”. Ад якасці залежыў і кошт. Зразумела, лепшае піва трапляла на стол заможных людзей.
Калі пералічваць, дзе ў Беларусі ў XVII – першай палове ХІХ стст. варылася добрае піва, то варта было б узгадаць больш двух дзесяткаў гарадоў і мястэчак, шляхецкіх маёнткаў. Не абы-якім, а слаўным лічылася піва гродзенскае, лагойскае, нясвіжскае, аршанскае... Адмысловае піва варылася ў маёнтку Шчорсы графаў Храптовічаў. Не выпадкова настальгічна ўспамінаў яго Адам Міцкевіч, хаця зведаў смак піва многіх краін Еўропы.
Так, піва на Беларусі варылася много і рознага. І, зразумела ж, многа выпівалася. У карчме, дома, у гасцях... Не абыходзілася без піва такая важная дзяржаўная справа, як пасяджэнні павятовых сеймікаў. Піўная рака лілася на кірмашах. Півам, а не гарэлкай частавалі талаку, што збіралася на касьбу, жніво ці на якую іншую працу.
А што б вам сказалі зараз у бальніцы, калі б, знаходзячыся там на лячэнні, вы раптам запатрабавалі піва на абед ці на сняданак? У лепшым выпадку палічылі б за жарт. А вось у тыя часы, пра якія мы распавядаем, піва хворым кварту-другую выдавалі. Лічылася, напрыклад, што гэты напітак добра ўплывае на працэсы стрававання. Зразумела ж, калі ён якасны...
Пілі піва з куфляў і праз руркі – спецыяльныя трубкі, каб не парушалася пена і не ўзнімаўся асадак. Гэта вам не з бляшанкі, бегучы за тралейбусам. Толк у культуры спажывання нашы продкі разумелі лепш за нас. І сябе больш паважалі.
Ва ўсе часы піву прысвячалі-ся песні, вершы, трактаты і нават цэлыя паэмы. Невыпадкова і ў знакамітым творы ХІХ стагоддзя “Энеіда навыварат” аўтар з захапленнем згадвае піва, параўноўваючы яго пеністасць з марскім прыбоем.
Піваварства заўсёды было заняткам прыбытковым. І тры, і чатыры стагоддзі назад многія землеўладальнікі лічылі перапрацоўку збожжа на піва больш выгаднай справай, чым непасрэдны продаж збожжа. Таму ў некаторых маёнтках на бровары адпраўлялася палова, а то і больш ураджаю.
З паловы ХІХ стагоддзя з развіццём прамысловасці на змену броварам прыйшлі піваварныя заводы. Бровары не вытрымлівалі канкурэнцыі з імі. Пачыналася новая старонка ў гісторыі беларускага піваварства. Менавіта новая, а не першая. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Беларусі працавалі 34 піўзаводы.
Праз невялікі гісторыка-папулярны экскурс хацелася звярнуць увагу чытачоў на тое, што наша краіна і ў піваварстве мае свае адметныя і старажытныя традыцыі, пра якія няварта забываць. Такія ж старажытныя, як і ў тых краінах, што ганарацца гэтай галіной прамысловасці. Дарэчы, некаторыя гісторыкі яшчэ ў сярэдневякоўі даказвалі, што сакрэты піваварства прыйшлі ў тую ж Германію са славянскіх земляў. Так што, нямала маем падстаў для стварэння музея гісторыі піваварства.
Асабіста ж мяне радуе, што піўзавод “Крыніца” не трапіў (пакуль?) да замежных інвестараў. Хай сабе і з сяброўскай краіны. Інвестар ведае: піваварства – справа прыбытковая і, відавочна, такой застанецца надоўга. Нам жа няварта аддаваць са сваіх засекаў залатыя зярняты. Тады і куфаль з півам не будзе заставацца пустым.