Сваiх засекаў зарняты, або Амаль патрыятычныя нататкі пра беларускае піва

Падзеі, што разгортваліся ў апошнія гады вакол піўзавода “Крыніца”, выклікалі цікавасць да напою, што колерам нагадвае ўсе адценні бурштыну, нават сярод тых людзей, якія ставяцца да яго або раўнадушна, або варожа. Такіх, напэўна, больш сярод жанчын. Хаця, гледзячы, з якой асалодай пацягваюць піва з бляшанак дзяўчаты, можна засумнявацца, што сярод жанчын яго прыхільнікаў няшмат. Асабіста я стаўлюся да піва нейтральна: ні заўзятым аматарам, ні радыкальным праціўнікам не з’яўляюся. Ад невялікага куфля ў добрай кампаніі не адмоўлюся. Але менавіта куфля, таму што піццё з бляшанак ды яшчэ на хаду або ў транспарце лічу непавагай не толькі да грамадства, а, найперш, да гэтага старажытнага і традыцыйнага на Беларусі напітку.
Калі ж беларусы ўпершыню пакаштавалі сваё піва? Абсалютна дакладна адказаць цяжка, таму што адбылося гэта яшчэ ў далетапісныя часы. Можна сцвярджаць, што піва нашы продкі ўмелі варыць ужо ў XII стагоддзі, калі не раней. А вось у стагоддзі XVI вытворчасць піва ў нас была ўжо даволі распаўсюджана. І таму нямала пісьмовых сведчанняў. О, гэта слаўнае XVI стагоддзе! Мы многім у гісторыі сваёй культуры — і матэрыяльнай, і духоўнай — яму абавязаны. Яму і яго людзям. Сялянам і шляхцічам, паэтам і рамеснікам, сярод якіх нямала было півавараў. Бровары-піваварні існавалі ў гарадах і мястэчках, вёсках і шляхецкіх маёнтках. І не толькі ў шляхецкіх, але нават у манастырскіх. Манастыры такім чынам падтрымлівалі сваю матэрыяльную базу. А ў сутарэннях магнацкіх і шляхецкіх замкаў, палацаў меліся спецыяльныя памяшканні – піўніцы, дзе захоўваліся дзесяткі вялізных бочак з півам і віном. Але калі віно было ў асноўным замежнае, то піва – сваё. Мемуарысты XVI—XVIII стст. узгадваюць, што якаснае сваё піва паважалася больш за некаторае завознае віно – дарагое і невысокай якасці. Сітуацыя, згадзіцеся, знаёмая нам і зараз. Першапачаткова піва варылі толькі з пшаніцы, і калі хто асмельваўся дадаваць у пшаніцу іншае збожжа, напрыклад, ячмень, то рызыкаваў атрымаць вялікі штраф. Але з канца XVI ст. пачынаецца эпоха піва ячменнага. Пшаніцу, ячмень і хмель вырошчвалі на сваіх палетках. Не толькі для ўласных патрэб, але і на вываз за мяжу. У нямецкіх півавараў попытам карыстаўся беларускі ячмень. Асабліва ўпадабалі той, што вырошчваўся ў маёнтку Шчорсы на Навагрудчыне. Хмель таксама здаўна быў прадметам беларускага экспарту. Ці вядомы рэцэпты старажытнага беларускага піва? Некаторыя вядомы. Але кожны півавар меў свой сакрэт і нікому яго не выдаваў, акрамя нашчадкаў. Колькі было бровараў – столькі і сакрэтаў. А лік бровараў ішоў на сотні. Траплялася і няякаснае піва, якім, па іранічнаму выразу аднаго з мемуарыстаў XVII стагоддзя, “толькі д’ябла ў пекле труціць”. Ад якасці залежыў і кошт. Зразумела, лепшае піва трапляла на стол заможных людзей. Калі пералічваць, дзе ў Беларусі ў XVII – першай палове ХІХ стст. варылася добрае піва, то варта было б узгадаць больш двух дзесяткаў гарадоў і мястэчак, шляхецкіх маёнткаў. Не абы-якім, а слаўным лічылася піва гродзенскае, лагойскае, нясвіжскае, аршанскае... Адмысловае піва варылася ў маёнтку Шчорсы графаў Храптовічаў. Не выпадкова настальгічна ўспамінаў яго Адам Міцкевіч, хаця зведаў смак піва многіх краін Еўропы. Так, піва на Беларусі варылася много і рознага. І, зразумела ж, многа выпівалася. У карчме, дома, у гасцях... Не абыходзілася без піва такая важная дзяржаўная справа, як пасяджэнні павятовых сеймікаў. Піўная рака лілася на кірмашах. Півам, а не гарэлкай частавалі талаку, што збіралася на касьбу, жніво ці на якую іншую працу. А што б вам сказалі зараз у бальніцы, калі б, знаходзячыся там на лячэнні, вы раптам запатрабавалі піва на абед ці на сняданак? У лепшым выпадку палічылі б за жарт. А вось у тыя часы, пра якія мы распавядаем, піва хворым кварту-другую выдавалі. Лічылася, напрыклад, што гэты напітак добра ўплывае на працэсы стрававання. Зразумела ж, калі ён якасны... Пілі піва з куфляў і праз руркі – спецыяльныя трубкі, каб не парушалася пена і не ўзнімаўся асадак. Гэта вам не з бляшанкі, бегучы за тралейбусам. Толк у культуры спажывання нашы продкі разумелі лепш за нас. І сябе больш паважалі. Ва ўсе часы піву прысвячалі-ся песні, вершы, трактаты і нават цэлыя паэмы. Невыпадкова і ў знакамітым творы ХІХ стагоддзя “Энеіда навыварат” аўтар з захапленнем згадвае піва, параўноўваючы яго пеністасць з марскім прыбоем. Піваварства заўсёды было заняткам прыбытковым. І тры, і чатыры стагоддзі назад многія землеўладальнікі лічылі перапрацоўку збожжа на піва больш выгаднай справай, чым непасрэдны продаж збожжа. Таму ў некаторых маёнтках на бровары адпраўлялася палова, а то і больш ураджаю. З паловы ХІХ стагоддзя з развіццём прамысловасці на змену броварам прыйшлі піваварныя заводы. Бровары не вытрымлівалі канкурэнцыі з імі. Пачыналася новая старонка ў гісторыі беларускага піваварства. Менавіта новая, а не першая. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Беларусі працавалі 34 піўзаводы. Праз невялікі гісторыка-папулярны экскурс хацелася звярнуць увагу чытачоў на тое, што наша краіна і ў піваварстве мае свае адметныя і старажытныя традыцыі, пра якія няварта забываць. Такія ж старажытныя, як і ў тых краінах, што ганарацца гэтай галіной прамысловасці. Дарэчы, некаторыя гісторыкі яшчэ ў сярэдневякоўі даказвалі, што сакрэты піваварства прыйшлі ў тую ж Германію са славянскіх земляў. Так што, нямала маем падстаў для стварэння музея гісторыі піваварства. Асабіста ж мяне радуе, што піўзавод “Крыніца” не трапіў (пакуль?) да замежных інвестараў. Хай сабе і з сяброўскай краіны. Інвестар ведае: піваварства – справа прыбытковая і, відавочна, такой застанецца надоўга. Нам жа няварта аддаваць са сваіх засекаў залатыя зярняты. Тады і куфаль з півам не будзе заставацца пустым.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter