Самарскія беларусы знайшлі новых сяброў на фестывалі “Прэса-2015”

Свае — да сваіх

Самарскія беларусы знайшлі новых сяброў на фестывалі “Прэса-2015”


Штогадовы журналісцкі фестываль, які ладзіцца ў Струкаўскім парку Самары, збірае шмат людзей.  Сёлета ХXII форум журналістаў “Прэса-2015” прысвячаўся 70-годдзю Перамогі. Сваю выставачную экспазіцыю актывісты суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” аформілі ў нацыянальным стылі.



Перад удзельнікамі форуму ў Самары выступіў беларускі вакальны гурт “Каданс”

Гэта прыцягвала ўвагу гасцей, сярод якіх было шмат беларусаў, ураджэнцаў Беларусі, якія жывуць у Паволжы. Яны падыходзілі, знаёміліся з газетай “Голас Радзімы”, якая — даўні творчы партнёр суполкі, і часопісам “Единство”, які беларусы Самары пачалі выдаваць летась. У цёплай, душэўнай атмасферы ішлі гутаркі пра родавыя карані, родзічаў у Беларусі, пра жыццё на самарскай зямлі. Нехта спяваў беларускія песні, згадваў паэтычныя радкі класікаў ды радаваўся тым успамінам, як і актывісты суполкі. А кіраўніца яе моладзевага аддзялення Юлія Цяплянская запісвала каардынаты беларусаў, прапаноўвала падключацца да супольнай працы, расказвала пра Беларусь, дзейнасць суполкі, дарыла на памяць беларускія выданні.

Святочную атмасферу ствараў беларускі вакальны гурт “Каданс”. Яго салісткі Марына Кірылава, Таццяна Марозава, Арына Камісарава, Анастасія Гуркіна, а таксама мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская спявалі ў той дзень песні ваеннай тэматыкі, а яшчэ вясёлыя беларускія і рускія. Прэзідэнт суполкі Ірына Глуская лічыць, што ўдзел яе супляменнікаў у фэсце быў паспяховым: “Колькасць прыхільнікаў беларускай культуры ў Самары значна ўзрасла, ёсць ахвочыя авалодаць беларускай мовай, і з верасня плануем адкрыць моўную групу ў Доме дружбы народаў. Для таго ёсць і прафесійны педагог.”

Мікалай Бойка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter