Свабода ад вядомага.

У Віцебску завяршыўся XXIV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі.

Пераможцам у намінацыі “лепшая пастаноўка” стаў мінскі тэатр танца “D.O.Z.S.K.I.”, якім кіруе малады харэограф Дзмітрый Залескі. Гэты ж калектыў атрымаў дыплом у намінацыі “выканаўчае майстэрства”. У творчым спаборніцтве ўдзельнічалі дзевяць беларускіх харэографаў (міжнародны конкурс праводзіцца раз у два гады), і практычна ўсе яны былі адзначаны дыпломамі ў той ці іншай намінацыі. Члены конкурснай камісіі, а гэта вядомыя харэографы, мастацтвазнаўцы і балетныя крытыкі, аднадушныя ў тым, што за гады правядзення фестывалю ў Беларусі практычна з нуля сфарміравана школа сучаснага танца еўрапейскага ўзроўню.

— Сёння такія калектывы, як гродзенскі “Тад”, мінскія тэатры “D.O.Z.S.K.I.” і “Каракулі”, якія ў свой час у Віцебску зрабілі першыя крокі, выраслі настолькі, што іх можна запрашаць у гасцявую, а не ў конкурсную праграму, — з гордасцю гаворыць аўтар і дырэктар гэтага ўнікальнага праекта Марына Раманоўская. — Яны шмат гастралююць і выступаюць на адной сцэне з лепшымі салістамі Еўропы. Для такой маленькай краіны, як наша, мець тры-чатыры прафесіянальныя запатрабаваныя калектывы, якія выступаюць у жанры танца мадэрн, — гэта рэдкасць і вялікае дасягненне.
Танцавальны форум у Віцебску сёння па праву лічыцца адным з самых прэстыжных фестываляў у галіне сучаснай харэаграфіі на тэрыторыі Еўропы. У гэтым годзе у гасцявой праграме прынялі ўдзел артысты з Расіі, Польшчы, Іспаніі, Канады, а ўсяго за 24 гады на віцебскай сцэне прадэманстравалі сваё мастацтва трупы з 40 краін свету, іх выступленні паглядзелі больш як сто тысяч чалавек.
За ўсім гэтым стаіць тытанічная праца каманды фестывалю, заснавальнікаў і, зразумела, любоў гледачоў, без якіх, як сказаў кіеўскі харэограф Раду Паклітару, мастацтва сучаснай харэаграфіі не мае сэнсу. Мадэрн ніколі не быў масавым мастацтвам, многія пачынаючыя харэографы толькі ў Віцебску адчулі, што іх творчыя пошукі камусьці цікавыя — далёка не ў кожным горадзе можна на працягу чатырох дзён сабраць аншлаг на пяць зусім не забаўляльных канцэртаў.
— Мы бачым поспех гэтага форуму і лічым яго адной з самых неардынарных культурных падзей у краіне, — сказаў на цырымоніі адкрыцця першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі. — Кожны год ён збірае гледачоў з усёй Беларусі і карыстаецца аўтарытэтам у замежных харэографаў. Гэты фестываль умее здзіўляць і, безумоўна, варты дзяржаўнай падтрымкі. У бліжэйшы час на калегіі Міністэрства культуры адбудзецца размова аб стане сучаснай харэаграфіі, мы збіраем і аналізуем інфармацыю з тым, каб дапамагчы развіццю гэтага напрамку.
Паводле слоў Уладзіміра Карачэўскага, магчыма, што частка мерапрыемстваў юбілейнага, 25-га фестывалю пройдзе ў Мінску. І яшчэ адна лагічная прыступка росту з’явілася ў гісторыі віцебскага танцавальнага форуму: на фестываль сталі прыходзіць заяўкі ад дзіцячых калектываў, якія працуюць у стылі мадэрн. Упершыню ў гэтым годзе прайшоў канцэрт “Дзеці для дзяцей”, і не выключана, што ў рамках фестывалю з’явіцца дзіцячы конкурс сучаснай харэаграфіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter