“Сьвітанак” — гэта сонца і святло

Найстарэйшая беларуская суполка Латвіі адсвяткавала 25-годдзеВечарыну з лістапада 2013-га “сьвітанкаўцам” давялося перанесці з-за трагічных падзей у Рызе. Зладзілі свята сёлета ў будынку Цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”. Каб асэнсаваць зробленае і спланаваць шлях надалей, Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і сабрала бяседу.
Найстарэйшая беларуская суполка Латвіі адсвяткавала 25-годдзе

Цяпер суполкай “Сьвітанак” кіруе Ірына КузьмічВечарыну з лістапада 2013-га “сьвітанкаўцам” давялося перанесці з-за трагічных падзей у Рызе. Зладзілі свята сёлета ў будынку Цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”. Каб асэнсаваць зробленае і спланаваць шлях надалей, Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і сабрала бяседу. Гучалі латышская і беларуская мовы. На іх старшыня таварыства Ірына Кузьміч і Наста Кірнічанска і абвясцілі пачатак урачыстасці. Дыялог культур, моваў, пераклічка словаў беларускіх з латышскімі стварылі непаўторную атмасферу. Як вядома, “Сьвітанак” займае пачэснае месца ў грамадстве. Суполка іграе выключную ролю ў дыялогу дзвюх культур, ва ўсведамленні беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў — тое зазначыў у віншавальным лісце з нагоды юбілею таварыства і Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Андрыс Бэрзіньш. Безумоўна, беларусам было ганарова атрымаць такое віншаванне. Цёплыя словы даслаў юбілярам мэр Рыгі Ніл Ушакоў. Віншаванне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі Марыны Даўгаполавай агучыў консул амбасады Андрэй Кажан. Гучаў і верш-віншаванне з радкамі “Беларусь у латвійскі “Сьвітанак”/ Узышла, як у родны свой дом” паэта Сяргея Панізьніка — ганаровага сябра “Сьвітанка”, кавалера ордэна Трох зорак Латвіі. І Алесь Карповіч, адзін з ветэранаў беларускага руху ў Латвіі, прыгадаў яскравыя моманты з гісторыі суполкі.
Нашых суайчыннікаў віншавалі сябры з іншых этнасуполак Латвіі. “Сьвітанак”, дарэчы, быў адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Старшыня асацыяцыі, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Раффі Хараджанян таксама выступаў на ўрачыстасці. Аб тым, што на юбілей сабраліся паплечнікі і сябры, казаў першы старшыня і адзін з заснавальнікаў Сьвітанка”, доктар медыцыны Сяргей Кузняцоў. Пасля суполкай кіраваў Мікола Ярчак, хабілітаваны доктар хімічных навук, цяперашні прафесар Брэсцкага дзяржуніверсітэта. Пасля ад’езду Міколы ў Брэст эстафету пераняў мастак Васіль Малышчыц, потым, на дзесяць гадоў, Таццяна Казак. Пад яе кіраўніцтвам, у прыватнасці, нараджаўся вакальны гурт “Сьвітанак”, які годна прадстаўляў беларусаў на фэстах і канцэртах. Усе былыя старшыні дзяліліся ўспамінамі. А Таццяна Мікалаеўна прыйшла з беларускамоўным пяцігадовым сынам Міколкам: самым юным “сьвітанкаўцам”. Міколка спяваў песні на беларускай і латышскай мовах, за што атрымаў гучныя апладысменты.
Вітаў сяброў Вячка Целеш: адзін з заснавальнікаў суполкі, першы дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы, старшыня аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Ён нагадаў, што суполка мае цесныя стасункі з Беларуссю і беларускімі суполкамі з Літвы, Эстоніі, Расіі, Канады ды іншых краін, з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ад апошняга, дарэчы, у адрас таварыства былі і віншаванні, і кнігі, і памятны падарунак: гадзіннік з выявай Мірскага замка.
Выступала дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, магістр педагогікі Ганна Іванэ. Добрыя словы казала сябрам адна са старэйшых у суполцы Наталля Цімаховіч — выпускніца Індранскай беларускай гімназіі, доктар фізічных навук. Музычнае віншаванне — песні па-беларуску — падрыхтаваў і дзіцячы гурт “Вавёрачка”, які стварыла 20 гадоў таму піяністка Наталля Дзірвук.
Шмат эмоцый, апладысментаў было і на канцэрце вядомага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча.

Рыгор Арэшка

На здымку:
Цяпер суполкай “Сьвітанак” кіруе Ірына Кузьміч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter