Сувязі становяцца больш трывалыя

Рознабаковае беларуска-кітайскае супрацоўніцтва знаходзіць сваё канкрэтнае праяўленне ў медыясферы
Рознабаковая і аб’ектыў­ная інфармацыя, як вядома, з’яўляецца найважнейшым элементам забеспячэння эфектыў­нага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, своеасаблівым каталізатарам яго росту, у тым ліку па новых перспектыўных напрамках. Двухбаковае беларуска-кітайскае партнёрства ў медыясферы паспяхова рэалізуецца на аснове шэрага дакументаў. Сярод іх, перш за ўсё, варта адзначыць Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Прэс-канцылярыяй Дзяржаўнага Савета Кітайскай Народнай Рэспублікі, падпісанае 5 снежня 2005 года ў Пекіне. Гэтае пагадненне прадугледжвае абмен інфармацыяй, дэлегацыямі журналістаў, удзел у міжнародных кніжных кірмашах і выставах СМІ, міжнародных сімпозіумах і канферэнцыях.


Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч і кіраўнік кітайскай дэлегацыі, намеснік начальніка Кітайскай дзяржаўнай адміністрацыі радыё, кіно і тэлебачання Янь Сяахун падчас падпісання мемарандума
аб супрацоўніцтве


Палажэнні Пагаднення дэталізаваныя ў Праграме ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі на 2014-2018 гады, дзе прадугледжана ўзаемадзеянне Беларусі і КНР у галіне сродкаў масавай інфармацыі.

Сярод асноўных напрамкаў узаемнага супрацоўніцтва, замацаваных у праграме, — узаемадзеянне ў галіне тэле- і радыёвяшчання, выдавецтваў і паліграфіі,  падрыхтоўка кадраў, кантакты паміж рэдакцыямі сродкаў масавай інфармацыі, узаемны ўдзел у міжнародных профільных выставах і кірмашах, якія праводзяцца ў Беларусі і Кітаі, пераклад і выданне найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў дзвюх краін.  

Сёння можна з упэўненасцю гаварыць пра паспяховасць і эфектыўнасць беларуска-кітайскага медыя­супрацоўніцтва. Цесныя і партнёрскія ўзаемаадносіны з кітайскімі калегамі наладжаны ў Беларускага тэлеграфнага агенцтва, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, вядучых холдынгаў друкаваных СМІ — “Советской Белоруссии” і Выдавецкага дома “Звязда”. Сярод форм супрацоўніцтва — рэгулярны абмен матэрыяламі, сумесныя стажыроўкі журналістаў і ўдзел у профільных семінарах, канферэнцыях, форумах, выставах.


Кітайская экспазіцыя на XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ўключала больш за 5 тысяч кніг. На здымку: намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі
ў Беларусі Цуй Цымін


Варта падкрэсліць, што беларускімі дзяржаўнымі СМІ надаецца вялікая ўвага асвятленню пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва Кітая і Беларусі ў розных сферах — у прыватнасці, у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай сферах. Радуе, што развіваецца супрацоўніцтва і на ўзроўні грамадскіх арганізацый — наладжаны кантакты Усекітайскай асацыяцыі журналістаў з Беларускім саюзам журналістаў.

Нельга не сказаць аб тым, што дэлегацыі Кітая з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”, Беларускага міжнароднага медыяфоруму, Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Дарэчы, летась Кітай стаў Ганаровым госцем XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Маштабная і насычаная экспазіцыя КНР прыцягнула вялікую цікавасць наведвальнікаў мінскага кніжнага форуму.

Выступаючы на беларуска-кітайскім форуме выдаўцоў і пісьменнікаў, які быў арганізаваны падчас XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін адзначыў, што Кітай мае намер больш актыўна супрацоўнічаць з Беларуссю ў гуманітарнай сферы.

А намеснік начальніка Галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання, намеснік начальніка дзяржаўнага ўпраўлення па справах аўтарскага права Янь Сяахун звярнуў увагу на тое, што кітайскі бок лічыць важным і перспектыўным развіццё стасункаў з беларускімі кнігавыдаўцамі.

 
На адкрыцці кітайскай экспазіцыі

Ужо сёлета, 21 красавіка, адбылася рабочая сустрэча Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч з дэлегацыяй Усекітайскай асацыяцыі журналістаў, узначаленай Выканаў­чым сакратаром Чжу Шаўчэнем. Падчас сустрэч абмеркаваныя пытанні супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў сферы інфармацыі і друку. Бакі адзначылі неабходнасць далейшага ўзаемадзеяння ў рамках падпісаных раней пагадненняў, забеспячэння ўсебаковага асвятлення ў сродках масавай інфармацыі пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, значных падзей і працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі і Кітаі.

Важна ўлічыць, што адным з  вынікаў XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу стала падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі па “Праекце перакладу і публікацый класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі” на 2015-2020 гады. У гэтай сферы з беларускага боку найбольш актыўна працуе Выдавецкі дом “Звязда”, які рэалізаваў з кітайскімі партнёрамі цэлы шэраг паспяховых выдавецкіх праектаў.

“Выдавецкім домам “Звязда” ў 2015-2016 гадах перакладзеныя на беларускую мову і выпушчаныя ў свет асобнымі кнігамі наступныя творы кітайскіх аўтараў: Ван Вэй “Альтанка ля возера”, Ай Цін “Водар стоенага лесу”, Лі Бо “Флейты сумныя гукі”, Ду Фу “Адзінота горных вышынь”, Лі Хэ “Песня бамбукавай флейты”, а таксама зборнік кітайскай паэзіі “Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая”.


На сустрэчы з дэлегацыяй Усекітайскай асацыяцыі журналістаў на чале з Выканаўчым сакратаром Чжу Шаўчэнем, якая прыбыла па запрашэнні Беларускага саюза журналістаў

Выданні, якія ўваходзяць у склад “Выдавецкага дома “Звязда”, надаюць шмат увагі кітайска-беларускаму літаратурнаму і культурнаму партнёрству. Толькі ў апошні час на рускую мову  пе­ракладзеныя творы А І, Вэй Вэй, Чжу Вэньін, Лу Мінь, Гэ Лян (часопіс “Нёман”), падборка кітайскай паэзіі (23 аўтары) у перакладзе Лі Цзо (часопіс “Нёман”). На беларускай мове апублікаваныя пераклады вершаў Лі Бо, Ду Фу, Ай Цін (газета “Літаратура і мастацтва”).

Акрамя таго, у часопісах “Полымя”, “Маладосць” выйшаў шэраг матэрыялаў, прысвечаных кітайска-беларускім сувязям. Сярод іх можна вылучыць наступныя:


•    Юлія Алейчанка “Узрасціць каласы. Рэцэнзія на кнігу “Светлыя знакі: паэты Кітая” (“Полымя”);

•    Вераніка Карлюкевіч “Першае знаёмства з беларускай літаратурай у Кітаі — “Жалейка” Янкі Купалы” (“Полымя”);

•    Кірыл Мяцеліца “Валадары Паднябеснай” (“Маладосць”);

•    “Інстытут Канфуцыя ў БНТУ, або Набліжэнне да супрацоўніцтва з Кітаем яшчэ на адзін крок” (інтэрв’ю з супрацоўнікамі) (часопіс “Маладосць”);

•    Віктар Гермянчук “Тэхніка сэрца” (часопіс “Маладосць”).


Выдавецкім домам наладжаны стасункі з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якім пастаянна ажыццяўляюцца сумесныя праекты. На інтэрнэт-партале рэдакцыйна-выдавецкай установы ў 2016 годзе быў запушчаны праект “Весткі з Кітая”, які знаёміць з навінамі жыцця КНР. Толькі ў газеце “Літаратура і мастацтва” за 2015-2016 гады было апублікавана больш за трыццаць матэрыялаў, прысвечаных Кітаю. Іх аўтарамі выступілі Алесь Карлюкевіч, Таццяна Сівец, Максім Ладымераў, Міхаіл Кенька, Уладзімір Гарынь, Мікалай Хмяльніцкі, Мікола Берлеж, Алеся Лапіцкая, Марына Весялуха, Арына Крайко, Марыя Войцік, Кастусь Ладуцька, Яна Явіч, Сяргей Шычко ды іншыя.

Актыўная работа па супрацоўніцтве з кітайскім бокам праводзіцца Белтэлерадыёкампаніяй, у эфіры тэлеканалаў якой размяшчаюцца тэматычныя матэрыялы і перадачы, прысвечаныя пытанням развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Варта адзначыць работу міжнароднага радыё “Беларусь”, аб’ём эфірнага вяшчання якога складае 16 гадзін, у тым ліку на кітайскай мове.

У той жа час Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на рэгулярнай аснове прадстаўляюцца актуалізаваныя матэрыялы для напаўнення інтэрнэт-сайта Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве.

Вельмі актуальным з’яўляецца ўзаемадзеянне па лініі саюзаў журналістаў, рэдакцыйных калектываў. Тут таксама ідзе актыўны працэс. Так, вясною мінулага года дэлегацыя Беларускага саюза журналістаў па запрашэнні Усекітайскай асацыяцыі журналістаў пабывала ў Кітаі. У красавіку гэтага года падчас візіту ў адказ кітайскага боку падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж журналісцкімі арганізацыямі дзвюх краін.

Адным словам, кітайска-беларускі медыяпрацэс сёння напоўнены канкрэтным пазітыўным зместам. Ён накіраваны ў будучыню — на ка­рысць дружбы і стварэння. На карысць дзвюх краін.

Дарэчы

•    У рамках супрацоўніцтва Беларускага тэлеграфнага агенцтва і Кітайскага інфармагенцтва “Сіньхуа” на рэгулярнай аснове наладжаны абмен інфармацыяй, якая публікуецца на інфармацыйных стужках агенцтваў.

•    Сюжэты і матэрыялы пра важнейшыя эканамічныя, культурныя, спартыўныя, палітычныя і грамадска важныя падзеі Кітая пастаянна выходзяць у эфір Агульнанацыянальнага тэлебачання (ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”) і публікуюцца ў вядучай рэспубліканскай масава-палітычнай газеце “Советская Белоруссия”.

•    Прадстаўнікі БелТА і Установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия” сістэматычна наведваюць КНР у тым ліку ў навучальных мэтах па запрашэннях кітайскага боку.


Фота БелТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter