Што арыгінальнае могуць набыць у Беларусі турысты з замежжа

Сувенір на ўспамін

Выязджаючы за мяжу, мы часта хочам набыць там нешта “на ўспамін”. Але які сувенір выбраць: каб і падабаўся, і быў арыгінальным, адлюстроўваў культуру народа? Пытанне актуальнае ў любую пару года. І таму давайце прыгледзімся да сувеніраў беларускіх.

Алена Спірыдонава

Леташні чэмпіянат свету па хакеі актывізаваў цікавасць да Беларусі: каля 29 тысяч балельшчыкаў з 50 краін наведалі краіну ў той час. Мяркуючы па іх водгуках, культурны імідж у нас быў на вышыні: выдатная арганізацыя спаборніцтваў і сэрвіс, добразычлівасць і гасціннасць гаспадароў. І амаль кожны з іх ставіў сабе пытанне пра сувеніры. Як не памыліцца ў іх плыні і набыць самы “каларытны” беларускі сувенір? Пра тое мы гаворым з мастацтвазнаўцам Аленай Спірыдонавай: яна асабіста знаёма з многімі народнымі майстрамі, кіруе вытворчым прадпрыемствам “Славутасць”.

— Алена Аляксандраўна, мы ведаем: сувенір — гэта нейкі падарунак, які нагадвае пра штосьці прыемнае: пра сябра, сустрэчу, падарожжа... І беларускі сувенір павінен выклікаць згадкі пра нашу гісторыю, традыцыі, культуру. Можа гэта вырабы з лёну, саломкі, шкатулкі? Але ж падобнае сустрэнеш, напрыклад, у Расіі, Літве, Польшчы. А ў некаторых краінах ёсць адметныя сувеніры: з Нідэрландаў прывозяць драўляныя чаравікі-кломпы, з Францыі — нешта з выявай Эйфелевай вежы, з Расіі часцей — матрошкі... А ці ёсць такі сувенір, які сімвалізуе Беларусь?

— У нас няма пакуль такіх вядомых брэндаў, накшталт матрошкі ў Расіі. Можа, слуцкія паясы маглі б такой адметнасцю стаць? Але ж толькі цяпер мы пачынаем іх адраджаць. І хачу заўважыць: словы “саломка” і “лён” пазначаюць матэрыял — не прадмет. А сувенір з іх атрымліваецца сапраўдным, нацыянальным, калі ў яго ўкладзена душа майстра, а пры яго вырабе выкарыстаны народныя традыцыі. І ў першую чаргу важныя ўзоры, арнаменты, колер і тэхніка выканання. Сапраўдны беларускі сувенір — гэта каштоўны сплаў традыцый і творчасці. Помню, 25 гадоў таму ладзілася першая выстава нашага аб’яднання майстроў “Славутасць”, і прысвечана яна была падзеям Чарнобыля. Прыехалі нашы спонсары з-за мяжы — і былі вельмі здзіўлены выстаўленымі прадметамі. Быццам той жа матэрыял, але колькі адрозненняў у колеры, форме, падачы, фактуры, ідэях... У Расіі прыкладное мастацтва заўсёды было вельмі “ярморочным”: яркім, зробленым на продаж. Яно прыцягвае ўвагу і адлюстроўвае характар народа. А ў нашым прыкладным мастацтве няма такой яркасці, “жесткости”, няма і выразных ліній. Наша творчасць — гэта больш для сябе, для дамашняга ўжытку. Адсюль і лірычнасць, і нейкая размытасць, і выяўленне беларускай памяркоўнасці. Можа, менавіта тады нашы замежныя госці ўпершыню прызналі: мы — не Расія, мы іншыя, і тое бачна нават па ўзорах народнага прыкладнога мастацтва.

Гэта зроблена майстрамі з Беларусі

— Вашаму кааператыву ужо чвэрць стагоддзя! У яго, я даведалася, уваходзяць 500 народных майстроў і мастакоў з усёй Беларусі. Як вам удалося аб’яднаць майстроў розных напрамкаў, з розным узроўнем майстэрства, па сутнасці, пад адным дахам?

— Працэс “збірання” быў досыць складаным і доўгім. Майстроў збіралі па ўсёй Беларусі. Ездзілі па мястэчках і вёсках: да каго з цукеркамі, да каго і з бутэлечкай... Як правіла, гэта былі пажылыя людзі, якія пабачылі жыццё ды не кожнаму адкрыюць сакрэты майстэрства. Спачатку раскажуць пра сваё здароўе, пра дзяцей, потым пра ўнукаў і толькі потым, можа, могуць паказаць, як, напрыклад, плятуць саломку. Сёння кааператыў аб’ядноўвае 500 майстроў. Самых розных спецыяльнасцяў. Але мы іх усіх называем людзьмі, якіх пацалаваў Бог. Залаты фонд краіны! Яны робяць унікальныя рэчы, якія “дадуць фору” любой рэчы фабрычнай. Кожная — непаўторная, напоўнена не толькі любоўю, але і асаблівай нацыянальнай энергетыкай. Яны ствараюць такія шэдэўры, якія становяцца візітнай карткай краіны.

— Дык які ж самы прызнаны сувенір з Беларусі? Што трэба везці ад нас на памяць? Можа, ёсць рэйтынг самых папулярных сярод замежнікаў сувеніраў?

— Рэйтынг найпапулярных сувеніраў адкрываюць пано гарадоў, далей — апетытныя рэцэпты беларускай кухні, выкананыя на лёне, і яшчэ керамічныя званочкі, драўляныя фальклорныя персанажы. Па-ранейшаму папулярныя вырабы з лёну: льняная вопратка, пасцельная і сталовая бялізна. І лялькі! Дарэчы, да ўвагі калекцыянераў: лялька ўжо даўно стала сувенірам сусветнага значэння. У кожнай краіне яна свая: венгерскую робяць з катаха кукурузы, украінскую (а часам і беларускую... — Рэд.) ляльку-мотанку не шыюць і не вяжуць, а “матаюць”, скручваюць. Беларуская лялька — гэта льняная лялька, якая абавязкова шыецца з неадбеленага лёну, ёсць яшчэ саламяная лялька. І любая з іх робіцца дзеля гарманізацыі стасункаў, прыцягнення дабрабыту, набліжэння і паскарэння пэўных падзей і як абярэг. Акрамя саламяных лялек, нашы майстры з саломы робяць скульптуры, сухарніцы, шкатулкі. Заўважу: такой тэхнікі пляцення аб’ёмнай саломкі, як у нас, няма больш нідзе ў свеце.


У мінскіх крамах ёсць сувеніры на розныя густы

— Я чула трохі і пра Сожскую скань...

— Так, ёсць у нас Сожская або Гомельская скань — і такога промысла больш анідзе няма. Раней была вядомая расійская скань або філігрань: калі з тоненькага срэбнага, залатога або меднага дроту скручваюцца розныя ўзоры. Нашы майстры пайшлі далей. З больш непаслухмянага матэрыялу — са звычайнай драўлянай стружкі-габлюшкі навучыліся рабіць сапраўдныя шэдэўры. А пачыналася як? Гадоў 20 таму вядомы майстар Уладзімір Цыкуноў, цяпер ужо нябожчык, у музеі на акладзе старадаўняга абраза XV стагоддзя заўважыў маленькія драўляныя завіточкі. Не мог зразумець, што гэта, а калі зразумеў, то вельмі здзівіўся. Аказалася: найтанчэйшая драўляная габлюшка, толькі ж выкладзеная асаблівым спосабам. Пазней ён прыдумаў станочак, які можа здымаць з драўляных палачак найтонкія стужачкі-габлюшкі, і ўжо з дапамогай пінцэта выкладваў узоры. Сёння такіх майстроў па ўсёй Беларусі не больш за 10 чалавек. Яны робяць унікальныя рэчы: аклады ікон, шкатулкі, крыжы, гербы розных гарадоў Беларусі ды многае іншае. Кожная іх праца — сапраўдны драўняны эксклюзіў, бо паўтарыць адну і тую ж форму проста немагчыма. Сярод уладальнікаў такіх работ нямала людзей вядомых: Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Папа Рымскі, англійская каралева, Уладзімір Пуцін, Дзмітрый Мядзведзеў...

— У розных краінах — розныя і густы? Як вы лічыце?

— Калі казаць пра густы замежнікаў, то і тут можна выявіць нейкую заканамернасць. Італьянцам, скажам, вельмі падабаюцца нашы вырабы з лёну. Турысты з Кітая імкнуцца набыць драўляныя разьбяныя скульптуры. Расіяне вельмі цэняць наш керамічны посуд. Часта ў нашу галерэю заходзяць і беларусы, якія жывуць за мяжой. Жадаючы павезці “кавалачак” сваёй Радзімы, яны з задавальненнем купляюць краязнаўчую літаратуру з фотаздымкамі.

— Дзе ў Мінску вы параіце купляць сапраўдныя беларускія сувеніры?

— Шмат такіх месцаў... Падаецца мне, найбольш багаты выбар экслюзіўных сувеніраў — у нашых галерэях рамёстваў “Славутасць” і “Славутыя майстры” ў Траецкім прадмесці. Ёсць яшчэ “Галерэя нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”, ёсць шмат сувенірных крам ля Мінскай ратушы.

Беларускія майстры ведаюць сакрэты пляцення з саломкі

Вось такая цікавая атрымалася ў нас размова з Аленай Спірыдонавай. Мяркую, яна дапаможа некаму “на ўскрайку лета” правільна з’арыентавацца ў беларускім сувенірным моры. Заканчваецца пара адпачынкаў, падарожжаў — трэба ж пакінуць пра іх добры ўспамін. Зрэшты, увесь год, мы заўважылі, наведваюцца на Бацькаўшчыну нашы землякі-супляменнікі з замежжа. Майце на ўвазе: з Беларусі можна прывезці такі сувенір, якога анідзе ў свеце больш няма! То можа гэта будзе нешта, створанае таленавітымі беларускімі майстрамі, напоўненае іх дабрынёй і прыгожаю сілай?

Гутарыла Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter