Чем же притягивает Глубокое людей из разных уголков Беларуси и не только?

Сутак на Глыбокае мала!..

У выхадныя ў Глыбокае прыязджае да двух дзясяткаў турыстычных аўтобусаў, не гаворачы ўжо аб тых, хто дабіраецца ўласным транспартам.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ, старшыня абласнога Савета дэпута-
таў УладзімірЦЯРЭНЦЬЕЎ і дырэктар Празароцкай школы, дэпутат абласнога Савета дэ-
путаў Вольга ГІНЬКО, якая праводзіць экскурсію ў Музеі Ігната Буйніцкага, размешчанага ў
будынку навучальнай установы.

Чым жа прыцягвае невялікі райцэнтр людзей з розных куткоў Беларусі і не толькі яе. У першую чаргу велічнымі помнікамі даўніны XVII стагоддзя. Гэта сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Тройцы. Прывабліваюць падарожнікаў і культурна-дэндралагічны комплекс з касцёлам Святой Ганны ў вёсцы Мосар, які па праву называюць беларускім Версалем, і самае глыбокае ў краіне возера Доўгае. 

Усяго ж на тэрыторыі раёна 65 аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, і ён займае па гэтым паказчыку трэцяе месца пасля такіх буйных гарадоў, як Віцебск і Полацк.

Аднак вызначальным з’яўляецца не толькі колькасць аб’ектаў, а і тое, што за імі наладжаны належны нагляд і пры неабходнасці яны паднаўляюцца. Толькі на рамонт і рэстаўрацыю сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы за апошнія 10 гадоў было затрачана 1,5 мільярда недэнамінаваных рублёў. Гэтай працы спрыяе створаны пры райвыканкаме па ініцыятыве яго старшыні Алега Морхата каардынацыйны савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. 

Царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім.

Не засталіся па-за ўвагай і аб’екты, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, на аднаўленне якіх патрабуюцца значныя грашовыя сродкі. Адзін з іх – будынак кармеліцкага манастыра ў Глыбокім. Пасля афіцыйнага звароту райвыканкама спецыялістамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта зроблена абследаванне будынка, вызначаны пералік супрацьаварыйных работ перад пачаткам рэстаўрацыі. 

Вопыт – варты для пераймання. І таму нездарма днямі менавіта ў Глыбоцкім раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па азначанай тэме.

Адкрываючы яго, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, у прыватнасці, адзначыў, што Глыбоччына з’яўляецца ўнікальным рэгіёнам, у якім дзякуючы зладжаным дзеянням кіраўніцтва, спецыялістаў адпаведных службаў, суб’ектаў гаспадарання, дэпутацкага корпуса, грамадскага актыву, духавенства праводзіцца маштабная і шматвектарная работа па зберажэнні гісторыка-культурнай спадчыны.

У Віцебскай вобласці знаходзіцца 949 гісторыка-культурных аб’ектаў, за 5 апошніх гадоў праведзены рэстаўрацыйна-ўзнаўленчыя работы на 21 аб’екце, у тым ліку на мемарыяльным комплексе “Прарыў” ва Ушацкім раёне.

Закончаны археалагічныя пошукі вакол Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, што дазволіла ўдакладніць першапачатковы выгляд храма, знайсці старажытныя захоўванні і новыя фрагменты фрэсак. Гэта тым больш актуальна, бо Полацк рыхтуецца да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і ў наступным годзе стане сталіцай беларускага пісьменства. 

На завяршаючай стадыі знаходзяцца рэстаўрацыйна-ўзнаўленчыя работы на Свята-Пакроўскім саборы XVII стагоддзя ў Талачыне. Толькі ў 2015 годзе на яго было затрачана 2,3 мільярда недэнамінаваных рублёў.

Касцёл Святой Ганны ў вёсцы Мосар.

Для ўзнаўлення аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны неабходна актыўней прыцягваць гранты фондаў міжнародных арганізацый. Прыкладам у гэтым можа служыць палац Тызенгаўзаў у Паставах і фрагменты парку і вароты ў вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна.

НА кожны аб’ект па законе павінны быць уласнік, пашпарт, ахоўная дошка і ахоўная зона. У гэтым, было падкрэслена, ёсць над чым працаваць. Сёння маем толькі 80 працэнтаў ахоўных дошак. Асабліва праблемнай з’яўляецца іх устаноўка на помніках археалогіі, а таксама аб’ектах, якія знаходзяцца ўдалечыні ад населеных пунктаў. Таму прапанавана ў гэтых выпадках ствараць маштабныя інфармацыйныя стэнды, якія будуць выкарыстоўвацца не толькі для абазначэння гісторыка-культурных каштоўнасцей, але і каб інфармаваць турыстаў і гасцей.

Існуе неабходнасць далейшага зацвярджэння саміх ахоўных зон. Міністэрства культуры рэкамендуе ў першую чаргу распрацоўваць іх вакол тых аб’ектаў, дзе плануецца правядзенне будаўнічых ці зямельных работ.

У сувязі з гэтым узнікае яшчэ адна вострая праблема – так званых “чорных капальнікаў”. Ёсць спецыяльны Указ Прэзідэнта, забаронены свабодны абарот археалагічных аб’ектаў, археалагічных артэфактаў, аднак, нягледзячы на значную колькасць разбураных “чорнымі капальнікамі” помнікаў, фактаў узбуджэння спраў з боку праваахоўных органаў і давядзення іх да суда – няма. 

Удзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў пабывалі ў Музеі стваральніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага ў Празароках, які створаны дзякуючы энтузіязму дырэктара мясцовай школы, дэпутата абласнога Савета дэпутатаў Вольгі Гінько, пазнаёміліся з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны ў Пліскім сельскім Савеце, наведалі шэраг гістарычных аб’ектаў у Глыбокім.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і Варвары ВАЯВОДАВАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter