Сусветныя зоркі прыедуць на фестываль у Мінск. Адна з галоўных культурных падзей года — IV міжнародны фестываль Юрыя Башмета адбудзецца ў Мінску з 4 па 11 кастрычніка.

Музычнае свята, якое па ўзроўню можна параўнаць з фестывалем класічнай музыкі ў швейцарскім Верб’е і Шапэнаўскім фестывалем у Польшчы, як заўсёды ўразіць зоркавымі імёнамі сусветнай велічыні.

Міністр культуры нашай краіны Павел Латушка на фестывалі Башмета ніколі не быў, магчыма, менавіта таму і прызнаўся, што з вялікім нецярпеннем чакае яго ад-крыцця. Дарэчы, фестываль упершыню праводзіцца ў адпаведнасці з пастановай урада Беларусі, што сведчыць аб грунтоўнай падтрымцы з боку дзяржавы.
— Фестываль Башмета спрыяе міжнароднаму прэстыжу нашай краіны, паляпшэнню іміджу па-за межамі Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Павел Латушка. — Гэта ўклад беларускай культуры ў агульнаеўрапейскую культурную скарбонку.
Традыцыйна на галоўным мінскім фестывалі будуць прысутнічаць розныя творы музычнага мастацтва: класіка, джаз, рэтра, эстрада і поп-арт. У гэтым годзе ў канцэртах прымуць удзел пяць сімфанічных аркестраў з Расіі і Беларусі. Юныя таленавітыя музыканты з СНД, якіх выбіралі асобна ў кожнай краіне, будуць мець магчымасць музіцыраваць на адной сцэне з прафесарамі з Лондана, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кёльна і Мадрыда. Для маладых піяністаў, віяланчэлістаў і скрыпачоў кіраўніцтва фестывалю падрыхтавала не толькі індывідуальныя майстар-класы, але і адкрытыя ўрокі. Усе гэтыя мерапрыемствы пройдуць у рамках так званай “Мала-дзёжнай акадэміі”.
У цэлым канцэртная праграма не толькі разнастайная, але і невыпадковая. Напрыклад, на “Вечары Кармэн” на адной сцэне сустрэнуцца аркестр, оперныя салісты і балет. Сам “Паганіні альта”, маэстра Башмет, разам з аркестрам “Новая Расія” выканае “Кармэн-сюіту” Радзівона Шчадрына. Чакаецца выступленне прыма-балерыны Марыінскага тэатра знакамітай Ульяны Лапаткінай, а таксама салістаў Вялікага акадэмічнага тэатра.
Меламаны змогуць пачуць добра вядомых публіцы Наталлю Гутман, Віктара Траццякова і Васіля Лабанава. Магчыма, у беларускую сталіцу завітае оперная дзіва Галіна Вішнеўская, але арганізатары не гавораць дакладна аб яе візіце.
— Калі Галіна Паўлаўна будзе добра сябе адчуваць, то яна прыедзе. Але мы гэтага не абяцаем. Праграму, якая прагучыць, яна складала асабіста, — паведаміў дырэктар фестывалю Расціслаў Крымер.
Білетаў на ўрачыстае адкрыццё і закрыццё IV міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ў касах ужо няма. Засталіся вольныя месцы на канцэрты, якія адбудуцца ў Вялікай зале філармоніі, але і іх, як сведчаць арганізатары, ужо няшмат.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter