На святкаваннi Дня беларускага пісьменства летапісцы часоў Асветы сустрэнуцца з рыцарамі Сярэдневякоўя

Сустрэнемся ў Заслаўе

На святкаваннi Дня беларускага пісьменства 6 і 7 верасня летапісцы часоў Асветы сустрэнуцца з рыцарамі Сярэдневякоўя...
На святкаваннi Дня беларускага пісьменства 6 і 7 верасня летапісцы часоў Асветы сустрэнуцца з рыцарамі Сярэдневякоўя. Гэты старажытны горад ужо другі раз прымае свята: упершыню яно прайшло тут у 2000 годзе. 

Па традыцыі напярэдадні святкавання пройдзе рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Стартуе яна 3 верасня ў Мінску, а завяршыцца ў Заслаўі.

Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ля Гарадскога вала ўвечары 6 верасня. Але многія мерапрыемствы свята распачнуцца ўжо з раніцы. У іх задзейнічаюць адразу некалькі тэматычных пляцовак. На цэнтральнай плошчы горада адкрыецца фестываль кнігі і прэсы, дзе прадставяць навінкі выдавецтваў Беларусі.

У час свята можна будзе паназіраць за працай друкарскага станка XVI стагоддзя і станка пачатка ХХ стагоддзя, а таксама за старажытным спосабам вытворчасці паперы, паўдзельнічаць у прэзентацыі «Бібліі» Францыска Скарыны, надрукаванай па старажытных тэхналогіях.

На вялікіх экранах, усталяваных у горадзе госці ўбачаць дакументальны фільм «Тысячагадовае Заслаўе», зняты Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе» сумесна з Белвідэацэнтрам, расказаў «СГ» дырэктар музея Мікалай Паграноўскі. Запросіць выстава «Янка Купала. Віленскі перыяд», а турыстам і гасцям свята прапануюць наборы паштовак з відамі Заслаўя і выявамі музейных экспанатаў, а таксама магніты з шасцю тэматычнымі сюжэтамі.

Узнагароды атрымаюць пераможцы рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года і рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай!» Жыхароў і гасцей чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі. 

На сцэнічнай пляцоўцы Цэнтральнай плошчы «ажывуць» скульптуры: летапісцы, пісьменнікі, героі літаратурных твораў «ажывуць» і створаць атмасферу гарадской вуліцы эпохі Асветы. Рыцары з эпохі Сярэдневякоўя правядуць майстар-класы по старажытных танцах у праграме «Пад покрывам сівых стагоддзяў», а фалькларысты пазабавяць гасцей свята сваёй «Фальклорнай вандроўкай».

Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter