Сустрэча з класікай

У Мсціславе будзе панаваць музыка пачатку ХХ стагоддзя.

У Мсціславе будзе панаваць музыка пачатку ХХ стагоддзя.

Музычныя творы самых розных аўтараў, якія бліскуча ўвасобілі закладзеную на Мсціслаўшчыне беларускую нацыянальную ідэю ў музыцы, прадставіць сёлетні фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна. 20—21 верасня запрашаюць на гэты фэст Магілёўскі аблвыканкам, Мсціслаўскі райвыканкам і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

“Маленькімі літарамі мы малюем вялікія старонкі беларускага музычнага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, — падкрэслівае маэстра Фінберг. — Паўстагоддзя творы Мікалая Чуркіна не гучалі ў Беларусі, пакуль наш калектыў не даў ім новае жыццё на фестывалі мастацтваў у Мсціславе. І гэта заканамерна, бо менавіта Мсціслаў і Магілёўшчына сталі калыскай беларускага нацыянальнага музычнага мастацтва”.

Найлепшыя старонкі беларускай музычнай спадчыны прадставяць камерныя калектывы аркестра ў двух праграмах — “Канцэрт-апавяданне “Мсціслаў — калыска беларускай музыкі” і “У промнях таленту Мікалая Чуркіна”. 21 верасня свята мастацтваў прадоўжыцца фэстам з нагоды 70-годдзя вызвалення Мсціслава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і раённымі “Дажынкамі”. На розных пляцоўках горада выступяць не толькі мясцовыя мастацкія калектывы, але і госці з Эстоніі. Вялікі падарунак гораду па традыцыі падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Жыхароў горада і раёна, а таксама шматлікіх гасцей ён запрашае на Цэнтральную плошчу, на гала-канцэрт “З любоўю да Мсціслава”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter