Сустрэча са святасцю.

Дыякан Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

Пагаворым сёння пра хрысціянскія святы, іх гісторыю і значэнне

Вядома, чым больш праходзіла часу ад прыходу Хрыста, тым больш станавілася адметных дзён у календары хрысціяніна. Паступова знайшліся тыя, хто палічыў такі стан рэчаў адыходам ад звышнатуральнага элемента, якім павінна быць прасякнута крочанне па дарозе да Бога. Дык чым жа з’яўляюцца хрысціянскія святы насамрэч?
Першыя хрысціяне не адзначалі ніякіх урачыстасцей. Асаблівай пашанай яны ахіналі кожную нядзелю тыдня, святкуючы такім чынам уваскрэсенне Хрыста. З цягам часу гэты дзень стаў разумецца як “малая Пасха” — у адрозненне ад “вялікай Пасхі”, самой урачыстасці Вялікадня, вядомай з ІІ—ІІІ стагоддзяў. Неабходнасць адметным чынам адзначаць пэўныя падзеі цесна звязана з псіхалогіяй чалавека і дапамагае захоўваць памяць пра істотныя моманты ў жыцці людской асобы. Святкаванне — гэта яшчэ і лекцыя, якая дазваляе паглыбіць і развіць разуменне асноваў веры, яе сутнасці. Той, хто ведае сэнс паасобных урачыстасцей, зможа іх правільна перажыць, і гэта прынясе багаты духоўны плён у яго штодзённым жыцці.
Памыляюцца тыя, хто лічыць, што ў Каталіцкім Касцёле галоўнае свята — гэта Божае Нараджэнне (Раство). Найбольшай урачыстасцю для католікаў, як і для іншых хрысціян, з’яўляецца Пасха. Святкуючы Вялікдзень, мы ўзгадваем перамогу Хрыста над смерцю, д’яблам, грахом, над нашымі чалавечымі слабасцямі. Мы ўшаноўваем Хрыстову Ахвяру, складзеную на Крыжы. Аднак святкаванне — гэта не толькі ўспамін падзеі, але і ўдзел у ёй. Скіроўваючы свой позірк на Хрыста, мы запрошаны станавіцца ўсё больш ахвярнымі, выражаючы сваю любоў у адмаўленнях дзеля дабра іншых. Рыхтуючыся да Пасхі падчас Вялікага посту, мы ў нечым сябе абмяжоўваем, а праз гэта вучымся адмаўляцца. Мы запрошаны таксама прыняць удзел у Эўхарыстыі, падчас якой паўтараецца Хрыстова Ахвяра. Адзначаючы Божае Нараджэнне, Раство, мы ўзгадваем, што Божы Сын пажадаў прыняць чалавечае цела, захацеў стаць блізкім да кожнага. Калі б Хрыстос не нарадзіўся паміж нас, то не ўваскрос і не адчыніў бы для нас дзверы збаўлення. Гэты ланцужок разважанняў можна працягваць і ў адносінах да іншых дзён хрысціянскага календара.
Калі хрысціянства пачало ўзбагачацца разнастайнымі святкаваннямі, некаторыя язычніцкія элементы святаў былі адаптаваны, “хрысціянізаваны”. Ішоў час. Настаў момант, калі за сваю веру ўжо больш не трэба было паміраць пакутніцкай смерцю. Хрысціян станавілася ўсё больш, а іх вера часта ўжо не была такой гарачай, як раней. Тады хрысціянскія святы набылі элементы, якія ім неўласцівы і якія перакрэсліваюць іх сутнасць. Такі працэс мы назіраем, напрыклад, тады, калі нехта лічыць сэнсам святкавання Вялікадня фарбаванне і благаслаўленне пасхальных яек, а Вербнай нядзелі — благаслаўленне галінак і г.д.
Калі жыццё чалавека з’яўляецца дарогай, то святкаванне — гэта сустрэча на гэтай дарозе. Сустрэча са святасцю. Нездарма гэтыя словы ў нашай мове звязаны. Сапраўдную святасць можа даць толькі Бог, і чым больш мы да яе набліжаемся, тым больш святочным становіцца кожны наш дзень.
Прыходзіць чарговая ўрачыстасць. Мы сядаем за святочны стол, на якім шмат розных страў. Мы запрашаем за стол гасцей. Мы займаемся мноствам розных спраў у святочны дзень. Аднак ці не забываем запрасіць Хрыста святкаваць разам з намі? Можа быць, таму нам становіцца так няўтульна пасля таго, як святы праходзяць?!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter