Актывісты беларускай суполкі з Даўгаўпілса пабывалі ў землякоў у Прыдзвінскім краі

Сустрэча ў Мёрах

Актывісты беларускай суполкі з Даўгаўпілса пабывалі ў землякоў у Прыдзвінскім краі

Сябры беларускага таварыства “Уздым” Людміла Сінякова, Вольга і Мікола Паўловічы, Юлія Хмяльніцкая і Станіслаў Валодзька наведалі горад Мёры, што на Віцебшчыне. Сяброўскую сустрэчу ў актавай зале Школы мастацтваў арганізавалі супрацоўнікі Мёрскай бібліятэкі. Спачатку мы з Вольгай Паўловіч расказалі пра беларусаў Даўгаўпілса, работу таварыства. Затым быў невялікі канцэрт. Песні на словы Станіслава Валодзькі кампазітараў Міколы Яцкова і Альберта Белуся выконвалі як спявачкі з Мёраў Святлана Атопкіна і Дар’я Шук, так і салістка ансамбля “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса Юлія Хмяльніцкая. Госця праспявала і латышскую народную песню “Vai ta mana vaina bija...” ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову Станіслава Валодзькі.

А сам Станіслаў прачытаў некалькі сваіх вершаў, адрасаваных дарослым і дзецям. Яго вершы чыталі таксама вучні 3-й сярэдняй школы горада, выхаванцы філолага Ларысы Лапкоўскай. А пяцікласнікі чыталі і ўласныя вершы. Супрацоўніца райвыканкама Ірына Кубарка дзякавала гасцям за выступленне, уручыла ім сувеніры ад мясцовых майстроў. І мы прывезлі падарункі, у тым ліку кнігі ды выдадзеныя ў Латвіі беларускія газеты: іх з удзячнасцю прыняла дырэктарка бібліятэкі Ала Скавародка. Цёпла, душэўна вяла імпрэзу паэтка, журналістка газеты “Мёрскія навіны” Алена Басікірская. Мы запрасілі яе ў Даўгаўпілс на творчую вечарыну. За кубачкам кавы вялі размова і пра іншыя агульныя праекты. Потым наведалі музеі, створаныя гісторыкам і краязнаўцам Вітаўтам Ермалёнкам.

Людміла Сінякова, старшыня беларускага таварыства “Уздым”

Голас Радзімы № 9 (3465), чацвер, 17 сакавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter