Уникальные масленичные традиции сохраняются в разных регионах страны

Сустракаючы вясну

У панядзелак, 15 сакавіка, у праваслаўных веруючых пачынаецца Вялікі пост. Папярэднічае яму Масленічны тыдзень, які называюць яшчэ Пустым, Крывым і Развітальным. У гэты перыяд прынята сустракацца з блізкімі, хадзіць адзін да аднаго ў госці на бліны, весела праводзіць ра­зам час. Нярэдка Масленіца ператвараецца ў гучныя застоллі і свецкія забавы, якія царква не прымае. Але чаму так адбываецца, лёгка растлумачыць: на хрысціянскае свята накладваецца народнае, звязанае з провадамі зімы і прыходам доўгачаканай вясны.

Фото  pixabay.com

Масленіца лічыцца адным з самых вясёлых свят у народным календары, якое нельга было не адзначаць. Нашы продкі верылі, што багаты ўраджай і сямейны дабрабыт чакае толькі тых гаспадароў, якія святкуюць Масленіцу. Свята абавязкова суправаджалася гульнямі, забавамі, песнямі, танцамі, карагодамі, выпяканнем бліноў і спальваннем пудзіла Зімы. Акрамя таго, у розных рэгіёнах Беларусі былі ўнікальныя лакальныя масленічныя традыцыі, якія захаваліся да сённяшняга часу.

Да прыкладу, ва ўсходніх палескіх рэгіёнах падтрымліваецца традыцыя «пакарання» тых хлопцаў, якія маглі за папярэдні год ажаніцца, але не зрабілі гэтага. Ім прывязваюць да нагі «калодку» — палку, стужачку або цукерку. Пазначаныя такім чынам хлопцы павінны «праставіцца». У Падняпроўі існуе звычай «трэсці падушкі» або «разуваць маладуху», калі замужнія кабеты прыхо­дзяць у госці да маладухі, каб прыняць яе ў сваю кампанію. А на паўночным усходзе краіны праводзяць абрады «Пахаванне Дзеда» і «Пахаванне Бабы». У панядзелак, першы дзень Масленічнага тыдня, калі ўжо забараняецца есці мяса, хаваюць «Дзеда, што косткай падавіўся», а напрыканцы тыдня — «Бабу, якая падавілася сырніцай». Пудзілы Дзеда і Бабы аплакваюць і нясуць «хаваць» на вуліцу. Абрады суправаджаюцца песнямі і жартамі, дарэчы, вельмі дарослымі, таму дзецям забараняецца прымаць удзел у такіх забавах.

Фото  БЕЛТА

Адзначыць Масленіцу ў гэтыя выхадныя запрашаюць многія музейныя комплексы. Насычаную праграму для гасцей падрыхтаваў, напрыклад, Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту. Заўтра тут плануюцца выступленне народных калектываў, масленічныя гульні і забавы для дзяцей і дарослых, паказы спектакляў, правядзенне майстар-класаў, рэканструкцыя абрадаў «Пахаванне Дзеда» і «Наведванне бабкі-павітухі», выстава традыцыйнага посуду для вырабу масла і сыра, спальванне самай вялікай «Марэны» ў наваколлі Мінска і многае іншае.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter