Сустракайце сорак выраяў

22 сакавіка ў народным календары пазначана як Саракі — першае свята новага цыкла абнаўлення. Яно было прысвечана міфічным прадвеснікам вясны — птушкам. Лічылася, што ў гэты дзень вяртаюцца з выраю “сорак саракоў”. У хрысціянскім календары назва свята сугучная — 22 сакавіка ўшаноўваюцца сорак пакутнікаў Севастыйскіх.Асноўным рытуальным дзеяннем гэтага святочнага дня стала выпяканне спецыяльнай рытуальнай стравы — сарака “жаваронкаў” — невялічкіх булачак у выглядзе птушак: “Сорак выраяў — сорак птушак спячы нада”; “на Саракі з вырая прылятаюць жаваранкі, от затым у гэты дзень жанкі пякуць малыя патапцы й называюць іх жаваранкі. Жаваранкі абліваюць асалоджанай вадой і даюць іх дзіцям”; “у многіх мясцінах у гэты дзень маці пякуць дзецям сорак “жаваронкаў” з цеста — аржанога ці пшанічнага. Дзеля гэтага раскатваюць цеста ў выглядзе вяроўкі, надаюць яму форму лічбы 8, а канцы падымаюць над кольцамі ў выглядзе галавы і хваста”.

Важнай складовай святкавання Саракоў быў клопат аб будучым ураджаі: “На Саракі куццю варылі з ячменю. Куццю варылі, каб многа пладоў было, каб зярна нарастала многа”. Разам з тым у асобных мясцінах існаваў і такі звычай: “На Саракі хадзілі ў цэркву і сьвенцілі зярно, дужа здарова ад балезні для каровы. Еслі куры прападаюць — давалі. Мы так робілі, як старыя нам казалі”.
Малыя дзеці ў гэты дзень  збіралі сорак трэсак, качалі сорак калёс, усё гэта было скіравана на прылёт птушак і палёгку ў пошуку іх гнёздаў. У моладзі перадшлюбнага ўзросту былі свае клопаты. У Расонскім раёне “на Саракі пяклі... птушак і клалі ў рэшата, рэшата кружылі і прыгаворвалі: “Рэшата, рэшата, кружыся ка мне. Калі я замуж пайду, у мяне будзе многа дзетак, я буду багатая...” У Полацкім раёне практычна на ўсе веснавыя святы, пачынаючы з Саракоў, адной з найбольш пашыраных была гульня ў даганялкі. Хлопцы ў крузе лавілі дзяўчат: “мальцы бегаюць, каб ухапіць гэту дзеўку, якую ён палюбіць, каб з ёй ажаніцца”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter