Развагі з нагоды ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму для замежнікаў

Сустракаць гасцей стала прасцей

Беларусы Польшчы і палякі ў цэлым вельмі пазітыўна ўспрынялі навіну пра пяцідзённы бязвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі. Мне падаецца, што дадзены крок значна спрашчае магчымасці ўсім, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з краінай і правесці тут некалькі дзён. Цяпер у свеце, у нашых заходніх суседзяў расце цікавасць да Беларусі, таму і варта даць магчымасць яе наталіць.

Тым, хто прылятае ў Беларусь на самалёце не болей чым на пяць дзён, віза не патрэбна

За кароткі час, як з’явілася ў СМІ навіна, я неаднойчы ўжо чуў задаволеныя водгукі з боку прадстаўнікоў дзелавых колаў. Кажуць: цяпер не трэба будзе губляць час на візы, стаянне ў чарзе на мяжы. Зручна: сеў у самалёт і праз пару гадзін ты ўжо ў Мінску. Мяркую, для беларусаў з краін Заходняй Еўропы і далёкага замежжа гэта — таксама выдатны падарунак Бацькаўшчыны. Ведаю, што яны часта ўздымалі пытанне аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларускіх суайчыннікаў. Беларусь вырашыла пайсці далей: даць магчымасць кароткатэрміновага знаходжання на сваёй тэрыторыі ўсім іншым ахвочым. Галоўнае, каб ехалі да нас — з добрымі намерамі, шчырым сэрцам, тады будзе цёплым і прыём.

Вядома ж, такое новаўвядзенне аніяк не заменіць доўгатэрміновых візаў, але для здзяйснення кароткай ці тэрміновай паездкі праблемы ўжо няма.

Што да беларусаў Беласточчыны, то ім, як памежным жыхарам, даспадобы і пяцідзённы бязвізавы рэжым на Аўгустоўскі канал і ў Гродне, куды можна прыехаць адпачыць, нешта прыкупіць. Карыстаецца попытам і Белавежская пушча: на тры дні без візаў можна завітаць да Дзеда Мароза. Прапановамі карыстаюцца і турысты з іншых рэгіёнаў Польшчы. Напрыклад, у Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве ўсё часцей пачалі звяртацца людзі з просьбамі знайсці карты Гродзеншчыны — яны жадаюць паехаць на экскурсіі, прычым і самастойна, не толькі праз турфірмы. Увядзенне бязвізавага рэжыму, які не паспеў і ўступіць у сілу, ужо зрабіла Беларусь больш прывабнай і цікавай. А плынь гасцей і турыстаў, думаю, больш загрузіць аэрапорт, паспрыяе развіццю сацыяльнай і турыстычнай інфраструктуры. Жыллё, харчаванне, сувеніры, экскурсіі будуць больш запатрабаваныя.

Многія наведнікі Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве, палякі ды жыхары іншых краін ЕС, кажуць: пабываўшы у Беларусі, пакідалі яе з самымі добрымі ўражаннямі, хочуць паехаць зноў. Я ўпэўнены, што пяцідзённы бязвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі — важны крок на шляху гасцей з замежжа ў нашу Беларусь.

Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter