Сустракаць Бога кожны дзень

Закончылася святкаванне Вялікадня, аднак велікодная радасць не заканчваецца
Закончылася святкаванне Вялікадня, аднак велікодная радасць не заканчваецца. З Богам мы можам сустракацца не толькі на святы, але і ў будзённасці, якая часам здаецца нам шэрай. Гэта добра зразумелі апосталы і іншыя вучні Хрыста праз некалькі дзён пасля Яго ўваскрэсення.

Пасля ўваскрэсення і да ўзыходжання на неба Хрыстос з’яўляўся сваім вучням. Трэцяя такая сустрэча адбываецца на беразе Галілейскага мора (Тыверыядскага возера). Пётр, Тамаш і іншыя вучні лавілі рыбу ўсю ноч, але іх намаганні былі дарэмныя. Тады прыходзіць Езус, і ўсё змяняецца. Імгненне — і іх сеткі поўныя рыбы.

За некалькі год да гэтага здарэння Божы Сын паклікаў першых сваіх вучняў у падобных абставінах. Тады Ён запрасіў іх пакінуць сеткі і пайсці за Ім. Нездарма Езус паўтарае некаторыя свае паводзіны. Тады быў пачатак Яго публічнай дзейнасці, цяпер Яго ўваскрэсенне становіцца пачаткам новага жыцця. Хрыстос прапануе і нам уваскрэснуць. Для гэтага не трэба чакаць канца свету. Уваскрэсенне пачынаецца з рашэння змяніць сваё жыццё. Чым менш у нашым жыцці грахоў, тым бліжэй мы да ўваскрэсення.

У першыя дні пасля Вялікадня апосталы і іншыя вучні Хрыста ніяк не маглі паверыць, што Ён жывы. Яны пераканаліся ў гэтым пасля першых сустрэч са сваім Настаўнікам. Аднак усё адно яны былі збянтэжаныя і не ведалі, чым ім займацца. Таму вучні вярнуліся да той працы, якую добра ведалі — да лоўлі рыбы. Трэцяя сустрэча з уваскрослым Хрыстом нагадвае вучням: Бог даў ім іншае заданне — стаць лаўцамі людзей.

Часам і мы сябе адчуваем збянтэжанымі, нам можа здавацца, што жыццёвае заданне, падрыхтаванае для нас Богам, страціла сваю актуальнасць. Здараецца, што надзея на будучыню згасае, а высакародныя ідэалы больш ужо не прывабліваюць. Тады ізноў у нашым жыцці з’яўляецца ўваскрослы Хрыстос і абуджае нашы самыя істотныя прагненні.

Дзве сустрэчы з Божым Сынам падчас лоўлі рыбы падобны адна да адной яшчэ і тым, што вучні не адразу пазналі Хрыста. Падчас першай сустрэчы яны не ведалі, чаго чакаць ад невядомай асобы, а другі раз Ён проста знаходзіўся далёка. Аднак гэтыя людзі ўжо не толькі рыбакі, яны — вучні Хрыста. За тры гады яны навучыліся прымаць і “бачыць” чалавека, шанаваць кожную асобу, прыслухоўваючыся да яе ўчынкаў і пачуццяў. Менавіта таму тое, што яны не хацелі рабіць у мінулы раз, яны зробяць не марудзячы — закінуць сеткі нават пасля няўдалай начной лоўлі рыбы. Вось так часам тое, чаму мы супраціўляемся, аказваецца вельмі важным і здольным прывесці Хрыста ў наша жыццё.

Божы Сын прыходзіць да вучняў не пры нейкіх незвычайных здарэннях, а ў штодзённых абставінах: лоўля рыбы і спажыванне ежы. Гэта не змяншае важнасці сустрэчы з Хрыстом, а паказвае, што Бог можа праяўляць Сябе ў штодзённым жыцці чалавека.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter