Сустракаемся ў Гродне

На розных мовах віталі жыхароў і гасцей горада над Нёманам удзельнікі ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
Старажытны горад Гродна зноў сустракаў Фестываль, што за 20 год стаў для яго брэндавым, сімвалічным. “Дзень добры!.. Шалом!.. Буэнас дзіас!.. Гамарджоба!..” — чулася з усіх бакоў. 


Вясёлая фестывальная плынь святочна віруе па гродзенскіх вуліцах

Традыцыйна свята распачалося шэсцем прадстаўнікоў розных дыяспар: азербайджанцы, афганцы, казахі, рускія, украінцы, яўрэі... Некаторыя нацыянальнасці былі прадстаўлены сёлета ўпершыню. Так, хлопчык-саксафаніст Максім Сарока з Рагачова, бацька якога амерыканец,  прадстаўляў ЗША. Браты Махер і Дзія Салом Алшых, студэнты Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, — Сірыю. А студэнт Гро-дзенскага медуніверсітэта Місбахул Рахумана Акіб — Шры-Ланку. Дружная кампанія хлопцаў і дзяўчат расказвала танцамі пра родную ім Нігерыю — гэта навучэнцы розных беларускіх вну: сяброўкі Дзімаку Іфуная і Малокву Даян, апранутыя ў рознакаляровыя доўгія сукенкі, са сплеценымі ў высокія прычоскі валасамі, падрыхтавалі традыцыйны танец свайго народа. На падворку ж разам з дзяўчатамі, бачыла, танчыў іх сябра Агу Учэчукву Саксэс. Упершыню прыехалі на фестываль чачэнцы і ліванцы. Усяго ж у свяце ўдзельнічалі прадстаўнікі 38 нацыянальнасцяў. 

На цэнтральных вуліцах Гродна — і танцы, і спевы, і тэатралізаваныя прадстаўленні ад кожнай дэлегацыі. Ад гаспадароў жа ўдзельнікі атрымалі святочныя караваі ў выглядзе сонейка з устаўленымі ўнутр саламянымі салонкамі: па старадаўняй славянскай традыцыі гасцей прынята частаваць самым дарагім, самым лепшым. Вось і ў Гродне сустракалі хлебам ды соллю. 


Фігурай дракона і вогненным шоу здзіўлялі гасцей прадстаўнікі кітайскай дыяспары

Шумна, весела, цікава было і на традыцыйных нацыянальных падворках. Ліліся гукі музыкі, радавалі вочы яркія колеры строяў артыстаў творчых этнакалектываў. У літоўскім дворыку, напрыклад, можна было адведаць цэпелінаў, халоднага баршчу, выпечку. Там жа — драўляны млын і хата. Старшыня суполкі “Віціс” Альфрыдас Кершыс казаў: звычайна ў жыллё літоўскіх сем’яў было прынята ставіць дабротную мэблю, упрыгожваць яе разьбою, сурвэткамі. 

Дарэчы, пазнаёміць гасцей фестывалю з традыцыямі дома, інтэр’ера розных народаў было адной з задумак арганізатараў. Таму казахі збудавалі юрты, прадстаўнікі каўказкіх народаў — саклі. Хоць і не ў сапраўдную мазанку, аднак у стылізаваны пакой з абразом і ручнікамі запрашалі ўкраінцы, частуючы гасцей баршчом з пампушкамі. Рускія ўпрыгожылі свой этнакуточак тульскім самаварам ды коўдрамі. Венесуэльскі дворык быў, пэўна, самы прыбраны: шмат было кветак ды гірляндаў. Кіраўнік Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара Эстрада Херарда казаў, што венесуэльцы — нежурботны народ, сумаваць ім няма калі. І тады ж музыкі зайгралі вясёлую мелодыю.


Прывітанне ад украінскіх сяброў

А вось папіць гарбаты з карэйцамі можна было, сеўшы на падлогу. Старшыня Асацыяцыі беларускіх карэйцаў Ры Кімі расказвала: карэйцы не карысталіся крэсламі ды ложкамі. У дамах былі цёплыя падлогі, таму людзі на іх і елі, і спалі. А замест пуховых падушак выкарыстоўвалі валікі, напоўненыя збожжам, што вельмі карысна для здароўя.

На вуліцах Гродна так шмат было ўсмешак! Здавалася: усе тут ведаюць адзін аднаго, а госці — прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў — сыны і дочкі адной вялікай і дружнай сям’і. Так, прыемна было назіраць, як музыку для танцораў з армянскага ансамбля “Эрэбуні” стваралі карэйскія барабаншчыкі, рускія падпявалі ўкраінцам, а ўкраінцы апладзіравалі рускім...

Пад час фестывалю і мяне чакалі некалькі сюрпрызаў. Ля беларускага падворка, ля парку імя Жылібера, сустрэліся з кіраўніком беларускага ансамбля “Цаглінкі” з польскай вёскі Старое Ляўкова, што пад Беластокам, Міколам Мяжынным. Запрашаў у сярэдзіне ліпеня ў госці: будуць адзначаць 40-годдзе калектыву. А на плошчы Леніна пабачыліся з кіраўніком Віленскага клуба “Гервечай” Альфонсасам Аугулісам. Ён узгадаў, як заходзіў неяк да нас у рэдакцыю і падзяліўся планамі: хоча наладзіць прэс-тур па Літве для журналістаў, якія пішуць на беларуска-літоўскую тэматыку. Абяцаў, што запросіць і карэспандэнтаў “Голасу Радзімы”.


Венесуэльцы ўмеюць весяліцца

Папрыгажэў горад Гродна яшчэ больш за час фестывалю. У Парку дружбы народаў, ля Каложскай царквы, з’явіліся новыя дрэвы ад удзельнікаў, што ўпершыню пабывалі на свяце. А ля падножжа ўзгоркаў, дзе размясціліся Стары і Новы замкі, на правым беразе Нёмана адкрыта скульптура “Ладдзя-насада”. Гродзенскі майстар Уладзімір Панцялееў выканаў яе, узяўшы за ўзор шахматную ладдзю XII стагоддзя і падарыў роднаму гораду. Яшчэ ў Гродне з’явіўся Музей Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Быў прэзентаваны Фотаальбом-летапіс свята, у які ўвайшлі фотаздымкі за ўсе 20 гадоў фэсту.  

Вельмі насычаная была на гэты раз і музычная праграма. Удзельнікі ад нацыянальных аб’яднанняў, а таксама эстрадныя выканаўцы выйшлі на сцэну ў вячэрнім гала-канцэрце майстроў мастацтваў “Кветкi Радзiмы”. І выконвалі песні, папулярныя ў розных краінах. Так, Аляксей Грос спяваў па-эстонску, група Las Vegas — па-латышску, а “Чысты голас” — на іўрыце. На беларускай мове, але ў сучаснай апрацоўцы выканаў “Рэчаньку” гурт NAVI, а “Дразды” прадставілі “А я лягу-прылягу”. 

На заключным канцэрце Міністр культуры Барыс Святлоў прыгожымі словамі завяршыў ХІ Фестываль нацыянальных культур: “Беларусь — гэта ручнік, на якім могуць вышываць культурныя ўзоры прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў”. Нездарма і сімвалам свята быў абраны сёлета бусел, крылы якога ўпрыгожваюць нацыянальныя арнаменты розных народаў. Вось і сімвалічныя фігуркі гэтай птушкі разам з дыпломамі ўдзельнікаў павезлі з сабою кіраўнікі дыяспар і творчыя этнакалектывы.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter