Минск
-3 oC
USD: 2.12
EUR: 2.35

Почетно и ответственно: в жилищном секторе Заводского района Минска появились старшие по двору

Суседзi з нашага двара

Гараджанам, якія жывуць у шматкватэрных дамах, хочацца бачыць свае пад’езды чыстымі, а двары — утульнымі, засаджанымі дрэвамі, кветкамі, упры­гожанымі бяспечнымі і яркімі дзіцячымі пляцоўкамі. Вось толькі непасрэдна займацца добраўпарадкаваннем ці санітарным «наглядам» хоча не кожны. Карэнным чынам змяніць сітуацыю вырашылі ў Заводскім раёне Мінска: прадстаўляць і адстойваць інтарэсы жыхароў дамоў там будуць так званыя старшыя па двары. Карэспандэнт «Р» даведалася, якія надзеі  ўскладаюць на гэтых людзей і чаго ад іх чакаюць.


Залатая сярэдзіна

Пытанняў, якія датычацца ўтрымання дамоў і двароў, заўсёды шмат: то ў пад’ездзе не прыбралі, то арэлі на пляцоўцы зламаныя, то тратуар вышчарбіўся. Адны, махнуўшы рукой, праходзяць міма, другія бамбяць скаргамі жыллёва-эксплуатацыйныя службы, а то і адміністрацыю, прычым, бывае, нават не па адрасе. Верагодна, павінен быць актыўны чалавек, які зможа каардынаваць падобныя зносіны: перадаваць пажаданні, скаргі, прапановы людзей туды, дзе іх могуць вырашыць, і інфармаваць аб гэтых рашэннях.

— Перыядычна ў адміністрацыі Заводскага раёна абмяркоўвалася, як развіваць ініцыятыву грама­дзян і пашыраць іх магчымасці ў вырашэнні пытанняў, звязаных з жыллёвым фондам, добра­ўпарадкаваннем і санітарным утрыманнем дваровай тэрыторыі, — расказвае Мікалай Бойка, намеснік дырэктара КУП «ЖКГ Заводскага раёна г. Мінска». — Калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага сама­кіравання (КОТГС) ёсць у кожным раёне сталіцы, але хацелася больш цеснай сувязі з людзьмі. Былі яшчэ старшыя па пад’ездзе, але пад’ездаў у раёне каля 3500, ды і не ў кожным з іх знойдзецца актыўны чалавек. Вось і знайшлі сярэдзіну: няхай будзе старшы па двары.

Новы дзіцячы комплекс карыстаецца вялікай папулярнасцю ў юных жыхароў усяго наваколля.

Палажэнне, якое б прад­угледж­вала правы і абавязкі гэтых актывістаў, распрацоўвалі і абмяркоўвалі з лета. Нарэшце яго зацвердзілі і прыступілі да падбору.

— Сваю кандыдатуру можа прапанаваць сам чалавек. Група жыхароў двара мае права вылучыць самага вартага. Заў­сёды працуюць з людзьмі, а значыць, добра іх ведаюць, прадстаўнікі КОТГС і жыллёва-эксплуатацыйных участкаў, яны таксама могуць назваць таго, хто здольны прадстаўляць інтарэсы двара, — пералічвае Мікалай Бойка.

Старшыя па двары будуць працаваць выключна на грамадскіх пачатках — гэта значыць без аплаты. Але магчымасць заахвоціць іх усё ж ёсць: штоквартальна падводзяцца вынікі дзейнасці КОТГС, і лепшыя атрымліваюць даволі буйныя грашовыя прэ­міі. Традыцыйна палова іх выдат­коўваецца на паляпшэнне матэ­рыяльна-тэхнічнай базы або добраўпарадкаванне, а астатняе — на прэміраванне актыўных удзельнікаў.

Сёння абрана ўжо 68 старшых па двары. Мяркуецца, што да канца года іх стане не менш за 200 чалавек на 970 дамоў. Дарэчы, распрацаваны ўзор пасведчання для іх.

Фота прадастаўлена ЖКГ Заводскага раёна Минска

Асноўная задача старшага — фіксаваць, вывучаць і аналізаваць прапановы, пажаданні, скаргі жыхароў кватэр па пытаннях добраўпарадкавання і ўтрымання ў чысціні і парадку дамоў і двароў, а потым паведамляць аб іх у жыллёва-эксплуатацыйныя службы. Калі ўзніклыя праблемы, напрыклад, з тэхнічным абслугоўваннем, нельга вырашыць на ўзроўні ЖЭУ ці ЖКГ, старшы па двары можа напрамую звярнуцца ў адміністрацыю раёна. Нагляд за чысцінёй і парадкам у месцах агульнага карыстання, за правіламі ўтрымання хатніх жывёл, арганізацыя суботнікаў, удзел у вясеннім і асеннім аглядах жылля і двара з канкрэтнымі прапановамі па паляпшэнні іх стану і выгляду — усё гэта можа рабіць прадстаўнік жыхароў двара. Ну і, зразумела, інфармаваць суседзяў аб рашэннях адміністрацыі раёна і ЖЭУ, якія датычацца іх двара, а таксама ўзгадняць акты работ, праведзеных у пад’ездзе.

Камфорт — у дробязях

— Наш двор  самы прыгожы! — безапеляцыйна заяўляе Мікалай Валчкоў, абраны жыхарамі старшым па двары на вуліцы Герасіменкі, 18 у Мінску.

З гэтым цяжка паспрачацца: мноства дрэў, клумбы, што квітнеюць нават зараз, у сярэдзіне лістапада, новы гульнявы комплекс на дзіцячай пляцоўцы і нават… домік для бяздомных катоў.

— Спачатку жывёл кармілі пад балконам паміж чацвёртым і пятым пад’ездамі, — Яўген, заступнік мясцовых хвастатых, раскладвае для іх абед. — Але многім гэта не падабалася — пах, мяўканне, летам мухі… Узнікалі канфлікты, і тады Мікалай Уладзіміравіч сам змайстраваў домік. Зараз тут жывуць дзве кошкі, былі яшчэ кацяняты, але іх ужо ўсіх прыстроілі. 

Домік для бяздомных катоў Мікалай Валчкоў змайстраваў сам, каб пазбегнуть канфліктаў паміж суседзямі.

Калі перад жыхарамі двара паўстала пытанне, каго абраць старшым, нават сумненняў не было: толькі Мікалая Валчкова. Інтарэсы суседзяў ён, па сутнасці, прадстаўляў заўсёды. Дзякуючы ў тым ліку яго намаганням з’явілася новае абсталяванне на дзіцячай пляцоўцы, а на мінулы Новы год у двары прайшло сапраўднае агульнае свята з ёлкай, Дзедам Марозам і Снягуркай, падарункамі і гармонікам, якое сабрала не менш за 100 чалавек.

— Камфорт складаецца з дробязей, — лічыць Мікалай Уладзіміравіч. — Вось, бачыце, тратуары аддзялілі ад кветніка невялікім бардзюрам, паставілі нізенькую агароджу — і машыны з боку дома больш не паркуюцца, не псуюць коламі зеляніну. У бліжэйшых планах — падлатаць тратуар.

Заразлівы прыклад не заўсёды дрэнны, добры прыцягвае не менш паслядоўнікаў. Дакладна невядома, хто першым упры­гожыў карцінамі і вазонамі лесвічную пляцоўку, але зараз кветкі, малюнкі, палічкі з рознымі ручнымі вырабамі — на кожным паверсе пад’езда. Прыбіраюць іх таксама самі жыхары.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Татьяна СТОЛЯРОВА
Загрузка...