Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Суседства родніць і злучае

Іларыён Свянціцкі 

У беларускіх творцаў ёсць моцныя культурныя сувязі з украінскімі калегамі


Сяргей Панізьнік, якому нядаўна споўнілася 75, — даўні аўтар нашай рэдакцыі. А яшчэ ён дзеліцца з намі ўражаннямі ад прачытанага, нагадвае пра даты, юбілеі, на якія варта звяртаць увагу. Летась, напрыклад, атрымалі ад яго такі ліст: “Віншую з 140-годдзем ад нараджэння Іларыёна Сямёнавіча Свянціцкага (7.04.1876 — 18.09.1956) — украінскага вучонага, этнографа, доктара філалагічных навук (1902), стваральніка Нацыянальнага музея ў Львове і Беларускага аддзела ў ім. То быў і першы дырэктар музея, што сёння носіць імя мітрапаліта Андрэя Шэптыцкага. Карэньчыкі ж радаводу Іларыёна Сямёнавіча — на паўднёвым захадзе Беларусі. Ён і збіральнік-захавальнік, і глыбокі даследчык духоўных скарбаў беларускага народа, неацэнны скарыназнаўца, сябар Яна Луцкевіча, Янкі Купалы...”

Вось якая каштоўная інфармацыя для беларусаў Львова! Ім жа можна, як кажуць, па гэтых слядах знайсці шмат цікавага. Да таго ж спадар Сяргей даслаў нам здымак Іларыёна Свянціцкага ды “аздобінкі з яго магутнага кнігазбору, якія Анісся Мацвееўна Свянціцкая дазволіла перафатаграфаваць у Дзяржаўным музеі ўкраінскага мастацтва на вул. Драгаманава, 42”. Здымкі тыя Сяргей зрабіў у 1966 годзе — ёсць у рэдакцыі. 

Да Львова мае дачыненне нават Максім Багдановіч. Хоць ён там не бываў, аднак жа ягоную згадку пра горад даслаў нам супрацоўнік Купалаўскага музея Павел Каралёў. Такім чынам, радкі ад Багдановіча: “Львоў вельмі прыгожы і знакаміты. Ён угняздзіўся сярод гор, на адной з якіх, а непасрэдна на “Замкавай гары”, расце дзівосны парк. Як горад з багатай даўніной, Львоў мае многа прыгожых даўніх пабудоў”. Раіць Павел, расказваючы пра “беларускі Львоў”, згадаць, што ў бібліятэцы імя В. Стафаніка знаходзяцца кнігі Францыска Скарыны, многія ўніяцкія выданні з беларускіх земляў. А памятная дошка ў гонар нашай суайчынніцы, пісьменніцы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) умацаваная на будынку біялагічнага факультэта (вул. Грушэўскага, 4): раней гэта быў галоўны корпус універсітэта. Украінскі перыяд жыцця выдаўся для беларускі плённым. Яна вучылася на філасофскім факультэце, а непадалёк ад Львова, у друкарні базыльянскага манастыра ў Жоўкве, выдала два першыя зборнікі сваіх вершаў: “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”. У Львове ж пісала многія свае творы, і заўжды з удзячнасцю ставілася да ўкраінцаў, прызнаючыся, што ў розных справах яны “шмат нам спрыяюць”.

З інтэрв’ю з паэтэсай Яраславай Паўлычкай з Львова ў газеце “ЛіМ” (6.04.2014) даведваемся, што яна ўсё творчае жыццё актыўна цікавіцца беларускай літаратурай. З Львовам у розныя гады былі звязаны беларускія творцы Вячаслаў Рагойша, Таццяна Кабржыцкая, Валянціна Коўтун, Сяргей Панізьнік, Алесь Карлюкевіч ды іншыя. “Для многіх прадстаўнікоў беларускай творчай эліты горад стаў родным і блізкім, — лічыць Яраслава Паўлычка. — Прычым любуючыся хараством Львова, скарыстоўваючы яго энергетыку, беларусы падсілкоўваліся і любоўю да свайго, роднага. З даўніх гістарычных сведчанняў вядома, што Галіцкі грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі і епіскап Бацян мелі асабліва цесныя стасункі з Беларуссю, а яшчэ — першы дырэктар Нацыянальнага музея ў Львове Іларыён Свянціцкі, які арганізаваў у музеі аддзел беларускага мастацтва... Закуплены ў лютым 1908 года беларускі збор Татура праз яго памочніка, знанага беларускага палітычнага дзеяча Івана Луцкевіча, істотна ўзбагаціў калекцыю” . 

Іван Іванаў


Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter