Сусед суседа — зразумее

Пытанні міжэтнічных адносін у Літве і Беларусі абмяркоўвалі ў Сейме Літоўскай Рэспублікі
Нядаўна я пабывала на міжнароднай канферэнцыі “Партнёрства ў міжэтнічных адносінах і нацыянальнай палітыцы Літвы і Беларусі: інстытуцыйныя адносіны і прававыя аспекты”, якая праходзіла ў Сейме Літвы. І перш, чым расказаць пра яе — невялічкае назіранне. Сёння ў кнігарнях Мінска лёгка знайсці падручнікі, дапаможнікі па розных мовах. Запатрабаваныя сярод беларусаў размоўнікі: арабская, турэцкая, кітайская мовы. На любы густ ды ўзровень падрыхтоўкі — падручнікі па англійскай, нямецкай, французкай... У кнігарні пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ды ў нэце ёсць падручнікі па фінскай, балгарскай, літоўскай мовах. Дарэчы, апошняя ў Беларусі запатрабаваная: ёсць моўныя школы, курсы пры Пасольстве Літвы. І нядзіўна: Беларусь і Літва — краіны-суседзі. Некаму літоўская мова — родная, камусьці патрэбная для бізнес-кантактаў. Паводле перапісу-2009, у Беларусі жыве больш за 5000 літоўцаў, і каля 4,5 тысяч з іх карыстаюцца моваю этнічнай радзімы штодня. А на Гродзеншчыне працуюць дзве сярэднія школы з літоўскай мовай навучання: у вёсках Рымдзюны на Астравеччыне і Пелясе на Воранаўшчыне. І ў кожнай — да 150 вучняў.


Сяброўскі дыялог арганізатараў сустрэчы

Пра цікавасць да вывучэння моваў нацменшасцяў гаварыла на канферэнцыі ў Вільнюсе старшыня экспертнага савета пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (Беларусь), старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Наталля Кутузава. Яна паведаміла: у Беларусі мовы краін-суседзяў не маюць статуса замежных, аднак цікавасць да іх вывучэння каласальная. Так, каля 7 тысяч чалавек вывучаюць польскую, літоўскую, латышскую, украінскую мовы. Для гэтага пры этнасуполках адкрываюцца нядзельныя школы. Бывае, па жаданні бацькоў мовы выкладаюцца факультатыўна ў агульна-адукацыйных школах.

Сітуацыю з вывучэннем моў нацменшасцяў у Літве на канферэнцыі асвятляла віцэ-міністр Міністэрства асветы Літвы Наталля Істоміна. На працягу апошніх 10 гадоў там памяншаецца агульная колькасць нацыянальных школ. Напрыклад, з 2005-га знізіўся працэнт рускіх школ: на 35%. На прымежных тэрыторыях у школах выкладанне вядзецца на мовах, родных прадстаўнікам нацменшасцяў. Так, значная колькасць рускіх школ знаходзіцца ў Клайпедзе і Вісагінасе, па краіне дзейнічаюць 52 польскія школы. Вельмі моцныя, па ацэнцы спецыяліста, гімназіі: нямецкая імя Зудэрдэна ў Клайпедзе ды беларуская імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе.   (Заканчэнне. Пачатак на стар. 1)

Беларуская гімназія: працяг традыцый

Па вуліцы Сеціно, 21 у Вільнюсе 22 гады працуе адзіная дзяржаўная школа ў Літве з беларускай мовай навучання. Яна ж працягвае традыцыі Першай беларускай віленскай гімназіі, якая працавала з 1919 па 1944 год. З 1997-га школа носіць імя Францыска Скарыны, а ў 2013-м ёй нададзены статус гімназіі.

Пра асаблівасці адукацыйнай праграмы, склад вучняў, традыцыі на канферэнцыі расказвала дырэктар Вільнюскай беларускай гімназіі Дзіяна Стахновіч. Сёння ў гімназіі 173 вучні, 18 дзяцей — у падрыхтоўчай групе. У пачатковай школе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску, з 5 класа — і па-беларуску, і па-літоўску. Так што гімназія складае канкурэнцыю любой літоўскай школе. Па словах дырэктаркі, выпускнікі гімназіі вучацца і ў літоўскіх універсітэтах, і ў розных навучальных установах Еўрасаюза. Акрамя таго, у іх ёсць магчымасць бясплатна вучыцца ў вну Беларусі. Шмат гадоў між Літвой і Беларуссю дзейнічае міжурадавае пагадненне, па якім 20 абітурыентаў, якія маюць беларускія родавыя карані, могуць па-за конкурсам паступаць у беларускія вну. Сёлета, па словах дырэктаркі, некалькі выпуснікоў рыхтуюцца да ўступных іспытаў у мінскія лінгвістычны, эканамічны ды медуніверсітэты.

Гімназісты з Вільнюскай беларускай гімназіі часта бываюць у Беларусі на экскурсіях, адпачываць у летніках. Там захоўваюць традыцыі: штогод 

1 лютага адзначаюць Дзень гімназіі. Менавіта ў гэты дзень 97 год таму гімназія адчыніла дзверы для першых вучняў. А 21 лютага настаўнікі і гімназісты святкуюць Міжнародны дзень роднай мовы. Дарэчы, сёлета святу прысвячаўся цэлы тыдзень, на ім пабываў і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў.


Дзіяна Стахновіч з падарункам ад сяброў з Шауляя

Рух насустрач

Пра супрацоўніцтва з беларусамі ў розных краінах, у тым ліку і ў Літве, расказвала намеснік старшыні Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” Галіна Навіцкая. Успомніла пра шматгадовае сяброўства са Згуртаваннем беларускіх грамадскіх аб’яднанняў Літвы, у складзе якога цяпер — 20 суполак з розных рэгіёнаў. Неаднаразова праходзілі сумесныя круглыя сталы, канферэнцыі. І сёння “Радзіма” ладзіць гастролі беларускіх фальклорных гуртоў па розных гарадах Літвы, прымае самадзейных беларускіх артыстаў з краіны-суседкі ў Беларусі, аказвае супляменнікам візавую ды іншую падтрымку. З 2008 года “Радзіма” сябруе з літоўскай Асацыяцыяй “New format”. Дарэчы, цяперашняя канферэнцыя — гэта сумесны праект абедзвюх арганізацый. Дый не першы: у 2013-м у Вільнюсе прайшоў круглы стол “Моладзь без межаў”. Тады гаварылі пра ўдзел моладзі ў грамадскім руху Літвы і Беларусі, тройчы ў Паланзе праводзіўся Фестываль нацыянальных культур. А летась “Радзіма” ладзіла экскурсію для беларусаў Літвы на Смаргоншчыну, у Залессе: святкавалася 250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага. 

Прэзідэнт Асацыяцыі “New format”, старшыня нацыянальных абшчын партыі “Парадак і справядлівасць” Ніна Шасцернікава звярнула ўвагу на некаторыя заканадаўчыя моманты. Калі ў Беларусі міжэтнічныя адносіны і правы прадстаўнікоў нацменшасцяў забяспечваюцца і рэгулююцца Законам “Аб нацыянальных меншасцях Рэспублікі Беларусь”, то ў Літве такога закона няма. Выступоўца казала, што Літва — краіна шматнацыянальная. Паводле перапісу-2011, у краіне — 154 тысячы жыхароў не літоўцаў па нацыянальнасці. З іх найбольш палякаў (6,6 адсотка ад усіх грамадзян краіны) і рускіх (5,8), а беларусаў — каля 1,2 адсотка. Каля 9 адсоткаў прыпадае на іншыя нацменшасці. “У цэлым сітуацыя ў галіне міжэтнічных стасункаў нядрэнная, — гаварыла Ніна Шасцернікава. — Ужо некалькі год паспяхова працуе Дэпартамент нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літвы. Аднак часам здаецца, што пытанні нацменшасцяў залішне палітызаваныя. Мяркую, з прыняццем адпаведнага закона ўдалося б расставіць усе кропкі над “і”.

Дарэчы

Час правядзення канферэнцыі супаў з Міжнародным днём цыганскай нацыі — 8 красавіка. Удзельнік форуму Aртур Гоманаў, віцэ-старшыня Беларускай цыганскай дыяспары, распавёў пра перспектывы развіцця цыганскай мовы і культуры ў Беларусі. Ад прадстаўніц Цэнтра нацыянальных культур з Шауляя, дзе створаны цікавы парк (на лаўках напісаны словы з песень, вершаў, фальклора розных этнічных груп), Артур атрымаў у падарунак фота “ромскай лаўкі”. А Дзіяна Стахновіч атрымала фота “беларускай лаўкі”: са словамі Якуба Коласа “Мой родны кут...”

Кацярына Мядзведская

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter