Вядомая “Блакадная кніга” упершыню выдадзена ў Беларусі на рускай мове

Суровая праўда пра вайну

Вядомая “Блакадная кніга”, якую стварылі сумесна беларус Алесь Адамовіч і піцерскі пісьменнік Данііл Гранін, упершыню выдадзена ў Беларусі на рускай мове.

Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Пра тое, як яна стваралася, пра выключна важную ролю ў праекце пісьменніка Алеся Адамовіча мы расказвалі ў тэксце “Выпрабаванне праўдай” (9.04.2015). Тады ж пацікавіліся ў галоўнага рэдактара выдавецтва Віктара Шніпа: як ішла кніга да беларускага чытача? “Летась у Санкт-Пецярбурзе праходзіла кніжная выстава, пад час якой кіраўніцтва нашага выдавецтва вяло перамовы аб сумесных беларуска-піцерскіх кніжных праектах, —  расказаў ён. — Згадалі пры тым і пра “Блакадную кнігу”. Калі мы паставілі яе ў выдавецкія планы, бібліятэкі зацікавіліся: тыраж, мяркуем, будзе запатрабаваны. Мы атрымалі дазвол на перавыданне кнігі ад Наталлі Адамовіч, дачкі піьменніка, і Данііл Гранін, якому я званіў у Піцер, таксама даў на тое згоду. Скажу нават: з радасцю пагадзіўся! Праўда, сказаў: хацелася б, каб кніга выйшла на беларускай мове. Мяркую, з часам так і будзе. Цяперашні тыраж — каля дзвюх тысяч экзэмпляраў”.  

У беларускае выданне ўвайшлі і ўнікальныя блакадныя фотаздымкі, на выкарыстанне якіх, паводле слоў Віктара Шніпа, далі дазволы піцерскія архівы. Важны момант: у прадмове да “Блакаднай кнігі” ўпершыню ў Беларусі выкладзена гісторыя яе стварэння. Тэкст паводле дзённікавых запісаў Алеся Адамовіча падрыхтавала ягоная дачка Наталля.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter