Супрацоўніцтва вызначае свой заакіянскі вектар

Беларусь можа прыняць удзел у развіцці турыстычнай інфраструктуры на Кубе
Цікавае гарадское жыццё на вуліцах ГаваныПа словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Рэспубліцы Куба Ігара Палуяна, штогод Кубу наведваюць звыш двух мільёнаў замежных турыстаў. У краіне створана развітая сетка гатэляў іспанскіх, германскіх, канадскіх кампаній. Беларусь можа прыняць удзел у будаўніцтве гасцініц, абсталяванні іх бытавой тэхнікай, у пастаўках мэблі, а таксама будаўнічых матэрыялаў. “Па прагнозах, у бліжэйшыя гады ўязны турызм на Кубу ўзрасце ў 2-3 разы. Такога роду інвестыцыі здольны ў будучым даць Беларусі вельмі сур’ёзную аддачу”, — лічыць пасол.

Адным з асноўных сегментаў палітычнага супрацоўніцтва Беларусі і Кубы пасол назваў узаемадзеянне краін у міжнародных арганізацыях. “Мы досыць доўга і вельмі плённа працуем у Арганізацыі аб’яднаных нацый, іншых міжнародных арганізацыях, а таксама ў рамках Руху недалучэння, — адзначыў дыпламат. — Рух недалучэння нам цікавы як у палітычным, так і гандлёва-эканамічным плане, бо іншыя краіны-ўдзельніцы — гэта велізарныя перспектыўныя рынкі”.

Па меркаванні беларускага пасла, у Руху недалучэння трэба правесці значную работу па кансалідацыі яго ўдзельнікаў і наданню большага статусу самой структуры. “Калі атрымаецца дасягнуць вызначаных мэт, а краіны актыўна працуюць у гэтым накірунку, у тым ліку Беларусь, Куба, Венесуэла, Індыя, Рух недалучэння можа стаць дадатковым полюсам у свеце”, — заключыў Ігар Палуян.

Юрый Акудовіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter