Супраціўленне злу

У нашым жыцці мы часта сутыкаемся з неабходнасцю выбіраць, як нам рэагаваць на зло. Яго немагчыма не заўважаць, асабліва тады, калі яно скіравана супраць нас: мяне пакрыўдзілі, падманулі, нанеслі фізічны боль, паступілі несправядліва...

Для таго, каб увесці нейкі парадак у грамадскія адносіны, каб пазбегнуць “вайны ўсіх супраць усіх”, як бы назваў гэта філосаф Томас Гобс, у часы Старога Запавету быў распаўсюджаны просты запавет справядлівасці — вока за вока і зуб за зуб. Варта памятаць, што ў біблейскіх тэкстах адлюстроўваецца ментальнасць тагачасных людзей, а таксама тое, што Бог паступова аб’яўляе сябе людзям, рыхтуючы іх да прыняцця сапраўднага вобразу Бога, які мы знаходзім у Новым Запавеце.

Для Хрыста прыкметай праведнасці, святасці з’яўляецца любоў. Любоў не толькі да тых, хто нас любіць, але таксама і да ворагаў. Старазапаветнаму закону справядлівасці супрацьпастаўляюцца запавет прабачэння крыўд, заклік перамагаць прагу помсты і не адказваць злом на зло. Аднак гэта не азначае, што зло можна апраўдаць, не звяртаць на яго ўвагі. Больш за тое, Хрыстос не забараняе супрацьстаяць несправядлівасці і змагацца са злом у свеце.

Аднак у першую чаргу кожнаму з нас трэба пазбавіцца зайздрасці, злосці, нянавісці, жадання адпомсціць. Нашыя пачуцці могуць абвінавачваць крыўдзіцеля, патрабаваць расплаты, асуджэння. Калі нашае сэрца адкрые ў сабе дар прабачэння, то мы выразна ўбачым тое, што наш крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшым стане, чым мы. Лепш стаць ахвярай несправядлівасці, чым адказаць злом на зло.

Нават тыя, хто ніколі не адкрываў Біблію, добра ведаюць евангельскую параду рэагавання на зло: “Хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую”. Адным з найбольшых прыніжэнняў у часы Хрыста лічыўся ўдар знешнім бокам далоні па твары. Але ж нельга з такой самай моцай ударыць чалавека знешнім бокам далоні той самай рукі па другой шчацэ, нязручна. Ці не з’яўляецца гэта добрай ілюстрацыяй праўды аб тым, што, адказваючы дабром на зло, мы нібы пазбаўляем зло сілы? У іншым выпадку яно толькі набірае моц.

Святая Маці Тэрэза з Калькуты пакінула парады кожнаму, хто выбірае дарогу евангельскай маралі: “Людзі бываюць неразумныя, нелагічныя і эгаістычныя. Любі іх, нягледзячы на гэта. Калі ты зробіш штосьці добрае, цябе папракнуць у эгаізме і таемных намерах. Усё роўна рабі дабро. Калі ты дасягнуў нечага, то ў цябе з’явіцца мноства ўяўных сяброў і сапраўдных ворагаў. Усё роўна працуй, нягледзячы на гэта. Сумленнасць і адкрытасць паставяць цябе пад удары. Нягледзячы на гэта, будзь сумленны і адкрыты. Тое, што ты будаваў гадамі, можа быць разбурана за адну хвіліну. Будуй, нягледзячы ні на што”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter