Супольныя каштоўнасці

Са Львова і Луцка прыбылі ў Мінск партрэты магнатаў Вялікага Княства Літоўскага і слуцкія паясыУ Нацыянальным мастацкім музеі – дзве новыя ўнікальныя экспазіцыі, прывезеныя з Украіны. Першая, а гэта “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага”, паходзіць з музеяў Львова і Луцка. Другая, “Слуцкія паясы”, грунтуецца на зборах Львоўскага гістарычнага музея.
Са Львова і Луцка прыбылі ў Мінск партрэты магнатаў Вялікага Княства Літоўскага і слуцкія паясы

Слуцкія паясыУ Нацыянальным мастацкім музеі – дзве новыя ўнікальныя экспазіцыі, прывезеныя з Украіны. Першая, а гэта “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага”, паходзіць з музеяў Львова і Луцка. Другая, “Слуцкія паясы”, грунтуецца на зборах Львоўскага гістарычнага музея.
Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў на ўрачыстым адкрыцці экспазіцый адзначыў: праект рэалізуецца сумесна з украінскімі калегамі. Прысутныя віталі гендырэктара Львоўскай нацыянальнай галерэі мастацтваў Ларысу Разінкову-Вазніцку, намесніка дырэктара Львоўскага гістарычнага музея Тараса Рудзько, дырэктара Валынскага краязнаўчага музея Анатоля Сілюка і галоўнага захавальніка фондаў Музея-запаведніка “Алескі замак” Таццяну Сабадаш. Яны ж паведамілі: гэта ўжо трэцяя падобная выстава, пасля Львова і Вільнюса. У тым ёсць вялікі сэнс: як вядома, да Люблінскай уніі 1569 года і Львоў, і Луцк, і Вільня (Вільнюс), і Мінск (Менск) уваходзілі ў склад адной дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Таму госці казалі, што яны адчуваюць сябе на беларускай зямлі вельмі камфортна, бо і цяпер беларусаў, украінцаў і літоўцаў аб’ядноўваюць сумесная культурная спадчына і агульныя старонкі мінуўшчыны.
Намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік адзначыў: супольная спадчына – гэта вялікае багацце, яе трэба і беражліва захоўваць, і разам выкарыстоўваць. Шчыруе ў гэты бок якраз наш Мастацкі музей. Яго спецыялісты шукаюць і экспануюць каштоўнасці, якія маюць дачыненне да беларускай гісторыі, але па розных прычынах знаходзяцца за рубяжом.
Тэму прадоўжыў старшыня грамадскай камісіі “Вяртанне” пры Беларускім фондзе культуры Адам Мальдзіс. Ён звярнуўся да нядаўна выдадзенай сваёй кніжкі “Беларускія скарбы за рубяжом”.
Гэты нястомны шукальнік скарбаў паўтарыў гісторыю з кнігі пра зборы мінскага археолага, уладальніка багатага прыватнага музея Генрыка Татура. На пачатку ХХ стагоддзя ўдава збіральніка прадала асноўную частку экспанатаў львоўскаму мітрапаліту Шаптыцкаму, і яны трапілі ў львоўскія дзяржсховішчы. Вядома, юрыдычнага права на іх цяпер Беларусь не мае, але права этычнае на сумеснае выкарыстанне, паказ на будучай спецыяльнай выставе ў Мінску – застаецца. Прамоўца прыгадаў, што калі па сцэнары Уладзіміра Караткевіча ў Алескім замку, на Львоўшчыне, здымаліся сцэны з фільма “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, туды вывезлі з зачыненых гродзенскіх касцёлаў драўляныя скульптуры святых. То пара вярнуць святыні! І ўкраінскія госці з тым пагадзіліся.
Што пабачылі мы на ўкраінскіх экспазіцыях у музеі? У трох залах на першым паверсе – больш за 60 партрэтаў вядомых дзеячаў Рэчы Паспалітай і ВКЛ, звязаных з беларускай зямлёй дзяржаўнымі справамі і асабістым прабываннем. Куратар выставы Алена Карпенка, загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Мастацкага музея, гаварыла: акцэнт арганізатары зрабілі на Вялікім Княстве Літоўскім, магутнай дзяржаве, якая пераўзыходзіла суседнія развіццём эканомікі ды культуры. Упершыню ў Мінску сабраны партрэты ўладароў і магнатаў, якія складалі аснову дзяржаўнасці краіны. Побач з каралямі – магутныя магнацкія роды Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў, Сангушак, Пацеяў. Найбольш шырока прэзентаваны партрэты Радзівілаў, і кожны – нібы дакумент эпохі, у якім бачна месца і значэнне асобы сярод іншых людзей. Твары на партрэтах як жывыя, адлюстроўваюць душэўныя якасці магнатаў. І яны паўстаюць перад намі ў сваёй патаемнай сутнасці мінулых стагоддзяў, з адметнай рысай шляхты – знакамітымі золататканымі слуцкімі паясамі.
І чатыры непаўторныя паясы з Львоўскага гістарычнага музея можна было пабачыць на выставе на другім паверсе. Два створаны на Слуцкай мануфактуры перыяду Леана Маджарскага з лацінамоўнай меткай “У горадзе Слуцку”. Трэці рабілі на фабрыцы Францішка Маслоўскага ў Кракаве. Чацвёрты не мае ніякіх сігнатур, але зроблены па лепшых узорах Маджарскага, дзе “заміж персідскага ўзору” ўзнікаў “цвяток радзімы васілька”.
Прыцягваюць увагу і жаночыя партрэты Барбары Радзівіл, Уршулі Мнішак, Тэафілі Вішнявецкай ды іншых знакамітых спадарынь. Гэта працы Канстанціна Александровіча, Шымана Багушовіча ды іншых майстроў-партрэтыстаў. Ёсць нямала твораў і невядомых мастакоў, гэта партрэты Міхала Казіміра “Рыбанькі”, Кароля Станіслава Радзівіла “Пане Каханку”, Яна Кароля Хадкевіча, Льва Сапегі, Канстанціна Астрожскага.
Выстава партрэтаў дзеячоў ВКЛ адчынена да 26 жніўня, а слуцкія паясы будуць у нас да 18 красавіка наступнага года.

Людміла Малей

На здымку:
Слуцкія паясы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter