Супердрапежнiк

Канадскія навукоўцы склалі рэйтынг самых эфектыўных драпежнікаў на планеце. Галоўны сярод іх — чалавек
Канадскія навукоўцы склалі рэйтынг самых эфектыўных драпежнікаў на планеце. Галоўны сярод іх — чалавек. “Супердрапежнік”, так яго назвалі даследвальнікі, на сушы з’яўляецца спрытнейшым за ільва і ваўка, а на вадзе абыходзіць касатку і акулу. Ён забівае ў дзевяць разоў больш самага зацятага драпежніка. 

Чалавечае духоўнае дзікунства таксама б’е рэкорды: днямі ЮНЕСКА рашуча асудзіла разбурэнне баевікамі “Ісламскай дзяржавы” старажытнага храма цывілізацыі Баалшаміна. Гэта не першы вар’яцкі акт вандалізму з боку ісламістаў у сірыйскай Пальміры. На пачатку ліпеня яны кувалдамі знішчылі тамтэйшыя антычныя статуі і забілі 82гадовага навукоўца — дазорнага гістарычнага комплексу.
Дыпламатычнымі намаганнямі паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй быў зведзены да нуля магчымы новы ваенны кафлікт, які днямі ўспыхнуў на Карэйскім паўвостраве. Далейшыя перамовы накіраваныя толькі на паляпшэнне двухбаковых сувязей.

Абвастрэнне ўкраінскага канфлікту, якое назіралася апошнім часам, толькі павялічвае супрацьстаянне Расіі і Захаду. Прычым, далейшым цэнтрам гэтых ваенна-палітычных спрэчак можа стаць Каўказ — Грузія, Арменія і Азербайжан, упэўненыя эксперты амерыканскай прыватнай разведвальнааналітычнай кампаніі Stratfor.

Тым часам у Берліне завяршылася сустрэча лідараў Германіі, Францыі і Украіны Ангелы Меркель, Франсуа Аланда і Пятра Парашэнкі. Кіраўнікі дзяржаў “нармандскай чацвёркі” сабраліся ў палітычным фармаце “тройкі” — без расійскага Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Аднак галоўная выснова трохбаковых перамоў засталася нязменная: альтэрнатывы Мінскім пагадненням няма, і трэба рабіць усё магчымае для спынення баявых дзеянняў у Данбасе. 

І яшчэ некалькі фактаў у тэму. З-за грамадзянскай вайны на паўднёвым усходзе Украіны Кіеў апынуўся ў дзясятцы найменш прыдатных для жыцця мясцін. У сусветным рэйтынгу са 140 гарадоў, складзеным даследчай кампаніяй Economist Intelligence Unit (EIU), украінская сталіца размясцілася на 132м месцы, поруч з найбуйнейшым населеным пунктам Камеруна Дуалай і сталіцай Зімбабве Харарэ. 

Між іншым, паводле заявы прэзідэнта Пятра Парашэнкі, у эканоміцы Украіны пераадолены крызісныя з’явы. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што эканамічны рост у краіне можа аднавіцца ў бліжэйшыя месяцы, калі не ўзнікне эскалацыя ўзброенага канфлікту. Апроч таго, Парашэнка паабяцаў украінцам знайсці магчымасць для індэксацыі зарплат і пенсій, якія не павышаліся на працягу двух гадоў.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Мяне таксама.

Сустрэнемся пазней...

Ігар Савосценка, 
галоўны рэдактар
sav@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter