Сунiчны водар

Пра шчодры сасоннiк, добрую бабулю i сквапных людзей

Пра шчодры сасоннiк, добрую бабулю i сквапных людзей

Сярод маiх назiранняў i запiсаў пра ягады – а iх набралася тры тоўстыя сшыткi, усяго каля тысячы – шмат пра сунiцы. Паслухайце хаця б пра такую прыгоду, на жаль, не толькi радасную, але i сумную.

Аднойчы мы з сябрам паехалi ў лес на наша запаветнае месца па першыя лiсiчкi. Тут яны з’яўлялiся на дзiва рана. Прыветны куточак мы ўсяляк аберагалi, лiсiчкi збiралi вельмi акуратна, мо таму яны так i радавалi нас. Але ж  на гэты раз iх яшчэ не было, вiдаць, не хапала нашым грыбкам вiльгацi, бо каля месяца трымалася спякота. Ну што ж, пачакаем.

Выбiраемся на край маладога сасоннiку i не верым сваiм вачам — увесь дол усыпаны спелымi сунiцамi. Падчас маiх “паходаў” па гэтыя ягады, асаблiва ў дзяцiнстве, бачыў iх шмат, але не столькi, як зараз. Ускраек сасоннiку быў з поўдня i, здаецца, падставiў цёпламу сонцу свой бок з сунiцамi. Сярод рэдкай невысокай травы безлiч тоненькiх зялёных кусцiкаў, на якiх вiсяць чырвоныя ягадкi. Не, яны зусiм не хаваюцца ў траве, сярод лiсцяў, а быццам высыпалi знарок, каб iх ўбачылi людзi. Ягадкi схiлiлiся долу, i адчувалася: у iх столькi духмянага соку, дакранiся — i ён адразу пырсне.

Узлесак доўгi i шырокi, i ўсюды — сунiцы, сунiцы!... Некаторыя “падышлi” да самых сосен. Велiчэзны жывы дыван  чырвонага i зялёнага колераў.

Сунiцы перабралiся праз вузкую сцежку, што ляжала памiж сасоннiкам i свежай высечкай, i размясцiлiся  тут. У густой шаўковай траве яны былi буйнейшыя, чым на сонцы.

Мы былi надзвычай здзiўленыя i зачараваныя такiм вiдовiшчам. У паветры стаяў лёгкi цудоўны водар. Даўно вядома, што ён найбольш духмяны менавiта ў сунiц. Мы пакаштавалi ягады на смак. Тыя, што на сонцы, асаблiва салодкiя, у траве — крыху кiславатыя. Але ж кожная растае ў роце.

Прызнацца, убачыўшы такое багацце, мы не толькi ўзрадавалiся, але крыху i разгубiлiся. Ягады трэба было збiраць: дзень-два, i яны пераспеюць. На гэты куточак можа натрапiць i хто-небудзь iншы, тады бывай наша сунiчнае шчасце. Але ж збор сунiц – нялёгкая праца, тым больш у такую спякоту. Да таго ж у нас былi толькi пластмасавыя вёдры, i збiраць у iх такiя далiкатныя ягады — значыць здзекавацца з iх, нi больш, нi менш. Словам, занятак не для нас, мужчын.

Рашэнне прымаем такое: зараз, не губляючы часу, вяртаемся дамоў. А заўтра я са сваёй жонкай (мой сябар быў не жанаты), яшчэ возьмем знаёмага дырэктара адной мiнскай школы (ён даўно просiць звазiць яго па ягады) — сюды...

Зразумейце, паважаныя чытачы, маё захапленне ўбачаным правiльна. Справа ў тым, што цяпер вельмi рэдка, амаль немагчыма натрапiць на такую сунiчную плантацыю, выпеставаную прыродай. Ды яшчэ ў лесе, якi прыкладна кiламетраў за 80 ад Мiнска. Ягады збiраюць, скажам, проста па-варварску, з выкарыстаннем розных механiчных прыстасаванняў, якiх мноства ў гаспадарчых магазiнах. Бяруць яшчэ зялёныя, абы першаму прывезцi на рынак. Ломяць слабенькiя кусцiкi, разбураюць падсцiлку. Нi сораму, нi сумлення. Мала хто думае, што пакiне тут пасля сябе, i як гэта пашкодзiць лясным жыхарам. Гора нашаму лесу ад нашэсця такiх сквапных людзей, у якiх адна мэта – больш узяць таго, што даецца дарэмна...

Словам, нялёгкая доля выпала сунiцам. Тым больш крыўдна за такiя нашы адносiны да  ягад, надзвычай карысных i патрэбных, пра што  з даўнiх часоў ведаюць вясковыя жыхары. I я добра памятаю, як пасля вайны, калi балоты, лугi i лясы вакол нашай вёскi яшчэ не адчулi на сабе вынiкаў непрадуманай мелiярацыi – колькi было ўсюды сунiц! Яны раслi на ўзлесках, пагорках, нават на лугах сярод невысокiх траў. Мы хадзiлi па ягады з кошыкамi, якiя я сплятаў з ачышчаных сасновых каранёў. Кошык атрымлiваўся — адна любата: лёгкi, беленькi, па-свайму светлы, ну, якраз для такiх далiкатных ягад як сунiцы. Мы iх не збiралi ранiцай, бо прамочаныя расой ягады раскiсалi, пакуль прынясеш дамоў. Прыходзiлi ў лес тады, калi сонца добра высушыць траву.

Вярталiся з лесу вясёлыя i задаволеныя — i сёння здорава пашчасцiла на сунiцы. Праўда, стома ламала спiну, ногi, бо збор сунiц пад гарачым сонцам, калi i горача, i некалькi гадзiн сагнуўшыся, —  ох, якi цяжкi занятак для дзяцей. Мацi гэта добра ведала, шкадавала нас i  рыхтавала, што б вы думалi, мо самую смачную страву ў маiм дзяцiнстве. Ставiла на стол мiскi, якраз кожнаму, сыпала ў iх духмяныя ягады, залiвала свежым малаком. Адразала па невялiчкай лустачцы хлеба. Ах, якi ласунак у тую галодную пасляваенную пару, калi мы яшчэ не ведалi, што такое цукеркi альбо пячэнне.

I так кожны раз на працягу сунiчнага сезона, калi мы прыносiлi з лесу поўныя кошыкi смачных ягад. Шмат iх мацi сушыла на зiму. Тады наша хата напаўнялася густым водарам, быццам хтосьцi разлiў нейкi цудоўны напiтак. А зiмою, на святы, мацi варыла кампот – з сухiх яблык, груш, слiў. I сыпала ў чыгунок жменю тых самых высушаных сунiц. Мы пiлi яго з незвычайнай асалодай i быццам вярталiся ў сваё лета.

Канешне, мы, дзецi, не ведалi тады, што ў сунiцах шмат розных вельмi патрэбных чалавеку вiтамiнаў, асаблiва С. Яшчэ вялiкая колькасць яблычнай, лiмоннай i iншых арганiчных кiслот. Жалеза, фосфар, медзь... Што гэтыя ягады карысны для людзей любога ўзросту, i асаблiва для дзецей – свежыя, з малаком, якраз такiя, якiя рыхтавала нам мацi. Што яны вельмi дапамагаюць пры мала-кроўi. Зноў жа, свежыя сунiцы прымяняюцца пры лячэннi атэрасклярозу, гiпертанii, язвы страўнiка, камянёў у печанi i нырках, падагры. А пры калiтах, гастрытах, бранхiальнай астме выкарыстоўваюць настой з высушаных сунiчных лiсточкаў. Дарослыя вяскоўцы высока цэняць лекавыя здольнасцi гэтых ягад, бо такое перадавалася з пакалення ў пакаленне.

...А зараз вернемся на тое самае месца, дзе нам так пашчасцiла на сунiцы. Мы прыехалi сюды на наступны день, аж упецярох. Збiралi ягады гадзiны чатыры, поўныя кошыкi паставiлi ў салоне машыны, каб ягадам лягчэй дыхалася.

Па дарозе дамоў прыпынiлiся ў нявялiкай вёсачцы, кiламетры за два ад таго самага месца. Ля калодзежа, каб прагнаць смагу халоднай вадзiцай. На лавачцы сядзела старая бабулька.

— Вы з лесу? — пытаецца. – I што там знайшлi?

— Вось паглядзiце, — хвалiмся i паказваем бабульцы поўныя кошыкi.

— Добрыя сунiцы, — кажа. – Мабыць назбiралi iх столькi на ўскрайку сасоннiку i на свежай высечцы?

— Ага, там.

— Ведаю гэтае месца. Там кожнае лета сунiц – бы хто насеяў. Можа, сам бог. I я, i многiя  нашы жанчыны хадзiлi туды па сунiцы. Цяпер не ходзiць нiхто, у старых няма сiлы, моладзь жа падалася ў горад, навошта ёй гэтыя ягады. А вы якраз паспелi, калi сунiцы ўпару налiлiся сокам. Ешце на здароўечка i прыязджайце зноў, сунiцы там будуць трымацца яшчэ дзён дзесяць. Ды толькi ж бярыцеся за кусцiкi далiкатна, не тапчыце мясцiнку нагамi, хадзiце асцярожна...

Мы паслухалi параду добрай бабулькi, прыязджалi туды па сунiы яшчэ некалькi разоў. I яны чакалi нас, паспелыя i набрынялыя салодкiм сокам.

Праязджаючы сёлета той дарогай, не вытрымалi — звярнулi да нашага знаёмага сасоннiку. I што ўбачылi? Узлесак быў вытаптаны, сляды ад кастроў, навокал раскiданыя бутэлькi, пластмасавыя пакеты, iншае смецце. Лясная падсцiлка разбурана, быццам тут шмат разоў прайшлiся жалезнымi граблямi, — ясна, шукалi лiсiчак. А сунiцы – дзе-нiдзе, на маленькiх лапiках, дробненькiя, выглядалi, здалося мне, неяк боязна.

I я зразумеў: вось i маё расстанне з добрай мясцiнай i сунiцамi. Пачалося ж яно тады, калi тут неахайна ступiла нага, перабралi ўсё сквапныя, загрэбiстыя рукi злога чалавека.

Мо хто скажа: ну i праблему закрануў аўтар. Такiх мясцiн  мноства на нашай зямлi. Згодзен, мноства. Як i лясоў, i пералескаў, вялiкiх i малых, азёр i рачулак. Гэта наша бясцэннае нацыянальнае багацце, падараванае прыродай, мы iм ганарымся i беражом. Але ж не трэба думаць, што яно бязмежнае ў наш час прагрэсу, надзвычай актыўнага i не  заўсёды разумнага ўмяшання чалавека ў прыроду. I ягадныя мясцiны ў нашых лясах не пашыраюцца.

I калi мы з-за нашай безадказнасцi страцiм нават адзiн такi цудоўны куточак лесу,  дзе так шчодра раслi сунiцы, альбо чарнiцы, альбо бруснiцы, значыць, станем бяднейшымi. На вялiкi жаль.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter