Спадзявацца на сябе злосныя беспрацоўныя, на жаль, не прывыклі

Сумны рэйд

Спадзявацца на сябе злосныя беспрацоўныя, на жаль, не прывыклі. Таму вырашаць іх праблемы дзяржаве прыйдзецца па прынцыпе: хочаце — дапаможам, не хочаце — усе роўна дапаможам. 


Менавiта з гэтай мэтай і прайшлi пасяджэнні пры саветах грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ва ўсіх раёнах Мінска. Дапамагчы «дамаседам» вызваліся мiлiцыянеры, дэпутаты, супрацоўнікі сацыяльных цэнтраў, прадстаўнікі добраахвотных дружын і нават патэнцыяльныя работадаўцы. Ці змяніўся пасля гэтых сходаў беспрацоўны стыль жыцця асобных грамадзян, ці ўзялі яны ногі ў рукі, каб хуценька знайсці вакантнае месца? Гэта мы i вырашылi праверыць у час рэйда з участковым інспектарам міліцыі Цэнтральнага РУУС Мінска Дзмітрыем Андалюкевічам. 

«На пасяджэнне пры нашым савеце ГПАП былі запрошаны восем беспрацоўных, — падлічвае Дзмітрый. — Большасць з іх — людзі нядобранадзейныя, не па чутках знаёмыя з крыміналам ды алкаголем. Дарэчы, двое з гэтай васьмёркі літаральна за тыдзень паспелі змяніць статус дармаедаў на пацыентаў лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Таму у нашым плане — шэсць адрасоў».

А вось і першы з iх. Дзверы адчыняе мужчына гадоў трыццаці. «Заўтра іду ўладкоўвацца грузчыкам», — паслухмяна ківае ён у адказ на галоўнае пытанне ўчастковага. Ніякіх папер, пацвярджаючых гэты факт, Максім не прадставіў, але заверыў, што сваё працоўнае месца ён знайшоў. Аказваецца, у гэтага маладога чалавека вялікая запазычанасць па аплаце аліментаў, таму першы час ён будзе атрымліваць толькі палову заробленага. Пачуўшы пах алкаголю, участковы задае другое пытанне, у адказ на якое хлопец адмоўна круціць галавой: «Не, ужо месяц, як завязаў…»

Крочым далей. Наш наступны субяседнік — дармаед са стажам. Мікалаю 50 гадоў. За сваё жыццё мужчына паўнацэнна рабіў, мусіць, толькі ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, куды пападаў цэлых пяць разоў. Мікалай мае асабісты пакой у старэнькай «двушцы», дзе мы яго і знаходзім. Мужчына па-гаспадарску сядзіць за сталом, багатым на хлеб ды кансервы. Наш візіт яго ніколькі не здзіўляе. Не спыняючы вячэру, ён сумленна прызнаецца, што пытаннем уладкавання на працу яшчэ не займаўся. Чаму? Забыў! Але заўтра ж пойдзе шукаць работу, бо шосты раз у ЛПП не хоча.

У адной кватэры з Мікалаем жыве і яго былая жонка. «Падкормліваю, — прызнаецца яна. — Бо калі ён галодны, пачынае лазіць па маім халадзільніку, правяраць каструлі. А гэта не вельмі прыемна. Увогуле ён не буйны, пераважна сядзіць у сваім пакоі. Нядаўна яго моцна пабіла кампанія маладых людзей. Апынуўся ў бальніцы, перажыў трэпанацыю. Я перыядычна наведвала яго. А калі Колю выпісалі, забрала дадому. А што рабіць? Прападзе ж…» Вось і яскравы прыклад асноўнай праблемы дармаедства: дзяржава бясплатна дапамагае чалавеку, які апошні раз плаціў падаткі ажно 25 гадоў таму. А між тым мужчына мае дзве даволі запатрабаваныя працоўныя спецыяльнасці: абутнік і газазваршчык.

Асцярожна, дзверы адчыняюцца, наступны прыпынак — змрочная «хрушчоўка» без электрычнасці. Яе адключылі за неаплату. Тут нас цікавіць маладая асоба Юля. Ніхто не ведае, чаму, але за апошнія два гады дзяўчына сур’ёзна «падсела» на алкаголь і, вядома, нідзе не працуе. І справа не ў тым, што яна не хоча, а проста няма той працы, якой яна марыць займацца. Напрыклад, Юля з радасцю пайшла б працаваць event-менеджарам альбо парламенцёрам — губа не дурная! Аднак прабачце, Юля, але ў такую прафесію не кожнага цвярозага возьмуць… Дарэчы, вернемся ў кватэру без электрычнасці. Нашай беспрацоўнай дзяўчыны няма дома. Дзе яна, ніхто не ведае: ні мама, ні мужчына, які гасцюе ў кватэры. У асобным пакойчыку ў цемры сядзіць бабуля, якую даглядаюць маці з дачкой. Праз некалькі хвілін заходзіць малады чалавек, прадстаўляецца новым знаёмым Юлі. Ён прынёс бабулі вячэру: паўбуханкі хлеба і пакет ячных круп. Дзе дзяўчына, таксама не кажа. Участковы цікавіцца, ці шукае яна працу. Станоўчага адказу ён так і не дачакаўся.

Наш наступны суразмоўца ўжо паспеў стаць «зоркай» тэлеэкрана: не так даўно ён засвяціўся ў кадры адной з праграм беларускага тэлебачання. Маці хлопца была вельмі незадаволеная, папярэджвае Дзмітрый Валер’евіч. І сапраўды, жанчына, якая адчыняе дзверы, прайсці ў кватэру не дазваляе, але сына кліча. Адносна афіцыйнага працаўладкавання малады чалавек выказваецца даволі канкрэтна: «Работу не шукаў і шукаць не буду. Вось надыдзе 1 студзеня, тады і пайду працаваць. Я законы і свае правы ведаю». Аказалася, хлопец па спецыяльнасці маляр-тынкоўшчык, і, хутчэй за ўсё, вакантнае месца ён знойдзе без асобага клопату. Тым больш што дармаедам яго і назваць нельга: чалавек працуе, толькі нелегальна — «шабашнічае», як у народзе кажуць. Дык чаму ж не ўзаконіць свой заработак з дапамогай індывідуальнага прадпрымальніцтва? Так, прыйдзецца плаціць падатак. Але гэта толькі адзін мінус. Затое з плюсаў — свабодны графік, адсутнасць начальства, спакойны сон, урэшце. 

Беспрацоўны Сяргей Васільевіч сустракае нас разам з матуляй і ветліва запрашае ўвайсці. Ці знайшоў работу? Не. Ён пакуль што дапамагае матулі. Яна дворнік, сама не спраўляецца, таму без сынавай дапамогі ніяк. Аднойчы Сяргея забралі ў лячэбна-працоўны прафілакторый, але зараз, зазначае ён, а маці пацвярджае, — ні-ні. «Вось прыбяром апалае лісце, тады ён пойдзе працаваць. Добра? — звяртаецца гаспадыня да ўчастковага. — А як жа? Я на сваіх плячах яго не пацягну. У мяне заробак невялікі». Дарэчы, свайго сына яна сярод дармаедаў не бачыць, бо ён вельмі працавіты. Заўсёды дапамагае дома, ды і грошы сам зарабляе, толькі неафіцыйна. «Вы такія малайцы, што застаўляеце працаваць гэтых дармаедаў! — шчыра звяртаецца эмацыянальная гаспадыня да нас. — Нарэшце яны перастануць займацца абы-чым».

Апошні адрасат нашага рэйда — мужчына 25 гадоў. Юнацкае глупства каштавала яму зняволення на некалькі гадоў. Апынуўшыся на волі, хлопец папаў пад нагляд праваахоўных органаў. Працуе ён шмат, працуе добра, але нелегальна. Кажа, што пасля турмы не можа знайсці добрае месца. «А цяпер вось і ў дармаеды запісалі», — роспач ад той сітуацыі, у якой апынуўся, бачыцца і ў позірку, і ў паводзінах хлопца…

На жаль, не спяшаюцца нашы беспрацоўныя заняць свае вакантныя месцы пад сонцам. Дарма, бо зараз, па меншай меры, ёсць выбар. Між тым у студзені, на які ўсе разлічваюць, прыйдзецца збіраць рэшткі, а яны ўжо будуць зусім не салодкія. 

Анастасія АМЯЛЮСІК

omelusia@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter