Сугучча сэрцаў і слоў

Да Нацыянальнай выставы-кірмашу Беларусі ў Туркменістане беларускі бок падрыхтаваў нямала важкіх медыйных праектаў
Да Нацыянальнай выставы-кірмашу Беларусі ў Туркменістане беларускі бок падрыхтаваў нямала важкіх медыйных праектаў. Адзін з іх — спецыяльны выпуск газеты “Літаратура і мастацтва”.


Журналіст і пісьменнік Алесь Карлюкевіч — госць Ашгабата
Фота: Іван Ждановіч


Беларускім літаратарам ёсць што расказаць пра даўнія беларуска-туркменскія творчыя сувязі. Шмат нашых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, перакладчыкаў спрычыніліся да біяграфіі Каракумскай старонкі. Згадаем некаторых: Аляксандр Ходзька, Барыс Мікуліч, Аркадзь Марціновіч, Віктар Шымук, Алег Лойка, Янка Сіпакоў, Васіль Ткачоў, Максім Танк… А “ЛіМ” доўжыць новую старонку ў той гісторыі. У газеце змешчаны новыя пераклады з паэзіі Бердыназара Худайназарава, Керыма Курбанняпесава, Атамурада Атабаева, Агагельды Аланазарава. Перакладчыкі — Мікола Мятліцкі, Юлія Алейчанка, Яна Явіч. Ірына Качаткова пераклала ўрывак з рамана Агагельды Аланазарава “Цюлень”. А які займальны сюжэт! Сышліся, пабраліся шлюбам туркмен-франтавік і нямецкая жанчына… А што далей? Як ішлі па жыцці, як прынялі на радзіме салдата яго абранніцу? Цікава чытаць раман. Магчыма, з часам ён поўнасцю прагучыць па-беларуску. Пакуль жа маем толькі ўрывак, пераўвасоблены Ірынай Качатковай. Дарэчы, гэта яе не першы перакладчыцкі зварот да туркменскай прозы: нядаўна “ЛіМ” і часопіс “Полымя” друкавалі яе пераклады з прозы маладой пісьменніцы Бягуль Анабаевай.

Дар’я Латышава ў тэксце “У пошуках ідэальнага чытача” расказвае, як Ашгабат, сённяшні дзень Туркменістана, знаёмства з традыцыямі старажытнай старонкі паўплывалі на творчы працэс Алеся Бадака: ягонае апавяданне “Ідэальны чытач” перакладзена ўжо на розныя мовы. Васіль Ткачоў, які жыў і працаваў у Ашгабаце ў 1973-80 гадах, згадвае свае стасункі з далёкім краем, імёны пісьменнікаў-сяброў Азата Рахманава, Атамурада Атабаева. Там і беларусы па нараджэнні, якія пісьменнікамі сталі ў Туркменістане: Мікалай Калінковіч, Міхась Карпенка.

І яшчэ вельмі цікавы факт. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваюцца рарытэты туркменскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: тканы мяшок турба і ўпрыгожанне на спіну вярблюду. Пра гэта — у артыкуле Марыі Войцік “Быць талісманам”. Вырабы з XIX стагоддзя: музейныя работнікі ведаюць, што такія ўзоры ткацтва здзяйснялі майстрыхі з плямёнаў салораў і ямудаў. “Зазірнём у Туркменістан” — сустрэча Алесі Лапіцкай з туркменскімі студэнтамі, якіх сёння ў Беларусі больш за 9 тысяч. Магчыма, якраз сённяшнія студэнты і выбудуюць новыя масты беларуска-туркменскага пабрацімства? І ў галіне літаратуры і мастацтва — таксама.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter