Суд

Хітры план: Як жонка прымусіла мужа сазнацца ў нявернасці

На дачным участку Сазончыкаў прыкметна выдзялялася адно пладовае дрэва — груша-бэра. Нібы царыца, красавалася яна, асабліва вабіла вока кожнага, хто праходзіў міма, у канцы лета, калі наліваліся сокам апетытныя жаўтабокія плады. Гэтае дрэва было не толькі высокае, але і з шырокай разлапістай кронай. І, што цікава, яно не пераставала расці, цягнулася і цягнулася ўгору, нібы за ім гналіся іншыя і яно баялася ўступіць першынство. Дык не ж, куртатыя яблыні і не думалі спаборнічаць з ім, жылі самі па сабе. Але як бы там ні было, а неяк увосень жонка паглядзела спярша на грушу, потым на Сазончыка і заявіла мужу ўладарна:

— Трэба абрэзаць галлё! Бачыш, колькі яго там непатрэбнага? Я б сама залезла, але…

Муж перапыніў жонку, адразу ж запярэчыў:

— Што ты! Што ты! Я сам, сам!..

— Хвалю за знаходлівасць!

Неўзабаве мужчына прынёс лесвіцу і нажоўку, яшчэ раз змерыў вачыма тыя галіны, якія нацэліўся спілаваць, і папрасіў кабету, каб трымала лесвіцу.

— Ды глядзі ж, каб не грымнуўся! — строга папярэдзіў Сазончык. — А то будзе сюрпрыз! У мае гады толькі і лазіць па дрэвах, па праўдзе кажучы…

Ён раптам спасаваў, неяк дужа ўжо жаласліва паглядзеў на жонку і прамармытаў:

— А можа, любая, пачакаем, калі Паўлік прыедзе? Колькі тут засталося ўжо да выхадных? Два дні якіх… А? Дзень туды, дзень сюды — што ён дасць?

Жонка, як заўсёды ў такіх выпадках, калі нешта было не па ёй, безнадзейна махнула рукой, адвярнулася, зрабіла выгляд, што сабралася пайсці ад гэтага дрэва прэч, і сказала тыя ж самыя, добра вядомыя мужу за доўгія гады сумеснага жыцця словы, якія мелі глыбокі сэнс:

— Я так і ведала!..

Муж вінавата схіліў галаву і скрыжаваў на грудзях рукі:

— Лезу, лезу, лезу!..

З крэктам, вохканнем і аханнем Сазончык нарэшце забраўся на дрэва, а жонка адразу ж прыбрала лесвіцу. Муж хоць і звярнуў на гэта ўвагу, але не прыдаў асаблівага значэння: прыбрала дык прыбрала, бяды тае, калі трэба — зноў прыставіць… Спахапіўся ж ён пазней, калі абрэзаў усе тыя галіны, на якія тыцкала пальцам, задраўшы галаву, жонка.

— Ну, станаві лесвіцу, буду злазіць, — задаволены тым, што выслужыўся перад жонкай ды і справу ж зрабіў карысную, муж паглядзеў уніз, на кабету.

На яго здзіўленне, тая і не думала гэтага рабіць.

— А пасядзі, галубчык, там, — нечакана для мужа прамовіла жонка. — Пасядзі, пасядзі.

— Хопіць жартаваць! Мне ж тут, на дрэве, нязручна! Ногі трымцяць ужо ад напружання. Ты чуеш, Маруся?

— Не, я не чую, я глухая!

 — Ды што з табой?!

— А ты вось сам падумай, што са мной… Маўчыш, а? Чаму насупіўся, як сыч? Вось што я табе скажу, даражэнькі: галінкі, канешне, мог абрэзаць і Паўлік, не ў іх справа. Мне важна было цябе заперці на гэтае дрэва. Цябе. Разумееш? І прыбраць лесвіцу. Бо, ведаю, без яе ты ніколі не злезеш з грушы. Таму адразу стаўлю пытанне рубам: як толькі прызнаешся, што твой сын расце ў суседкі па дачы, тады пастаўлю лесвіцу назад. Ну, гавары!.. Прызнавайся!..

Сазончык ніяк не чакаў такога павароту справы. Ён змерыў жонку зняважлівым позіркам, пашкроб за вухам, а потым паглядзеў на нажоўку, пакруціў яе ў руках, нібы стараўся знайсці ў той якую-небудзь загану.

— Ну, чаму маўчыш? — нагадала пра сябе жонка. — Дзе не трэба — ты герой, на першым плане, перадавік, а тут, гляньце вы на яго, язык праглынуў. Ай-я-яй! Падымі, падымі вочы на мяне, бабнік!

Жонка распалялася не на жарт, і, ведаючы яе прынцыповасць, Сазончык адчуў няладнае: давядзецца на дрэве і сапраўды сядзець, мусіць, доўга. Усё ж ён нарэшце адарваў позірк ад нажоўкі, глянуў на жонку. Тая прыняла ваяўнічы выгляд: стаяла рукі ў бокі, шырока расставіўшы ногі, на твары — сама недаступнасць. Куды б яе, гэтую нажоўку, падзець? Трэба, відаць, лёгенька скінуць на дол — ручкай да зямлі, каб не сапсаваць. Так і зрабіў. Гэта не прайшло міма жонкі, тая адразу ж заўважыла:

— Ну а цяпер давай сам услед! Давай, давай! Сігай! Іншага выйсця ў цябе, даражэнькі мой, няма!..

Канешне, няма. Хто б спрачаўся. Сазончык паглядзеў уніз, жонка і не думала сыходзіць з месца: стаяла як укопаная, у той жа позе. Ён цяжка ўздыхнуў і гаротна падумаў: «Вось папаўся дык папаўся! І навошта пагадзіўся я лезці на гэтую грушу? Ці не дурань, а? Мог бы даперці, што тут нешта нячыста. Але ўсе мы, мужыкі, мудрыя заднім розумам. Каб не гэтая хвароба ног, то як-небудзь споўз бы на зямлю. Скокнеш — калені зусім разваляцца, тады будзе бяды… Артрыт пракляты!»

Сазончык бачыў, як жонка схавалася за вуглом хлеўчука, і толькі цяпер звярнуў ён увагу, што адсюль, з вышыні, яна зусім дробненькая, нібы дзіця. «Затое гонару — уго!» Ён нарэшце падабраўся да самага тоўстага і гладкага сука, так-сяк сеў. Тым часам вярнулася з зэдлікам жонка, таксама села. Яна — вы толькі гляньце! — прыхапіла і сваю чарговую бліскучую кніжку пра каханне. Чытае! Як усё роўна ўлетку на поплаве: пасвіць куранятак, а заадно пачытвае і адным вокам сочыць за імі… Ну ці ж гэта не здзек?!

Сазончык паспрабаваў завязаць гамонку:

— Што там пішуць?

Жонка нібы і чакала гэтага:

— А пра такіх, як ты, і пішуць!..

— А-а, зразумела. Ну-ну. Дык што, мне так і сядзець?

— Я ж сказала, здаецца? Лесвіца нікуды не дзенецца. Стаіць вунь. Цябе чакае.

— Ды не мая работа, не мая! — пачаў апраўдвацца, як ужо некалькі разоў рабіў да гэтага, муж.

— Тады сядзі, калі не твая!

— Падай лесвіцу. Чуеш, любая? — узмаліўся Сазончык. — Не магу больш трываць тут, на грушцы. Звалюся. Табе што, аднаго пахавання мала?

Ён меў на ўвазе, што памерла нядаўна цешча. «А? А цяпер, між іншым, пахаваць чалавека — ого!..»

Жонка агрызнулася:

— Такога чалавека, як ты, пахаваем без асаблівых страт. Дошкі маюцца на гарышчы. Хлопцы за бутэльку ямку выкапаюць і апусцяць у яе. А плакаць я не буду. І не думай!.. Во, забылася: апранем цябе ў той касцюм, у якім ты на сваім заводзе гайкі закручваў у камбайнах. Большага ты не варты.

«Што ж прыдумаць? Як узяць яе, сваю кабету?»— маракаваў Сазончык, звесіўшы ногі і зрэдку боўтаючы імі, каб крыху не так зацякалі. А да жонкі сказаў:

— Ты ведаеш, што такое сямейная ідылія?

— Не загаворвай зубы! Толькі чыстасардэчнае прызнанне!..

— Гэта калі жонка кажа мужу: ідзі, даражэнькі, выпі сто грамаў. А муж: зараз, каханая, толькі падлогу дамыю…— і Сазончык зарагатаў, але жонку і гэта не праняло, хаця іншы раз, верыў, яна б абавязкова засмяялася, бо гумар разумела. — А хочаш, і я падлогу памыю? Не? Тыдзень мыць буду? Месяц? Увесь час — хочаш?

— Не загаворвай мне зубы. Ты ўвогуле нагадваеш мне варону з байкі Крылова… Можа, табе скрыль сыру вынесці?

— Ды пайшла ты!— Сазончык махнуў рукой і адвярнуўся.

Па небе плылі аблачынкі, збіраліся якраз над галавой Сазончыка ў адну вялікую чорную хмару, і ён не на жарт устрывожыўся: «Зараз лупане так, што жывога месца на табе не застанецца. А яна, бачце, пачытвае сабе. Ну і характар!» Сазончык не вытрымаў, крыкнуў:

— Мымра-а!..

Жонка нічога не сказала, толькі паглядзела на яго абыякавым позіркам, задрала галаву на неба, а потым заспяшалася — згарнула кнігу, устала, падхапіла зэдлік і знікла.

— Прапаў! — гукнуў услед Сазончык. — Як ёсць прапаў!..

І яму раптам падалося, быццам унутраны голас сказаў: «А ты прызнайся. Твой ці не твой дзіцёнак, а скажы: твой, і бяды тае. Хіба цяжка гэта? Скажы — і ты будзеш на зямлі на сваіх, хоць і хворых нагах. Што за праблема сказаць? Глядзіш, і жонцы лягчэй стане… Дагодзіш ёй… А шчыра калі, Сазончык… калі палажыўшы руку на сэрца: твая работа — сынок у суседкі па дачы? Твая, твая!.. Мне не пярэч, я ж ведаю, я ўсё бачу, даражэнькі мой. Не адмажашся. Мне можаш і не прызнавацца. А жонцы скажы. Што тут страшнага? Ты ж не ўкраў, урэшце рэшт, ты ж зрабіў добрую справу… Ашчаслівіў жанчыну — гэта першае, і даў жыццё чалавеку — гэта, брат, другое… Цябе расцалаваць трэба, а ты на дрэве сядзіш, пакутуеш… Крычы, крычы жонцы: ды я гэта, я!.. Ты ж шчаслівы чалавек, Сазончык!.. Яшчэ які шчаслівы!.. Проста ты пра гэта сам не ведаеш…»

Узняўся вецер, зашкуматаў грушу, і Сазончык мёртва абхапіў рукамі ствол. Потым сыпануў бы з вядра дождж. Мужчына раптам адчуў, што больш так не вытрымае — зваліцца на зямлю, грымнецца так, што застанецца ад яго адно мокрае месца. Усё ж паслухаўшыся ўнутранага голасу, Сазончык крычаў у той бок, дзе знікла жонка:

— Мая!.. Мая работа!.. Мая!.. Ты чуеш, Маруся?.. Мая работа!..

І тут Сазончык убачыў, як сынок суседкі прыставіў лесвіцу да грушы — і як дацягнуў толькі, зусім жа малы — і задраў на яго галаву, перад гэтым азірнуўшыся па баках, радасна сказаў:

— Злазьце, дзядзька!..

Сазончык і сам не помніць, як апынуўся на зямлі. Ногі моцна закляклі, і ён не адразу зрабіў крок, другі. Але яму хапіла адлегласці, каб прытуліць да сябе хлопчыка, пагладзіць яго па мокрай галаве і прашаптаць:

— Дзякуй, сынок… Вялікі расці…

І толькі калі ён павярнуўся ў бок сваёй хаты, убачыў жонку, якая стаяла пад дажджом і моўчкі глядзела на іх абодвух…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter