Стымул для новых адкрыццяў

У Гомелі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя фізікаў

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя фізікаў

Высокі сход вучоных, арганізаваны ўніверсітэтам і Беларускім фондам фундаментальных даследаванняў, праходзіў трэці раз і быў прысвечаны 85-гадоваму юбілею былога рэктара, выдатнага вучонага, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Барыса Бокуця.

Барыс Васільевіч, дарэчы, вядомы шырокаму колу айчынных і замежных вучоных не толькі сваімі доследамі, а і як актыўны змагар за незалежнасць рэспублікі. Ураджэнец Міншчыны, ён у шаснаццаць гадоў стаў на шлях барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі: спачатку як падпольшчык і партызан, затым — у дзеючых часцях Чырвонай арміі. У жніўні 1944-га быў цяжка паранены. Пасля вызвалення Беларусі закончыў школу, затым — фізіка-матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, аспірантуру. Пасля абароны дысертацыі працягваў навуковую дзейнасць у Інстытуце фізікі і матэматыкі АН БССР, дзе сур’ёзна займаўся стварэннем лагічна замкнёнай тэорыі распаўсюджвання электрамагнітных хваляў у аптычна актыўным асяроддзі. Шырокую вядомасць і прызнанне атрымаў яго новы эфектыўны спосаб пераўтварэння частаты святла крышталікамі. Гэта даследаванне, па сутнасці, стала асновай будучай доктарскай дысертацыі. Але найбольш поўна талент арганізатара, чалавека і вучонага Бокуця раскрыўся падчас працы рэктарам Гомельскага дзяржуніверсітэта.

— Барыс Васільевіч стаяў ля вытокаў станаўлення нашага ўніверсітэта. Ён амаль шаснаццаць гадоў кіраваў тут, за гэты адносна невялікі тэрмін ператварыўшы яго ў перадавую ВНУ краіны, — сведчыць сённяшні рэктар ГДУ імя Скарыны Аляксандр Рагачоў. — Менавіта Бокуць заклаў навуковыя традыцыі нашай навучальнай установы, узняў на належны ўзровень матэрыяльна-тэхнічную базу…

...Тэма міжнароднай канферэнцыі — «Праблемы ўзаемадзеяння выпраменьвання з рэчывам» — абрана невыпадкова. У свой час пад кіраўніцтвам Барыса Бокуця былі разгорнуты фундаментальныя навуковыя даследаванні ў галіне нелінейнай оптыкі і квантавай электронікі, гэтыя распрацоўкі набылі міжнароднае прызнанне і сталі прадметам узаемадзеяння навуковых колаў розных краін. Пацвярджэнне — удзел у навуковым форуме каля 200 вучоных з больш за 20 навукова-даследчых інстытутаў і ВНУ блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Германіі, Швецыі, Францыі, Кітая, Фінляндыі…

— На канферэнцыі я прадставіў даклад па праблеме лазерна-свабодных электронаў, — адзначае прафесар, акадэмік Шведскай каралеўскай акадэміі навук Мац Ларсан. — Гэта вынік сумеснай працы навуковых колаў Мінска, Гомеля, Харкава и Стакгольма. Мы плануем працягваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы і ў іншых
кірунках…

Між тым не толькі падзяліцца дасягнутым мелі на мэце ўдзельнікі мерапрыемства ў Гомелі, але і вызначыць з калегамі і мясцовымі ўладамі перспектывы далейшага супрацоўніцтва. Вось што, напрыклад, сказаў на гэты конт старшыня навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў акадэмік НАН Беларусі, прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Валянцін Арловіч:

— Мы хацелі б дамовіцца з Гомельскім аблвыканкамам (і, здаецца, гэта ў нас атрымліваецца), каб арганізаваць тут конкурсы вучоных Гомельшчыны па навуковай праблематыцы, найбольш важнай для рэгіёна, з адпаведным парытэтным фінансаваннем гэтай навуковай дзейнасці.

У цэлым трохдзённыя кантакты ўдзельнікаў форуму фізікаў, усталяваныя тут знаёмствы, па агульным меркаванні, стануць стымулам для новых навуковых адкрыццяў. На такі вынік, прынамсі, і рабілі галоўную стаўку арганізатары навуковага сходу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter