Стваральнiк цуда "вышэй за пiрамiды"

Гляджу на карту Усходняй Сібіры. Вось ён, багаты і суровы край, Якуція. Край “полюса холада” і вечнай мерзлаты, куды нядаўна накіравалася нацыянальная экспедыцыя “Палярнае кальцо”. Сярод пакарыцеляў Арктыкі было і нямала нашых суайчыннікаў, якія пакінулі пасля сябе добрыя справы. Сярод іх — Эдуард Пякарскі, магілу якога наведалі беларускія палярнікі ў час папярэдняй экспедыцыі. У пачатку лістапада 1881 года ў Якуцк з чарговай партыяй ссыльных прыбыў 23-гадовы Эдуард Пякарскі. Людзі, што разам з ім звінелі кандаламі па этапу, ведалі, што ён нашчадак небагатага шляхціца з Мінскай губерні, асуджаны за ўдзел у народавольскім гуртку “Зямля і воля”. Гэту рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю на той час добра ведалі. Прайшло ўжо некалькі судовых працэсаў над яе ўдзельнікамі. І многія асуджаныя народнікі знаходзіліся ў Якуціі. Тут таксама адбывалі ссылку пісьменнікі Мікалай Чарнышэўскі і Уладзімір Караленка. Эдуард Пякарскі па першаму прысуду атрымаў 15 гадоў катаргі на рудніках, але потым пакаранне замянілі на высылку. Жыццё не песціла яго з малых гадоў – рос без маці, якая рана памерла. Можа, ранняя загартоўка і дапамагла яму выжыць тут, у ссылцы. Дапамаглі i мясцовыя жыхары – якуты. “Каб не якуты, я памёр бы з голаду”. Сам жа ён таксама стараўся дапамагчы ім чым мог. Праз нейкі час пра яго ўжо гаварылі: “Ён для багацеяў як смерць, а для нас — як Бог”. Эдуард Карлавіч як народны адвакат беднякоў складаў прашэнні, даваў парады. Расказвалі, што любая справа, за якую ён браўся, завяршалася на карысць бедняка-якута. На зямельным участку, што выдзелілі Пякарскаму для пасялення, ён вырошчваў добрыя ўраджаі агародніны, бульбы, зерня, якія потым у значнай колькасці раздаваў. Завёў і хатнюю жывёлу. Зразумела, гэта патрабавала значных намаганняў. А яшчэ трэба было ведаць мову: наперадзе ж шмат гадоў ссылкі. І ён не проста вывучыў цяжкую і непрывычную для славяніна мову, а вывучыў дасканала. Хто б з яго аднаклас-нікаў па Мінскай ці Мазырскай гімназіi паверыў, што Эдуард заняўся не матэматыкай, да якой меў здольнасці, а мовай малавядомага народа. А ён не расставаўся з алоўкам і сшыткам: запісваў значэнне слоў, этнаграфічныя звесткі, вераванні, звычаі, паданні. А начамі сістэматызаваў, складаў картатэку. Асабліва захапляла вусная народная творчасць. І часта прыгадваўся пачуты ў гады дзяцінства і юнацтва на Палессі беларускі фальклор. А тут яго найбольш зацікавіў незвычайны жанр – гераічны эпас аланхо. Пякарскаму пашанцавала: менавіта тыя мясціны каля пасёлка Ігідзейка, дзе жыў, здаўна славіліся традыцыямі ў складанні эпасу, таленавітымі казачнікамі- аланхосутамі. Аланхо для якута – і паэзія, і песня, і вельмі дзейсны і аўтарытэтны сродак адукацыі і выхавання. У ім легендарная гісторыя народа, захапляючы расказ пра народных герояў. Аланхосуты запамінаюць ве-лізарныя па аб’ёму тэксты, па-майстэрску валодаюць песеннай тэхнікай. Спеў-пераказ працягваецца некалькі гадзін. Не меншым майстэрствам трэба было валодаць, каб дакладна запісаць тэкст, апрацаваць яго, перакласці і растлумачыць кожнае слова. А запісваць даводзілася ад таленавітага, але непісьменнага выканаўцы. Праца Пякарскага здаецца фантастычнай. Але ў 1898 го-дзе выйшаў першы выпуск яго “Слоўніка якуцкай мовы”. Матэрыяльна дапамог вядомы золатапрамысловец і даследчык Сібіры Аляксандр Сібіракоў. Тым часам тэрмін ссылкі ў Пякарскага закончыўся і можна было думаць аб вяртанні. Але ён прымае іншае рашэнне: працягваць работу над “Слоўнікам”. З пісьма да бацькі: “Нельга кінуць работу, якой аддадзена трынаццаць гадоў лепшай пары жыцця”. Вельмі паказальныя словы для характарыстыкі Пякарскага: назваць гады ссылкі “лепшай парой жыцця” і па сваёй волі заставацца тут дзеля добрай справы. Праўда, у Пякарскага ўжо мелася сур’ёзная падтрымка: шмат сяброў і сям’я. Ён ажа-ніўся з дзяўчынай з простай якуцкай сям’і. Акрамя складання “Слоўніка”, Пякарскі займаўся і іншымі пытаннямі па вывучэнні гісторыі, энтаграфіі, статыстыкі Якуціі. Вельмі многа ўвагі надаваў адукацыі якутаў, арга-нізацыі школ. Пакіне ён Якуцію толькі ў 1905 годзе, пражыўшы тут амаль чвэрць стагоддзя. Па-кіне, каб па запрашэнні Акадэміі навук пераехаць у Пецярбург і там працягваць работу над “Слоўнікам” ды над іншымі праблемамі сібірскага краю. Мэты, як заўсёды, ставіў з вышэйшымі да сябе патрабаваннямі. Таму ледзь выкраіў час, каб наведаць родную зямлю, Беларусь. Марыў калі-небудзь пасяліцца ў мястэчку Барбараў на Палессі, дзе жыў у юнацкія гады. Але “Слоўнік” не адпускаў: “Мне цяжка адрывацца нават на перапіску з сябрамі”. Нарэшце ў 1926 годзе гэта яго эпапея, яго гераічны эпас быў у асноўным закончаны. 60 000 слоў... Работа пад сілу толькі вялікаму калектыву. Падзея была адзначана не толькі ў СССР, але і ў іншых краінах, дзе распаўсюджаны цюркскія мовы. Пякарскага называлі вучоным сусветнага ўзроўню. Акадэмія навук СССР абрала яго сваім ганаровым членам. А ў Якуціі ён ушаноўваўся як нацыянальны герой. Беларуса назвалі “бацькам якуцкай літаратуры”, стваральнікам цуда “вышэй за піраміды”. І наўрад ці было тут перабольшанне.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter