Стужкі-вышыванкі – сімвал Радзімы

Зусім нядаўна то тут, то там у нашым горадзе пачалі з’яўляцца стужачкі-вы­шы­­ванкі з беларускім арнаментам
Зусім нядаўна то тут, то там у нашым горадзе пачалі з’яўляцца стужачкі-вы­шы­­ванкі з беларускім арнаментам. То іх можна ўбачыць павязанымі на запясцях моладзі, то на антэнах аўтамабіляў, у дзяўчат яны заплеценыя ў косы, некаторыя смалевічане ўпрыгожваюць імі свае рабочыя месцы.


Так моладзь нашага горада падтрымала прапанову грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспублі­канскі саюз моладзі» прыняць удзел у фотаконкурсе на лепшы здымак з выкарыстаннем стужкі-вышыванкі. Але смалявіцкая моладзь чарговы раз даказала сваю крэатыўнасть і пачала сапраўдную эстафету перадачы такой стужачкі сваім сябрам. Сёння акцыю ўжо падтрымалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Смалявіцкага райвыканкама, наперадзе – работнікі чыгункі, праваахоўных органаў, адукацыі, культуры, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі. Яны, маладыя і актыў­-ныя, самі праяўляюць ініцыятыву насіць вышыванкі кожны дзень, дзяліцца імі з сябрамі.

Яны паказваюць усім нам, як важна захоўваць традыцыі, не саромецца праяўляць свае пачуцці на людзях, дзяліцца любоўю да сваёй Радзімы  з суайчыннікамі. Бо толькі так можна быць упэўненымі, што Беларусь будзе жыць і квітнець! Пакуль у кожным з нас, а галоўнае, у падрастаючага пакалення і сучаснай моладзі, у сэрцы будзе памяць аб нашым гістарычным мінулым, пакуль яны будуць помніць пра тых, хто сваё жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны аддаў дзеля нашага светлага будучага, пакуль будуць браць прыклад з тых, хто сёння, самааддана працуючы ў полі, на заводзе, у іншых сферах дзейнасці, не шкадуючы сіл, клапоціцца аб дабрабыце нашай краіны, Беларусь будзе не проста жыць, яна будзе развівацца, прыгажэць і квітнець!

Добрыя справы заўсёды знойдуць водгук у сэрцах людзей. Моладзь зрабіла крок наперад, паказваючы свае адносіны да краіны, грамадзян. Чарговы раз, павязваючы на руку стужачку-вышыванку з беларускім арнаментам, яна дэманструе свае пачуцці і заклікае ўсіх нас аб’яднацца і паказаць нашу вернасць Айчыне. Бо калі мы разам,  нам многае пад сілу. Толькі трэба памятаць, што кожны з нас сваімі добрымі ўчынкамі, самаадданай працай, любоўю да Радзімы зможа ўнесці ўласны штрышок у агульны ўзор вышыванкі, у якім сабраны надзеі і мары пра светлае будучае, а таксама вопыт і дасягненні продкаў.

Скептыкі могуць запярэчыць, што стужачкі-вышыванкі проста часовае захапленне. Аднак з імі можна паспрачацца. Сёння ўсё больш людзей набываюць адзенне з беларускім арнаментам, ганарацца культурнай спадчынай, працягваюць народныя традыцыі і абрады. Нацыянальны ўзор прысутнічае на нашым дзяржаўным сцягу. Дарэчы, Беларусь – першая краіна ў свеце, дзе арнамент выкарыстоўваецца ў якасці элемента дзяржаўнага сцяга. А чаго каштуе ўбачыць палатно самага вялікага сцяга краіны! Ён развяваецца на вышыні сямідзесяці метраў на самым знакавым месцы, якое ўвасабляе нашу дзяржаўнасць, – на плошчы Дзяржаўнага сцяга. І толькі ўявіце, памер арнамента на ім – каля дзесяці квадратных метраў. Побач – Палац Незалежнасці, архітэктура якога таксама вызначаецца нацыянальным каларытам. Пяшчотныя сэрцу ўзоры ўпрыгожваюць і шкляны фасад. Нават галоўная елка краіны на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы ў 2014 годзе была аздоблена ў нацыянальным стылі.

Не так важна, дзе прысутнічае беларускі арнамент: на будынках,  адзенні, стужачках, павязаных на руках. Калі ён ёсць, калі ён падабаецца, калі ім упрыгожваюць, гэта азначае толькі адно: мы любім сваю Бацькаўшчыну, памятаем сваю гісторыю, паважаем традыцыі, а галоўнае – ганарымся, што мы – беларусы, а значыць, наша краіна будзе і надалей квітнець і мацнець.

Автор публикации: Наталля ТЫШКОЎСКАЯ, карэспандэнт газеты «Край Смалявiцкi» i праграмы радыёвяшчання «Смалявічы»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter